Сёньня кандыдат у дэпутаты Жодзінскага гарадзкога савету па Новай выбарчай акрузе № 34, сябра АГП Аляксандар Ваўчанін перадаў у выбарчую камісію ўсе неабходныя дакумэнты для рэгістрацыі яго кандыдатам у дэпутаты.
У размове са “Свабодай” прэтэндэнт на дэпутацкі мандат распавёў:
“Для рэгістрацыі неабходна перадаць ня менш за 75 подпісаў выбарцаў. А наша ініцыятыўная група сабрала іх аж 500. Я сам абышоў нямала кватэр. Па-першае, хацелася, каб выбарцы пазнаёміліся са мною як з патэнцыйным кандыдатам ужо цяпер. Па-другое, пачуць, што іх турбуе. А праблемы ў нас такія — будаўніцтва школы, дзіцячага садка, падземнага пераходу. Гэта якраз тое, чым і павінны займацца рэгіянальныя дэпутаты”.
Аляксандар Ваўчанін таксама сказаў, што сёлета нідзе не адмовіліся падпісаць яго выбарчыя лісты, хаця ён і не хаваў сваіх крытычных поглядаў наконт шмат якіх дзеяньняў уладаў. Патэнцыйны кандыдат у дэпутаты сказаў, што яго група будзе і далей працягваць зьбіраць подпісы выбарцаў.
Сёньня ж ініцыятыўная група Аляксандра Ваўчаніна перадала дакумэнты і на патэнцыйных кандыдатаў ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі ў склад участковай выбарчай камісіі.