Пераглядаючы сёньня нататнікі трыццацігадовае даўніны, я бачу, што Беларуская Майстроўня была ня проста першай нефармальнай грамадзкай арганізацыяй. Хутчэй я параўнаў бы яе зь місіяй любові, што несьлі тыя некалькі дзясяткаў маладых людзей.
МІСІЯНЭРЫ ЛЮБОВІ
Зладзіць масавае сьвята Купальля, Калядаў, Гуканьня Вясны на гарадзкой вуліцы ці ў парку, ці ў мікрараёне — ніхто іх гэтаму не вучыў, не кіраваў, як тое робіцца, не казаў ім: ідзеце ды грукайцеся ва ўсе дзьверы і паўсюль распавядайце сваю праўду… Але ж яны ішлі й грукаліся. Колькі было тых сустрэчаў у школах, у інстытутах, у інтэрнатах... — дзе толькі выпадала магчымасьць.
Вось занатоўка пра адну такую імпрэзу ў 49-й менскай школе зімою 1982 году. Майстроўня прысьвяціла яе Максіму Багдановічу. Як гэта выглядала? У колішнім нататніку так:
“У актавай залі сабралі дарослых дзяцей і тыя пачалі “ёрзаць”. Пасьля вечарыны мелася быць дыскатэка, таму чакалі, калі скончыцца “сумнае мерапрыемства”. Тым часам Вінцук распавёў пра лёс Багдановіча, чапляючы ўсё што мог да сучаснасьці. Алена адсьпявала купальскую песьню. А зусім сьціхлі дзеці тады, калі “баявым сланом” пачаў чытаць вершы Сокалаў. Гэта быў эфэкт!.. Калі чытаў “Пагоню”, у мяне ледзь сьлёзы не пайшлі — так моцна было. Адчыталі: Вераніка “Эмігранцкую песьню” і Арына “Тэрцыны”. Я адчытаў трыялет “Ты быў як месяц…” і крыху сказаў пра Палуяна. Пасьля былі слайды — архітэктура. Пусьцілі па руках аплікацыю Пагоні. Прайгралі Забэйду (“Слуцкіх ткачых”) і Данчыка (“Зорку Вэнэру”). Распавялі пра Данчыка. Зноў Сокалаў чытаў — ужо свае вершы. Ну і ўрэшце я адсьпяваў “Шарлоту”. Потым выскачыў адзін з двух дарослых і барадатых гледачоў (другі, дзед, плакаў на Сокалаўскай “Роднай мове”), аблаяў шкаляроў за няўважлівасьць і касмапалітызм і прачытаў верш “аднаго заходнебеларускага паэта”. Вінцук абмяняўся зь ім каардынатамі…”
“Адзін заходнебеларускі паэт” пазначаны ў нататніку адмысловым знакам — гэта Ларыса Геніюш. Барадаты чалавек, што выскачыў з залі, пазьней аказаўся паэтам Яўгенам Гучком. А Алена, якая сьпявала купальскую песьню, — адзіная, з кім вы тут яшчэ не знаёмыя, — гэта ў тыя часы Алена Амельчыц, а сёньня Алена Анісім, майстроўская багіня Вэнэра.
КУМІРЫЦКАЯ БАГІНЯ
У Майстроўні Алена кім толькі ні была — сьпявачкай, удзельніцай усіх імпрэзаў. Мабыць найбольш запамінальная яе роля — у пастаноўцы “Цара Максіміляна” яна была Кумірыцкай багіняй. Кім яшчэ?
Алена: “Сьмерцю яшчэ была. Адна ў дзьвюх асобах. “Я, Кумірыцкая багіня Вэнэра, па палёх вандрую, змогі патрабую. Каб цара спаткала, я б яго зрубала…” Ну а словы сьмерці простыя вельмі. Калі там нехта просіць адтэрміноўкі, хоць бы на гадзіну — “Ня дам і на хвіліну!”
