Міхась Геніюш: “З Ларысай Геніюш я ліставаўся да апошніх яе дзён”

Міхась Геніюш<br>&nbsp;

Зэльвенскую хату сваёй знакамітай бабулі ён&nbsp;памятае да&nbsp;драбніцаў, як&nbsp;і&nbsp;яе&nbsp;жыцьцёвыя наказы. Гэта для яго яна напісала цэлую кніжку дзіцячых вершаў пад назвай &laquo;Казкі для Міхаські&raquo;. Ад&nbsp;Зэльвы да&nbsp;Беластока ня&nbsp;так і&nbsp;далёка, але за&nbsp;савецкім часам паміж імі пралягала амаль непераадольная мяжа... У&nbsp;Год Ларысы Геніюш мы&nbsp;гутарым зь&nbsp;яе&nbsp;ўнукам Міхасём Геніюшам, які жыве ў&nbsp;Беластоку.

Міхась Скобла: «Міхась, наколькі я ведаю, ты нарадзіўся ў Зэльве. Якім табе запомнілася гэтае мястэчка?»


Міхась Геніюш: «Зэльва з маіх дзіцячых часоў — гэта самае шчасьлівае месца, якое я памятаю. Я жыў там да чацьвёртага году свайго жыцьця. Памятаецца, што там было вельмі прыемна, што атачалі мяне вельмі добрыя людзі. Заўсёды, калі мне кепска ў жыцьці, я вяртаюся сваімі думкамі да тых даўніх ужо часоў. Часамі здараецца, калі я сплю, мне сьніцца, што я хаджу па зэльвенскай хаце, у якой правёў свае дзіцячыя гады, і сустракаю там усіх самых блізкіх мне людзей, якіх ужо няма сярод жывых».


Скобла: «Што ў той хаце кідалася ў вочы, што знаходзілася на самым відным месцы?»


Геніюш: «На самым відным месцы ў той хаце былі кніжкі. Але самае памятнае для мяне — гэта Ларыса Геніюш, якая напаўняла хату сваёй дабрынёй. Хата была вельмі ўтульная і вельмі цёплая. Кніжкі там былі на ўсіх сьценках ва ўсіх пакоях, яны стаялі на паліцах — ад падлогі да столі, ляжалі на сталах, на крэслах і нават на падлозе — кніжак было ўсюды поўна.

На сьценах віселі абразы Кастуся Каліноўскага, Францішка Скарыны і старыя дываны..
На сьценах віселі абразы Кастуся Каліноўскага, Францішка Скарыны і старыя дываны. На покуці ў пакоі, дзе спала мая бабуля, вісеў сьвяты абраз. Уся хата была напоўненая добрым духам маёй бабулі, там была добрая атмасфэра, там добра спалася, добра думалася, там можна было добра працаваць. У пакоі, дзе жыла бабуля, стаяла пішучая машынка, каля якой заўсёды ляжаў стосік паперы, і заўсёды аркуш паперы быў укручаны ў машынку, і на ім віднеўся распачаты верш або ліст. Мая бабуля была вельмі добрай кухаркай, і таму ўсюды было прыхавана вельмі многа розных смакоцьцяў, якія я любіў. І калі мне прыходзіла ў галаву штосьці зьесьці ці нечым паласавацца, яна заўсёды вычароўвала невядома адкуль той ласунак. Прызнаюся, я любіў розныя прысмакі, якіх па тым часе цяжка было купіць у крамах. Нават ня ведаю, адкуль Ларыса Антонаўна даставала, напрыклад, згушчанае малако ці сухую вяндліну, смаку якой я не магу забыцца да гэтага часу. Я ў маленстве яе настолькі палюбіў, што і цяпер, будучы дарослым чалавекам, шукаю такую вяндліну, прашу людзей на вёсках, каб зрабілі мне такую».

Міхась Скобла
Скобла: «Сёння зэльвенская хата Ларысы Геніюш належыць беларускай дзяржаве і знаходзіцца ў даволі занядбаным стане, хоць у ёй і жывуць людзі. Як хата трапіла ў дзяржаўную ўласнасьць?»

