Анкета Свабоды. Аляксей Шэін

Аляксей Шэін

Аляксей Шэін нарадзіўся ў Менску ў 1976 годзе. Скончыў школу з мастацкім ухілам у Горадні, філялягічны факультэт БДУ. Адзін з заснавальнікаў Маладога Фронту. У 2000-2004 гг. - намесьнік старшыні МФ. З 1999 да 2003 - сябра Сойму й Управы Партыі БНФ, прэс-сакратар партыі. У 2005-2006 годзе – прэсавы сакратар, а затым – сьпіч-райтэр кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Мілінкевіча. Ініцыятар правядзеньня кампаніі “За свабоду сумленьня”, у ходзе якой было сабрана больш за 50 000 подпісаў жыхароў Беларусі за зьмены ў рэлігійнае заканадаўства. Сустаршыня аргкамітэту "Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі".

Што для вас свабода?


Рэалізацыя тых талентаў, якія даў Бог.


Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?

Адчуваньне, што не хапае сілы і не хапае веры.


Што для вас шчасьце?

У розных сфэрах жыцьця – бачыць, як набліжаесься да таго, што раней было толькі марай.


Чаго вы найбольш баіцеся?

Не зрабіць таго, для чаго я створаны.


Які талент вы хацелі б мець?

Больш эфэктыўна распараджацца сваім часам.


Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?

Богам, таму што мы – Яго сучасьнікі.


Што вы найбольш любіце рабіць?

Перачытваць удала напісаны ўласны тэкст.


Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?

Не пабаяўся бы прыйсьці да Бога раней.


Якую найлепшую параду вы атрымалі?

Прыйсьці да Бога.


Які ваш улюбёны дэвіз?

Усё магу ў Ісусе Хрысьце, Які ўмацоўвае мяне. (Новы Запавет, Пасланьне да Філіпійцаў, 4:13).


У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?

Парлямэнцкай рэспубліцы.


У якой краіне вы хацелі б жыць?

У Літоўскай Рэспубліцы Беларусь.


У якую эпоху вы хацелі б жыць?

У гэтую.


Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?

Зьнізіў падаткі і стварыў бы найбольш спрыяльныя ўмовы для невялікага прыватнага бізнэсу.


Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?

Партнэрскія, у меру блізкія.


Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?

Мы яшчэ доўга будзем даказваць, што “Беларусь – не Расея”, і сыходзячы з гэтага выбудоўваць стасункі.


Некаторыя думаюць так: «Хай дыктатура, абы свая». А Вы?

Дыктатуру ў краіне можна ператрываць. Страту незалежнасьці ўжо не “адкруціш” назад.


Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?

Улада зьменіцца нечакана, і ў адносна хуткім часе.


Калі беларусы загавораць па-беларуску?

Калі да ўлады прыйдуць беларускамоўныя кіраўнікі.


Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?

Такога ня будзе.