Дубавец: Алена кажа, што яе часта параўноўвалі з Сафіяй Ратару. А мне, перабіраючы старыя здымкі, прыйшло на розум іншае падабенства — са Стэфаніяй Станютай у маладосьці. І толькі я так падумаў, толькі адкрыў у Вікіпэдыі старонку пра Станюту, каб пераканацца, што падабенства сапраўды існуе, як высьветлілася, што Стэфанія Станюта ў дваццатыя гады ў Віцебскім тэатры грала ў тым самым “Цары Максіміляне” і тую самую Кумірыцкую багіню Вэнэру.
Між іншым, гэта была адзіная пастаноўка “Максіміляна” на прафэсійнай сцэне і пры тым — самы касавы спэктакаль Віцебскага тэатру… І гэта ўжо іншая гісторыя. А сёньня ў нашай перадачы — гісторыя майстроўкі Алены Анісім, якая раскажа пра мала каму вядомыя акалічнасьці ўзьнікненьня Беларускай Майстроўні на філфаку БДУ трыццаць гадоў назад. Але найперш раскажа пра сябе.
Your browser doesn’t support HTML5
Гуканьне Вясны. Заслаўе. 1982 год. З архіву Ігара Марачкіна.
Алена: “Я са Стаўбцоўскага раёну або, як старэйшыя кажуць, са Стаўпеччыны. Вёска мая называецца Савані. Ці Савоні — два варыянты. Недалёка радзіма Якуба Коласа. Напэўна гэта таксама ўплывала на тое, што ў нас у раёне ў прынцыпе шанавалі беларускае слова. Ганарыліся, што зямляк наш адтуль. Ну, але, як кажуць, адна справа ганарыцца, а зусім іншая на ўзроўні прапагандаваць, праводзіць і г.д.
Мае бацькі настаўнікі. Бацькі ўжо няма даўно, а маці жыве. Бацька быў філёляг, а маці матэматык. Бацька захапляўся рознымі мовамі. Ён ведаў нямецкую і нават выкладаў яе ў школе. Колісь у гімназіі вучыў францускую. І нават мяне ў шасьцігадовым узросьце спрабаваў навучыць францускай мове. Я вельмі доўга памятала вершык, які тады вывучыла.
А што тычыцца беларускай мовы, дык бацька асабліва не падштурхоўваў да гэтага. Ён згадваў, як падчас нямецкай акупацыі адзін з высокапастаўленых нямецкіх афіцэраў, выступаючы перад насельніцтвам, казаў: беларусы, трымайцеся разам, нельга між сабой так варагаваць! І яшчэ ён мне казаў (а цяпер я прачытала гэта ў літаратуры), што
Ва ўсе часы ні зь якім нацыяналізмам, то бок патрыятызмам, не змагаліся гэтак жорстка, як зь беларускім.
Дубавец: Іншы раз мне думаецца, што наша пакаленьне — апошняе такое, калі хто з гораду, хто зь вёскі, але чые бацькі яшчэ памятаюць мінулую вайну ці нават даваенны час, а гэта значыць — зусім іншае жыцьцё на гэтай зямлі. Тое, у якім яшчэ жывуць водгукі й водсьветы 19-га стагодзьдзя і нават сярэднявечча, бо раней людзкі сьвет не тыпізаваўся так хутка, як сёньня. Зь іншага боку, усім нам, у тым ліку й тым, хто паходзіць з колішняй яшчэ жывой і беларускамоўнай вёскі, усё адно давялося ісьці да беларушчыны праз бар’ер расейскае мовы. Спачатку вясковец урбанізаваўся (у нашым выпадку — русіфікаваўся), а толькі потым рабіў ужо сьвядомы выбар на карысьць вяртаньня да сябе і да свайго.
ЗНАЙСЬЦІ АРГУМЭНТЫ ЎНУТРЫ СЯБЕ
Алена: “Пасьля таго, як мы сталі сустракацца і разам гісторыю вывучаць, чытаць Ермаловіча ў самвыдаце, тады трэба было вырашыцца і з мовай. І даволі цяжка было гэта зрабіць не таму, што ня ведалі мову, а таму, што ўсе вакол цябе прывыклі лічыць, што ты гаворыш па-руску. І чаму ты раптам пераходзіш на беларускую? Трэба было ўнутры сябе знайсьці пераканаўчыя аргумэнты і пасьля гэтага нейкі час прайшоў, усе прызвычаіліся і пытаньняў больш не ўзьнікала”.