Геніюш: «Пасьля сьмерці Ларысы Антонаўны, калі праз пэўны час трэба было вырашаць справы зь яе спадчынай, мы тры-чатыры гады не маглі нічога зрабіць зь яе хатай. Мы прыяжджалі, спрабавалі перадаць хату каму-небудзь, хто клапаціўся б пра яе, бо яна стаяла неабаграваная, зацякала страха. Хата псавалася і зь сярэдзіны ад сырога паветра — трэба было ёю займацца. Мы хацелі перадаць хату зацікаўленым людзям у тым выглядзе, у якім яна засталася пасьля бабулі, каб зь яе ў будучыні можна было зрабіць музэй. На жаль, тады не знайшоўся ніхто, хто схацеў бы гэтым заняцца. Прыходзілі людзі — адзін хацеў крэсла, другі — стол, трэці — пішучую машынку. Так і паразьбіралі ўсё па адной рэчы. А ў нас заканчваліся дазволы на перабываньне ў Беларусі (тады даваўся гэтак званы „вызаў“ на 30 сутак), і мы не маглі доўгі час сядзець у Зэльве і пільнаваць тую хату. Мы наогул ня ведалі, ці зможам больш прыехаць у Зэльву. Згадай, які быў час — ваеннае становішча ў Польшчы і г.д. І беларускія ўлады на ўсё гэта глядзелі па-рознаму. Каб наогул захаваць хату, якою ніхто тады не цікавіўся, мы вымушаныя былі параздаваць рэчы людзям, а хату — прадаць зэльвенскім уладам».


Скобла: «Як часта табе даводзілася бываць у Зэльве?»


Геніюш: «У Зэльву мы езьдзілі раз на два гады, ня ведаю — чаму не штогод. Памятаю, што я заўсёды вельмі-вельмі чакаў на гэтую паездку, таму што Ларыса Антонаўна перадавала мне вельмі многа добрай энэргіі. Яна вяла перапіску са мною да апошніх сваіх дзён. Я, ужо будучы студэнтам, працягваў атрымліваць ад яе лісты і адказваць на іх. У мяне зь ёй была інтэлектуальная сувязь, яна вучыла мяне жыць, быць прыстойным чалавекам, каб я не забываўся на тое, хто я ёсьць. Да гэтай пары памятаю пачутую ад бабулі максыму, якую чуў таксама і ад дзеда. Яна гучала прыкладна так: „Любіце праўду, шукайце праўду і змагайцеся за праўду“. Ларыса Антонаўна вучыла мяне, што праўда — гэта самая важная рэч на сьвеце, што я павінен памятаць, хто я, кім былі мае дзяды. Калі я быў яшчэ школьнікам, яна нам з братам дазваляла ўсё, акрамя аднаго: мы не павінны былі на паважныя тэмы думаць непаважна. У справах беларускасьці і агульначалавечых каштоўнасьцяў яна заўсёды скіроўвала нас на той самы шлях, які сама выбрала і лічыла правільным. І мы павінны былі сьледаваць за ёй. Памятаю, як у Зэльве я перажыў сваё першае каханьне. Была там адна дзяўчына... І я папрасіў Ларысу Антонаўну, каб яна напісала мне верш пра каханьне. Яна ўсьміхнулася і сказала, што прышле ў лісьце. І праўда, неўзабаве я атрымаў ліст, у якім быў верш пра каханьне, але гэта быў верш пра каханьне да Беларусі».


Скобла: «Як табе сёньня бачыцца — ці разумелі зэльвенцы, хто жыве поруч зь імі?»


Ларыса Геніюш з унукамі — Алесем і Міхасём. Зэльва, 1970-я гады
Геніюш: «Я думаю, што разумелі. Калі я хадзіў з Ларысай Антонаўнай па Зэльве, усе яе віншавалі, усе зь ёй віталіся, усе ведалі, хто яна. Можа, не ўсьведамлялі дакладна, але ўсе разумелі, што яна — вялікі чалавек, і тое, што яна рабіла, было вельмі важна таксама і для зэльвенцаў. Мне так здаецца».


Скобла: «Ці закранала бабуля ў размовах з унукам тэмы свайго мінулага жыцьця? Ці ўспамінала Гулаг?»


Геніюш: «Думаю, перажытае бабуляй было настолькі трагічным, што яна пра яго не хацела расказваць. Згадкі пра мінулае вельмі моцна яе нэрвавалі. Я бачыў часам, у які неспакойны стан яна ўваходзіла, калі я часам гаварыў ня тое слова — слова, якое нагадвала ёй пра мінулае, тое, з чым ёй давялося сутыкнуцца раней у жыцьці. Я бачыў, што яна тады вельмі моцна перажывала. Бабуля расказвала пра нешта істотнае, пра што мы павінны былі ведаць, але не расказвала пра тыя рэчы, на якія сама хацела забыцца».


