У Магілёве калектывы не вылучаюць лідэраў

Мікалай Расюк

Каля сотні апазыцыйных актывістаў на Магілёўшчыне рэгіструюць свае ініцыятыўныя групы. Адным зь першых падаў заяву на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы актывіст Свабоднага прафсаюзу Беларускага Мікалай Расюк.
У яго групе пяць чалавек — гэта калегі па прафсаюзнай дзейнасьці, дачка Ірына, а таксама адна са сваячак. З калектыву, дзе Расюк адпрацаваў сем гадоў, у групе няма нікога. Магчымым канкурэнтам будзе яго начальнік — кіраўнік будаўнічай арганізацыі.

“Калектывы не вылучаюць менавіта сваіх лідэраў. Там, дзе ёсьць сапраўдныя лідэры, якія бароняць правы чалавека, працоўных, там не праводзяць ніякіх сходаў. Наша ўлада штурхае туды тых кіраўнікоў, якія, атрымаўшы паўнамоцтвы дэпутатаў, хаваюць недахопы, якія ёсьць у грамадзтве”, — лічыць Мікалай Расюк.

“Камісіі не гатовыя дапамагаць вылучэнцам апазыцыі”

З праблемамі пры рэгістрацыі ініцыятыўнай групы сутыкнуўся ў Горках сябра партыі БНФ Эдуард Брокараў. Ён балятуецца ў абласны савет. Брокараў сьцьвярджае, што ў Добраўскай акруговай камісіі няма блянкаў для рэгістрацыі ініцыятыўнай групы і яе складу.
Эдуард Брокараў

“Камісіі фактычна не зарыентаваныя на тое, каб чакаць людзей з вуліцы. Што яны прыйдуць і захочуць зарэгістраваць ініцыятыўныя групы. Яны выседжваюць час, і яны не гатовыя аказваць людзям дапамогу, бо кандыдаты, якіх плянуе ўлада, ужо даўно расьпісаныя”, — наракае Эдуард Брокараў.

У самой камісіі прэтэнзіі актывіста назвалі беспадстаўнымі:

“Я яму паказала пастанову з “Советской Белоруссии”, з газэты такой. Сказала: калі вы хочаце, мы вам можам раздрукаваць, але тады ў мяне прынтэр не працаваў. А так у нас усё на першым паверсе вывешана”, — паведаміла супрацоўніца камісіі.

Вылучэнец у Хоцімску супраць сельскагаспадарчай палітыкі

У адным з аддаленых раёнаў – Хоцімскім – рыхтуецца рэгістраваць групу актывіст партыі БНФ Валер Каранкевіч. Ён зьбіраецца балятавацца ў абласны й раённы саветы:

“Мне не падабаецца палітыка ў галіне сельскай гаспадаркі. Нішчаць усё. Усё ідзе да таго, каб забраць зямлю ў людзей. Калі ў Расеі аддалі паі калгасьнікам, якія былі на гэтай зямлі, каб людзі жылі, — у нас жа гэтую зямлю хочуць проста некаму “сплавіць”. Тыя, хто пры ўладзе, ня думаюць пра раён, а думаюць пра сябе. Заводы ў нас зачыненыя. Самыя нізкія заробкі — гэта ў Хоцімску”, — зазначае Валер Каранкевіч.

Хоцімская выбарчая акруга — адна з трох, дзе сябрам выбарчай камісіі зацьвердзілі апазыцыянэра — прадстаўніка руху БНФ “Адраджэньне”. Яшчэ двух актывістаў абласной арганізацыі Беларускай партыі левых “Справядлівы сьвет” зацьвердзілі ў Бабруйску.