Дубавец: Трэба было знайсьці аргумэнты менавіта ўнутры сябе, бо ў кожнага яны былі розныя.
Алена: “Якія я для сябе знайшла? Першы аргумэнт — гэта той, які жыў у вёсцы. Бо ў вёсцы я ніколі не размаўляла па-руску. Аргумэнт быў такі: калі маладая дзяўчына, скончыўшы школу, зьезьдзіўшы ў горад і пабыўшы там колькі часу, праходзіла і віталася “драсьце”, дык усе казалі: ну, ужо зьела гарадзкую булачку. А другі аргумэнт — нельга быць увесь час раздвоеным. Трэба было ісьці далей. І я пайшла далей”.
Дубавец: Самы час перайсьці да абяцанага мною сюжэту — да мала каму вядомых акалічнасьцяў узьнікненьня Беларускай Майстроўні на філфаку БДУ трыццаць гадоў назад.
Алена: “У нас у тых адна гісторыя, хто вучыўся на філфаку. Вінцук, Вераніка, Запрудзкі і я. Наша аб’яднаньне адбылося менавіта на падставе нашых адносін да факту зьбіцьця хлопцамі дзяўчыны на бульбе. Ня ўсе там былі, мы зь Веранікай былі ў іншым месцы. Але пасьля таго, як бульба скончылася, прыехалі ўсе студэнты на вучобу, пачаліся разборкі ці што, і калі гэты факт усплыў, мы, нават ня быўшы там, занялі адназначную пазыцыю — хлопцы ня мелі права так сябе паводзіць у адносінах да дзяўчыны. Гэта быў 1980 год. І паводле вось гэтых нашых адносін курс раскалоўся вельмі моцна. Сто чалавек, і кожны займаў сваю пазыцыю. Але наша група, якая заняла менавіта такую пазыцыю, давяла справу да таго, каб яна была разгледжаная на ўзроўні ўнівэрсытэту. Хлопцаў было шкада, але іх выключылі. І мы аказаліся па адзін бок барыкадаў. Вінцук Вячорка, Сяргей Запрудзкі, Вераніка Курцова (тады яна была Надтачэева) і я. Мы стаялі за тое, што хлопцы ні ў якім разе ня маюць права падымаць руку на дзяўчыну.
Другая палова стала на бок хлопцаў, яны іх адстойвалі. І самае дзіўнае, што многія дзяўчаты мелі такую пазыцыю — што хлопцы мелі рацыю, мелі права падняць руку на дзяўчат. І пасьля гэтага… Ну, мы ведалі, што Вінцук сябраваў, ужо пасьля мы даведаліся, з кім. Пэўна, была група маладых людзей, якія ўжо да гэтага часу цікавіліся гісторыяй Беларусі і шмат іншымі рознымі рэчамі. Але нас запрасілі далучыцца да сябе, да гэтай справы пасьля таго, як мы ясна выказалі сваю пазыцыю менавіта ў гэтым пляне. І так на грунце высокай маралі мы далучыліся да беларушчыны”.