Скобла: «Ня кожны ўнук мае напісаную для яго кніжку. Ты, відаць, ганарыўся «Казкамі для Міхаські?»


Геніюш: «Я быў тады малы і яшчэ не разумеў, што і ў казках для дзяцей можна сказаць пра важныя рэчы.

Я выйшаў з аўтобуса на наступным прыпынку, пехатой вярнуўся назад і купіў усе бабуліны кніжкі, якія былі ў кіёску.
Відаць, так думаў ня толькі я, і таму дзіцячую кніжку выдаць было лягчэй, чым кнігу для дарослых. Калі я выяжджаў з Зэльвы ў іншыя гарады, напрыклад, у Гомель, у Рыгу, Ларыса Антонаўна заўсёды прасіла мяне, каб я пашукаў яе кніжак, можа, удасца дзе-небудзь набыць. Памятаю, як, будучы ў Гомелі, я шукаў па кнігарнях „Казкі для Міхаські“, а іх нідзе не было. Потым ехаў у аўтобусе і раптам праз вакно ўбачыў, што ў кіёску за шклом мільганулі тыя „Казкі...“. Я выйшаў з аўтобуса на наступным прыпынку, пехатой вярнуўся назад і купіў усе бабуліны кніжкі, якія былі ў кіёску. Прадавачка зьдзівілася — нашто мне столькі аднолькавых кніжак? І я пахваліўся, што гэта кніга маёй бабулі, і што яна напісаная для мяне. Тады прадавачка папрасіла мяне пакінуць ёй адзін асобнік».


Скобла: «Хто з наведнікаў зэльвенскай хаты Геніюшаў табе асабліва запомніўся?»


Геніюш: «Прызнацца, людзей такіх было вельмі многа. Калі надыходзіў дзень нараджэньня Ларысы Геніюш, ён праводзіўся два дні, бо за дзень не ўпраўляліся. Але і пасьля гэтых двух дзён прыяжджалі людзі, і з ранку да вечара хата была поўная. У хаце стаялі доўгія лавы — чалавек на трыццаць-сорак. На дзень нараджэньня прыяжджалі знакамітыя пісьменьнікі, прычым ня толькі беларускія, але і ўкраінскія. Іх было так многа, што я ўсіх сёньня і не згадаю. Памятаю Васіля Быкава, Дануту Бічэль-Загнетаву, Аляксея Пяткевіча, Пятра Рашэтніка, Аксану Сенатовіч з Украіны. Памятаю Ўладзімера Караткевіча, я зь ім пазнаёміўся якраз у Зэльве. Потым я паехаў да яго ў Менск, быў у ягонай хаце. Мы тады пра многае гаварылі, і запомнілася яшчэ, што я вельмі спадабаўся яго маме. Яна падаравала мне такі рог у выглядзе мядзьведзя. Гэты рог захаваўся ў мяне да сёньняшняга дня».


Скобла: «Сёньня ёсьць толькі адзін дзяржаўны музэй у Беларусі, дзе ў агульнай экспазыцыі ўшанаваная постаць Ларысы Геніюш, — у Гудзевічах на Мастоўшчыне. А дзе ў будучыні павінен быць яе „пэрсанальны“ музэй?»


Геніюш: «Думаю, Ларыса Геніюш заслугоўвае на тое, каб мець асобны музэй, прысьвечаны толькі ёй. Музэй у Гудзевічах добры, але ён — агульны, шматтэмавы. А Зэльва — гэта Зэльва. Там ёсьць і царква, і помнік пастаўлены каля царквы. Зэльва — гэта месца, дзе Ларыса Геніюш пражыла апошнія гады жыцьця, дзе яна напісала вельмі многа добрых вершаў. Таму думаю, што яе музэй павінен быць менавіта ў Зэльве. У сувязі з музэем прыгадалася адна гісторыя. Калі прадавалі хату, мы ня ведалі, што рабіць са старым абразом, які вісеў у хаце. Ён, можа быць, ня столькі каштоўны як абраз, колькі каштоўны тым, што гэта — абраз Ларысы Геніюш, перад якім яна малілася. Мы тады ўсёй сям’ёй думалі, што музэй будзе ў Гудзевічах, і перадалі абраз у Гудзевічы. Там меўся быць пакой, прысьвечаны Ларысе Геніюш, і той абраз павінен быў вісець там на сьцяне.

