“На пікеты выбаршчыкі свае пашпарты не прыносяць”

На Віцебшчыне пакуль ахвотныя стаць кандыдатамі ў дэпутаты не заўважылі, што іхныя патэнцыйныя выбарцы ставяцца да іх непрыязна — ніхто яшчэ ня скардзіўся ў міліцыю на візыт апазыцыянэраў, як бывала ў мінулыя гады.

ВІЦЕБШЧЫНА


Дэмакратычныя актывісты Віцебшчыны лічаць, што зьбіраць подпісы за вылучэньне на кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў найбольш мэтазгодна “ад дзьвярэй да дзьвярэй”.

Інакш пікеты па зборы подпісаў давялося б ставіць у кожным двары, жартуе сябра сойму партыі БНФ Уладзімер Кунцэвіч, які хоча балятавацца ў дэпутаты Наваполацкага гарсавету:

Уладзімер Кунцэвіч
“Пасярод гораду пікеты ставіць няма сэнсу, бо акругі дужа маленькія. Крыху ўбок адыдзесься, а там ужо ходзяць людзі зь іншае акругі. Таму бессэнсоўна агітаваць іх паставіць за сябе подпіс. І, як правіла, людзі ў нас ня носяць з сабою пашпарты. Таму аптымальны мэтад — гэта вечарочкам шыбаваць ад дзьвярэй да дзьвярэй, тлумачачы мэту свайго прыходу. Я неабходную колькасьць подпісаў ужо сабраў, літаральна за тры дні”.

“Рэзка ўзрасла колькасьць людзей, якія нэгатыўна ацэньваюць дзейнасьць прэзыдэнта”

Спадар Кунцэвіч шмат пахадзіў па наваполацкіх шматпавярхоўках. Жыхар Віцебску, актывіст стваранай партыі БХД Уладзімер Сіманковіч яшчэ зьбірае подпісы, дарэчы, таксама абыходзячы кватэры патэнцыйных выбарцаў:

“Улічваючы, што агітацыя забаронена, я толькі паказваю аркуш са сваім фотаздымкам і біяграфіяй, ды тлумачу, што магу зрабіць для жыхароў маёй акругі. Часьцей за ўсё даводзіцца сутыкацца з поўнай апатыяй людзей, якія ўжо ня вераць ні ўладам, ні дэпутатам. Але што незвычайна ў параўнаньні з парлямэнцкімі выбарамі 2008 году, калі я быў даверанай асобай Тацяны Севярынец, — гэта што рэзка ўзрасла колькасьць людзей, якія нэгатыўна ацэньваюць дзейнасьць прэзыдэнта РБ”.

“Ніхто яшчэ ня скардзіўся на візыт апазыцыянэраў”

Пакуль ахвотныя стаць кандыдатамі ў дэпутаты ня скардзяцца на тое, што іхныя патэнцыйныя выбарцы ставяцца да іх непрыязна — ніхто яшчэ ня скардзіўся ў міліцыю на візыт апазыцыянэраў, як бывала ў мінулыя гады. І ніхто ня гнаў з хаты “бээнэфаўцаў”, як здаралася раней.

Алесь Шутаў
Перашкоды для зборшчыкаў подпісаў часам стваралі толькі адказныя асобы. Так, у Воршы мясцовы выканкам мусіў перагледзець межы акругаў, і гэта стварыла пэўныя цяжкасьці, распавёў старшыня суполкі партыі БНФ Алесь Шутаў:

“Акругі, якія ўжо былі зацьверджаны рашэньнем гарадзкой камісіі, утрымлівалі больш за дзясятак вуліц, якіх у Воршы ўжо няма. І разам з тым не былі ўлічаныя вуліцы, якія ёсьць — дзе жывуць людзі, і ў іх ёсьць права голасу. Пасьля 13 з 30 акругаў былі зьмененыя тэрытарыяльна. А людзі ж ужо зарэгістравалі свае ініцыятыўныя групы, скіраваліся зьбіраць подпісы… І тут ім кажуць: “Ведаеце, ваша акруга знаходзіцца ня там, дзе вы думалі, а ў іншым месцы”.

Тое, што акругі “нарэзаны” няправільна, заўважылі мясцовыя актывісты. Увогуле імі было пададзена 4 скаргі, дзе адзначаліся недакладнасьці і парушэньні абноўленага выбарчага заканадаўства. І чатыры разы рай- і гарвыканкам і выбарчыя камісіі мусілі выпраўляць свае ж пастановы, уносячы ўдакладненьні і папраўкі.