ВЫТЛУМАЧЭНЬНЕ ЦУДУ
Дубавец: Вось і яшчэ адна разгадка нашага каляднага цуду. Студэнты-філёлягі аб’ядналіся, бо апынуліся з аднаго боку барыкадаў у сваім маральным выбары, і гэтае маральнае аб’яднаньне аказалася найважнейшым, яны сталі міжсобку сваімі людзьмі, амаль што сваякамі. Чаму гэта важна? Рэч у тым, што Вінцук і напраўду ўжо абраў свой шлях да беларушчыны, у яго былі сябры сярод аднагодкаў па-за філфакам і сярод старэйшых мастакоў. Але кожны з гэтай кагорты таксама ўжо зрабіў свой выбар на карысьць беларушчыны. Яны зьбіраліся разам, чыталі нелегальную літаратуру, выдавалі свай самвыдат, слухалі замежныя галасы… Словам, іх лёс абяцаў ім дысыдэнцтва і ролю антысаветчыкаў-нацыяналістаў у вузкім коле аднадумцаў. Верагодна, так яно й было б. А побач існавалі б іншыя студэнты, нармальныя, якія зусім не зьбіраліся дысыдэнцтваваць, а думалі пра тое, як ім уладкавацца ў сталіцы, стварыць сям’ю і проста жыць — нармальна ды па-магчымасьці шчасьліва. Вось так адны існавалі б сабе, другія — сабе. І ніякага б тады каляднага цуду ня здарылася, ніякай Майстроўні не было б. І той нефармальны маладзёвы рух, які ўзьнік з Майстроўні, меў бы зусім іншы выгляд. І БНФ, які выснаваўся з таго руху, мог застацца вузкім дыскусійным клюбам заўзятых дысыдэнтаў. Адпаведна і фракцыі ў Вярхоўным Савеце не было б, і незалежнасьці…
Вядома, гэта ўсё дапушчэньні. І асабіста я схільны верыць, што ня гэтым шляхам, дык іншым беларушчына ўсё адно прабілася б, і незалежнасьць усё адно была б. Але ў рэальнасьці мы маем менавіта гэты шлях. Калі здарэньне на філфаку ўсіх студэнтаў паставіла перад маральным выбарам. І Вінцук Вячорка са сваёй ужо акрэсьленай дысыдэнцкай праграмай апынуўся побач з зусім нармальнай дзяўчынай Аленай Амельчыц. І маральны выбар іх аб’яднаў. З гэтага моманту дысэнт Вячоркі мусіў адкрыцца для ўсіх ахвочых і набыць прывабны выгляд, які пазьней Вінцук назаве эстэтычным фэномэнам Майстроўні. А пазытыўная жыцьцёвая праграма Алены мусіла ўключыць у сябе і беларушчыну, і дысэнт — не як ізгойства, а як зусім прымальныя і спалучальныя са станоўчым і нармальным лёсам рэчы.
Алена: “Я ўжо згадвала пра чытаньне Ермаловіча. Але мы сканчалі ўнівэрсытэт, трэба было думаць пра ўладкаваньне, пра замужжа. І таму гэтая падводная частка засталася ад мяне ўбаку. Хаця я ведала, бачыла, адчувала і разумела, што акрамя нашай культурнай часткі можна і трэба ісьці далей. Ну я, відаць, не была гатовая ісьці далей.
… Наша калядаваньне, калі моладзь ішла ад Караткевіча, ад ягонага дому, і мы ішлі з калядой, з зоркай, са сьпевамі… І як нас запынялі, ня ведалі, хто мы, што мы. Урэшце мы пачулі, як нехта крычыць: ды тут антысавецкая дэманстрацыя!.. Дык вядома, нават у гэтым пляне, у пляне нефармальнасьці Майстроўня ўжо ўяўляла сабой штосьці несавецкае. Нават на культурным грунце яна выбівалася з сыстэмы. Фактычна Майстроўня была папярэднікам нефармальных грамадзкіх арганізацыяў.
… І ведаеш, што яшчэ самае важнае? Тое, што мы ўсе былі аднагодкі і маладыя. Нам ніхто зьверху не казаў, нас ніхто зьверху не штурхаў. Мы, вядома, пазіралі на мастакоў, але яны нам ня ўказвалі. І гэта было вызначальным — свабода, дух творчасьці.
Ніхто ж нас гэтаму не вучыў, спэцыяльна не прымушаў. Гэта ішло знутры, гэта быў унутраны покліч. І ён быў такі гарманічны і дапамог сфармавацца многім, як прынята казаць, гарманічнымі асобамі”.
