Сэрца

Чым даўжэй жывеш, тым менш маеш сяброў і тым больш цікавыя людзі цябе атачаюць. Колькасьць пераходзіць у якасьць; непатрэбныя клеткі адміраюць, нейкі сонечны вітамін даверу ўжо не засвойваецца арганізмам. Моладзь выклікае раздражненьне і злосьць, аднагодкі часьцей за ўсё – проста позех. Застаюцца дзеці, зь якімі ніколі ня сумна, і тыя, хто старэйшы за цябе – толькі іх і можна яшчэ слухаць, седзячы ва ўтульным паўзмроку і пагладжваючы свой адрослы панцыр, на якім не бывае ні ранаў, ні эрагенных зон. Бо толькі старэйшыя за цябе ведаюць нешта такое, што сапраўды варта ведаць.
Вэнэцыянскаму прафэсару-урбаністу Леанарда Джэнтыле ўжо за семдзесят. Неяк ён запрасіў нас да сябе, у сваю кватэру на Рыё Тэра Фаскарыні, недалёка ад Акадэміі. Пакуль абаяльны і іранічны гаспадар завіхаўся на кухні, а мае жонка з дачкою яму маральна дапамагалі, я блукаў па кватэры прафэсара, разглядваў кнігі і старыя мапы і натрапіў на шасьцёрку зграбных люлек, уладкаваных на драўлянай падстаўцы. Пажаўцелыя муштукі цьмяна паблісквалі, нібы старыя вайсковыя мэдалі, нібы полымя каралевы Лоаны.

“Леанарда, вы курыце люльку?” – спытаў я, сам неабыякавы да гэтых цацак.

“Раней курыў,” – адказаў прафэсар. – “Ужо дваццаць гадоў як кінуў. Дактары забаранілі. Курыў, калі меў сваё сэрца. Цяпер у мяне штучнае”.

Так я ўпершыню ўбачыў чалавека са штучным сэрцам. Ягоны горад стаяў на вадзе, і Леанарда Джэнтыле таксама жыў, як горад на вадзе – абвяргаючы законы прыроды, бо чалавек, у якога спынілася сэрца, паводле задумы быў асуджаны прыродай на сьмерць. Леанарда ведаў пра Вэнэцыю ЎСЁ, і пра жыцьцё і сьмерць ён, я мяркую, таксама ведаў УСЁ. Ён еў спагеці, запіваў іх віном, жартаваў і роўна а восьмай паклаў сабе ў рот некалькі пігулак. Штучнае сэрца прыдзірлівае, штучнае сэрца пунктуальнае. Штучнае сэрца ўсяму ведае кошт.

“На трыццаць сёмым годзе жыцьця Артур Пепа адчуў, што ў яго бывае сэрца,” – гэты сказ з раману Андруховіча “Дванаццаць абручоў” падаецца мне ледзьве не геніяльным. Чалавек нараджаецца бяз сэрца,
Чалавек нараджаецца бяз сэрца.
потым яно ў яго бывае; затым яно проста і бязьлітасна ёсьць. Я амаль ня памятаю сябе да сямі гадоў, і нават тое, што памятаю, з году ў год усё больш ператвараецца ў нейкую фікцыю, здаецца, што ты ўсё прыдумаў – але гісторыю з завадным мядзьведзем памятаю досыць выразна.

Мне было гады тры-чатыры, я сядзеў на падлозе, адзін у вялікім пакоі і гуляў. Я гуляў з маленькім завадным мядзьведзем – трэба было пакруціць ключык, і драўляны мядзьведзь пачынаў разьмерана біць малатком па мэталічнай калодзе. Заводзіць мядзьведзя было складана, але я ўпарта прымушаў яго працаваць, раз за разам заводзячы цацку, і ён усё біў і біў па сваёй калодзе, тук-тук, тук-тук-тук, нягучна, але рытмічна. Ці то празь дзіўную мэдытатыўнасьць гэтага занятку, ці то празь вялікага сонечнага зайца, які паволі поўз па дыване перада мной і за якім зачаравана сачылі мае вочы, але я паступова ўвайшоў у нейкі сонны, летуценны стан, мае вочы амаль заплюшчыліся, а рукі, быццам бы незалежна ад майго жаданьня, працягвалі заводзіць цацку: тук-тук-тук. Потым я, здаецца, зусім заснуў, а калі прачнуўся, мядзьведзя побач ужо не было. Яго шукалі ўсёй сям’ёй, я плакаў і крычаў ад роспачы, патрабуючы яго вярнуць, але ён зьнік, мой мядзьведзь. І толькі ўначы, калі ў кватэры ўсё сьціхла, я зноў пачуў у сваіх грудзёх: тук-тук, тук-тук-тук… З таго часу я маю сэрца, і калі мне кепска, яно баліць, і тады я зачыняюся ў пустым пакоі бяз вокнаў і слухаю, як грукае па калодзе мой драўляны мядзьведзь.

Henry Gray (1825–1861). Anatomy of the Human Body. 1918.

