Вярхоўны суд адмовіў заснавальнікам БХД у пазове супраць міністэрства юстыцыі.
Судзьдзя Валянціна Кулік абвясьціла, што рашэньне Мін’юсту аб нерэгістрацыі партыі было законным.
Сустаршыня аргкамітэту дзеля стварэньня БХД Павал Севярынец паведаміў “Свабодзе”, камэнтуючы прысуд, што, магчыма, заснавальнікі пойдуць яшчэ на адзін, трэці па ліку, устаноўчы сход. Ён можа адбыцца ў красавіку-траўні.
У залі суду прысутнічалі прадстаўнікі амбасадаў ЗША, Нямеччыны. Сустаршыні БХД абураліся, што іх не прапусьцілі ў судовую залю, хоць яны не спазьніліся, а прыйшлі за дзьве хвіліны да пачатку.
Cустаршыня аргкамітэту БХД Павал Севярынец пракамэнтаваў адмову Вярхоўнага суду:
“Прысуд палітычны. Вярхоўны суд і Міністэрства юстыцыі, як і органы міліцыі, зьяўляюцца прываднымі пасамі дзяржаўнай машыны. Сёньняшні рэжым баіцца Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Літаральна гадзіну таму мы прэзэнтавалі сьпіс кандыдатаў у дэпутаты на мясцовыя выбары ад БХД прыкладна з 200 асобаў. Не прайшло й году ад стварэньня партыі, а ў нас ужо адзін з самых вялікіх сьпісаў. Гэта палохае ўлады, і таму прысуд быў прадказальны”.