Дубавец: Сёньня Алена Анісім — навуковы супрацоўнік акадэмічнага Інстытуту мовы і літаратуры, намесьніца старшыні Таварыства Беларускай Мовы. На канале ОНТ у ранішнім этэры майстроўская багіня Вэнэра вядзе перадачу “Беларуская мова”. Алена перакананая, што менавіта Майстроўня дапамагла ёй раскрыцца ды выявіць свае таленты, акрэсьліць жыцьцёвую філязофію.
Алена: “Я ўсюды сябе пачуваю натуральна. І як навуковы супрацоўнік і як грамадзкі дзяяч у Таварыстве Беларускай Мовы. Ну канечне, і мама, і дачка, і жонка, і сяброўка.
… Зараз інстытут называецца Інстытут мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук. Мы там працуем разам зь Веранікай і менавіта Вераніка была тым чалавекам, які прапанаваў мне перайсьці са школы ў Акадэмію навук. Гэта адбылося ў 1991 годзе.
… Мы ўсе аднадумцы, мы на многія вельмі важныя рэчы глядзім аднолькава. Вінцук неяк добра быў сказаў, што “ён быў ужо тады”. Гэта праверка як асобы. І вось калі ты быў ужо тады па гэты бок, ужо тады, калі ніхто пра гэта ня думаў, а ты ўжо нешта для гэтага рабіў, то гэта прызнаньне цябе, што ты ўжо тады пачынаў быць асобай. І да гэтага часу ты свой.
… Я не прапагандую, я проста жыву, бо іначай ужо, відаць, жыць нельга.
… Самае для мяне вызначальнае, што калі ў мяне добры настрой, мне хочацца сьпяваць беларускія песьні. На кухні дома, мурлыкаць пры кампутары… І адна з прычын — тое, што мы ў Майстроўні сьпявалі беларускія песьні.
… Я вельмі шчасьлівая тым, што нарадзілася ў сваёй краіне Беларусі. Я вельмі шчасьлівая тым, якія ў мяне аднавяскоўцы, сябры са школы. І вельмі шчасьлівая тым, што ў маім жыцьці была Майстроўня. Бо калі такія рэчы ёсьць у маладосьці, можна толькі зайздросьціць самому сабе”.
Вострая брама
Вострая брама
“Вострая Брама. Гісторыя аднаго цуду” – гэта гісторыя пра тое, як аднойчы беларуская ідэя выйшла з падпольля на вуліцу і стала грамадзкай зьявай. Адбылося гэта на Каляды 1980 году, калі нарадзілася першая публічная арганізацыя – Беларуская Майстроўня. Калі Майстроўня ўбярэцца ў сілу, яна ператворыцца ў шырокі нацыянальны рух па ўсёй Беларусі, а нацыянальная ідэя матэрыялізуецца ў выглядзе незалежнай краіны.
Сэрыя “Гісторыя аднаго цуду” – пра самы пачатак, пра той Калядны цуд нараджэньня, пра Майстроўню і яе стваральнікаў, пяць дзясяткаў асобаў, беларускі шлях якіх пачаўся трыццаць гадоў таму.
Сэрыя “Гісторыя аднаго цуду” – пра самы пачатак, пра той Калядны цуд нараджэньня, пра Майстроўню і яе стваральнікаў, пяць дзясяткаў асобаў, беларускі шлях якіх пачаўся трыццаць гадоў таму.
Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец
Пісьменьнік, літаратурны крытык, выдавец. Нарадзіўся 17 верасьня 1959 у горадзе Мазыры. Гадаваўся й вучыўся ў Менску. Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Служыў у войску. Галоўны рэдактар газэтаў «Свабода» (1990—1991) і «Наша Ніва» (1991—2000), радыё «Балтыйскія Хвалі» (2000—2001), аўтар перадачаў на Радыё Свабода (з 1997). Кнігі: «Практыкаваньні» (1991), «Русская книга» (1997, другое выданьне 2009), «Дзёньнік прыватнага чалавека» (1998), «Вострая Брама» (2005), «Вершы» (2007), «Як?» (2009). Электронны адрас: dubaviecs@gmail.com