"Малады фронт" назваў ляўрэатаў прэміі “Люблю Беларусь”

Іван Шыла

Спачатку “Малады фронт” плянаваў уручыць прэміі на Дзень сьвятога Валянціна ў менскім гатэлі “Кроўн плаза”. Але адміністрацыя гатэлю скасавала дамову на арэнду залі. “Малады фронт” вырашыў не ладзіць сьвяточнай цырымоніі, а ўручыць прэміі ляўрэатам прыватна. Прэміі ўяўляюць сабою бронзавага колеру статуэткі з надпісам — Купалавым радком: “Зерне, кінутае ў ніву, усходзіць ды красуе”. Самі прызы яшчэ не гатовыя.
Пераможцамі ў намінацыі “Беларусізацыя” сталі Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская за кампанію “Будзьма”.

У намінацыі “Pro-Belarus” дыплём і статуэтку атрымае амбасадар Швэцыі Стэфан Эрыксан за стварэньне клюбу беларускамоўных дыпляматаў.

Рэдакцыя газэты “Наша Ніва” атрымае прэмію ў намінацыі “Журналістыка” за няспынную дзейнасьць на ніве папулярызацыі беларушчыны.

Мікола Дземідзенка
У намінацыі “Спорт” прэмію атрымае фанацкая ініцыятыва “Тарпеда-Менск”. Маладафронтаўцы адзначылі “адраджэньне легендарнай футбольнай каманды, актыўнае выкарыстаньне беларускай мовы ў сваёй атрыбутыцы і на сайце клюбу”.

У намінацыі “Грамадзкая чыннасьць” узнагародзяць Міхася Пашкевіча за кампанію з патрабаваньнем альтэрнатыўнай службы.

У галіне “Культура” маладафронтаўцы вызначылі Мікалая Халезіна як кіраўніка “Свабоднага тэатру” і за актыўнае выказваньне грамадзянскай пазыцыі.

Сярод палітыкаў у намінацыі “Палітыка” маладафронтаўцы ўзнагародзяць Аляксея Янукевіча з фармулёўкай “за зьмену пакаленьняў у БНФ”.

У намінацыі “Змагар году” маладафронтаўцы ўзнагародзяць свайго паплечніка Арцёма Дубскага, які знаходзіцца за кратамі.

А 14 лютага маладафронтаўцы зьбіраюцца правесьці сьвяточнае шэсьце з фэервэркамі ў цэнтры Менску. Заяўкі на правядзеньне акцыі яны не падавалі.