Сэрца і розум прынята супрацьпастаўляць. Сэрца ў міталёгіі – той орган, які адказвае за пачуцьці, за эмоцыі, за некантраляванае, за міжвольнае. За ўсё, што мы робім почасту насуперак разважліваму, мэркантыльнаму і халоднаму розуму. Сэрца часта перамагае ў гэтым змаганьні. І ня толькі ў мэтафарычным сэнсе – бо нават калі мозг чалавека адключаецца, сэрца можа жыць яшчэ доўга, калі стварыць яму ўмовы, падсілкоўваць ягоную энэргію.
Калі мне кепска, яно баліць.
Сэрца адыгрывае найважнейшыя ролі там, дзе вядзецца пра так званыя “сардэчныя” справы, у каханьні і ў нянавісьці, у нашых стасунках з тымі, з кім нам наканавана жыць побач. Як вядома, сэрца важыць прыкладна трыста грамаў – невялікая частка ад агульнае масы цела, але адна з галоўных, што ні кажы. Такая ўвага да сэрца ўзьнікла таму, што яно заўжды мела сымбалічнае значэньне цэнтра, сярэдзіны. Сэрца, згодна з рознымі рэлігіямі і вераваньнямі – паклад ня толькі пачуцьцяў, але і волі, мудрасьці, інтуіцыі, духоўнасьці, месца, празь якое чалавек ажыцьцяўляе кантакты з найвышэйшымі сіламі, сэрца – прыймач, які настроены на хвалі радыё “Абсалют”.

Прымхлівы, схільны да паэзіі чалавек надзяліў сэрца і функцыямі найсправядлівейшага судзьдзі. Судзьдзі зь неаспрэчным аўтарытэтам: “сэрцу не загадаеш”, “як на сэрца ляжа, так і будзе”, толькі гэты орган вырашае, “хто нам па сэрцы”. Старажытныя эгіпцяне клалі ў прэпараваную мумію сэрца, а на яго – жука-скарабэя, сэрца са скарабэем было істотным доказам на судзе мёртвых. У казцы Гаўфа “Халоднае сэрца” Тоўсты Эцэхіль кажа Пэтэру Мунку: “Я спытаў аднаго настаўніка, і ён патлумачыў, што пасьля сьмерці нашыя сэрцы будуць важыць адпаведна нашым грахам. Лёгкія падымуцца ўверх, цяжкія праваляцца празь зямлю…” Тоўсты Эцэхіль трапіў у пекла.

Нячысьцік заўжды хацеў пазбавіць чалавека або ценю, або душы- сэрца – бо ведаў, што толькі гэтая ўласнасьць дазваляе яму быць сваім сярод іншых людзей, а зусім ня розум. Асоба бяз душы, сэрца і ценю выганяецца за межы соцыюму, ацэньваецца паводле іншых крытэраў, як чужы, як зло, як здраднік. Расеец, які апынаецца за мяжой і сустракае там беларуса, прагне ад яго “задушэўнае” размовы на “вялікім і магучым”, і калі натыкаецца на адмову, то крыўдзіцца, нібыта беларус прадаў сэрца “заходняму” д’яблу.
Крыстыян Крог, "Хворая дзяўчына", 1881

І Гётэ, і Гаўф, і Шамісо, і Томас Ман узялі для стварэньня сваіх шэдэўраў адвечны канфлікт, які апісаны ў сотнях нацыянальных міталёгіяў сьвету, але бліжэй за ўсё для іх і для нас было распыленае па мностве легендаў сярэднявечнае нямецкае маралітэ пра зьдзелку чалавека і д’ябла, адкуль і пайшла эўрапейская традыцыя твораў кшталту “Фаўста”.
Усе сэрцы гэтага сьвету зьлітыя ў адзін сэрцанэт.
Літаратурным канцом яе можна лічыць казку “Тры таўстуны” савецкага пісьменьніка Алешы, дзе трыюмвірат тупых ненажэраў паспрабаваў ужывіць прынцу Туці жалезнае сэрца. Ні сам Алеша, ні НКУС, відаць, так і не здагадаліся, якой антысавецкай казкай выглядалі напісаныя ў 1928 годзе “Тры таўстуны” трошкі пазьней, у час, калі гіт-парад узначальвала песьня са словамі: “Нам Сталін дал стальные рукі-крылья, вместо сердца – пламенный мотор!”

Сэрца можа выконваць і трохі іншую ролю ў праўнай сыстэме – ня толькі судзьдзі, але і сьледчага, які выводзіць грэшнага чалавека на чыстую ваду, прымушаючы зрабіць чыстасардэчнае прызнаньне. Такое сэрца – галоўны герой аднаго з найлепшых кароткіх апавяданьняў По: “The tell-tale heart”. Сэрца – увасобленае ў анатамічным выглядзе сумленьне, яно адразу ж прымушае чалавека пакутаваць, варта яму адступіць ад запаветаў, і няважна, чыё гэта сэрца – тваё ці чужое. Усе сэрцы гэтага сьвету зьлітыя ў адзін сэрцанэт, і боль у адным часта прымушае хварэць іншыя, у якім бы кутку зямлі ні знаходзілася тое, балеснае.

У “Халодным сэрцы” мяне больш за ўсё ўражвае камора-лябараторыя, дзе Міхель захоўваў сэрцы тых, хто пагадзіўся правярнуць зь ім “маленькі бізнэс”. Сэрцы булькочуць у колбах, і на кожнай цэтлік зь іменем і датай, гатычным шрыфтам. На поясе Міхеля, апранутага ў белы халат, пазвоньваюць ключы. Міхель быў першы, хто наважыўся на трансплянтацыю такога важнага органа. Толькі ён, зь ягонымі сувязямі на тым сьвеце, мог узяцца за тое, што не ўваходзіла ў божыя пляны. Ня дзіва, што ён ня меў павагі да звычайных мэдыкаў, якія і ў той час падумаць не маглі пра магчымасьць такое апэрацыі. Калі ты даверыш апэрацыю спадару хірургу, кажа ён са сьмехам Пэтэру Мунку, то, вядома ж, памрэш. Іншая справа – я, з маёй клінікай, з маім абсталяваньнем проста з Амстэрдаму.

Калісьці маё сэрца спыніцца, драўляны мядзьведзь зломіць урэшце свой малаток. Будзеце даставаць, спадар хірург, – не забудзьце ключык. Раптам прыдасца.