Ларыса Геніюш заслугоўвае на тое, каб мець асобны музэй, прысьвечаны толькі ёй.
На жаль, потым я даведаўся, што абраз не знаходзіцца ў экспазыцыі, ён схаваны ў фондах, яго людзі ня бачаць. А яшчэ пры жыцьці бабуля вельмі хацела, каб ён вісеў у зэльвенскай царкве. Я спрабаваў забраць абраз з Гудзевіцкага музэя, але гэта мне не ўдалося. Я напісаў некалькі лістоў у розныя ўстановы ў Беларусі, каб яны дапамаглі мне ажыцьцявіць апошнюю волю нябожчыцы. Вельмі хочацца, каб гэты абраз неяк перадаць з музэя ў зэльвенскую царкву. Месца сьвятога абраза не ў музэі, а ў храме».


Скобла: «Мне нярэдка даводзіцца чуць, як людзі ў Беларусі чытаюць вершы Ларысы Геніюш на памяць. А ці памятае бабуліны творы ўнук?»


Геніюш: «У бабулінай хаце на сьцяне, насупраць майго ложка, вісеў тканы дыванок з выявай зубра. І найчасьцей я чуў ад яе вось гэты верш: «Непрыгожыя, барадатыя, / з нетраў пушчы ідуць зубры, / на плячох — вехі-грывы кудлатыя, / і цяжкія нясуць гарбы... / Сваёй пушчаю крочаць, стройныя, / цёмна-бурыя, як дымы, / неабласканыя, неасвоеныя, / першабытныя так, як мы».


Скобла: «Неардынарнай асобай быў і муж Ларысы Геніюш — Іван Пятровіч. Што ты можаш сказаць пра дзеда?»


Геніюш: «Скажу, можа быць, нечаканую для цябе рэч. Вялікую беларускую патрыётку зрабіў з Ларысы Антонаўны яе муж — Янка Геніюш. Гэта ён ад пачатку быў вялікім беларускім патрыётам. Гэта ня ўсе ведаюць. Аднойчы маці дзеда Янкі напісала да яго ліст па-польску. А ён хацеў, каб яна пісала яму па-беларуску! І што? Перастаў ёй адпісваць, пакрыўдзіўся на яе. Тая вялікая беларуская сіла, якую мела Ларыса Геніюш, была ў ёй таксама і ад Янкі Геніюша. Ня толькі прозьвішча яна ад яго атрымала. Дзед мне запомніўся як вельмі інтэлектуальны чалавек. У мяне зь ім былі вельмі добрыя адносіны. Ён вучыў мяне, што ў жыцьці найперш трэба быць прыстойным чалавекам, ісьці простай дарогай, якая вядзе да праўды. Я ад дзеда атрымаў вельмі многа кніг з надпісамі, ён іх мне дасылаў, можна сказаць, кіляграмамі. Усе вартасныя беларускія кнігі, якія выходзілі ў Беларусі, я атрымліваў ад дзеда да канца яго жыцьця. Я вельмі цяжка перажыў яго сьмерць. Бабуля — таксама. І для яе ён застаўся незаменным. Дзед заўсёды заставаўся як бы ў цені бабулі, але гэта быў вялікі беларус».


Скобла: «Як даўно ты быў у Беларусі і ці плянуеш прыехаць у Зэльву 9 жніўня — на стагодзьдзе бабулі?»


Геніюш: «Апошні раз я быў у Зэльве вельмі даўно — каля пятнаццаці гадоў таму. Я вельмі хачу прыехаць на стагодзьдзе, буду вельмі рады, калі так атрымаецца. Я таксама вельмі рады, што ў Беларусі высока цэняць Ларысу Геніюш як паэтку і патрыётку, якой давялося многае перажыць у жыцьці, якая ахвяравала сваёй сям’ёй, сваімі блізкімі, сваім сынам — дзеля Беларусі. Думаю, што яна ўсім сваім жыцьцём заслужыла, каб пра яе памяталі. Вершы Ларысы Геніюш — гэта ня проста словы, гэта тое, што беларусы павінны мець у сваіх сэрцах і душах».