“У Канстытуцыі – адным радком, а ёсьць указ прэзыдэнта”

Яўген Якавенка

Сёньня адбудзецца суд па справе гомельскага моладзевага актывіста, сябра БХД Яўгена Якавенкі, які настойвае на прызначэньні яму альтэрнатыўнай воінскай службы. Яго вінавацяць у тым, што ён ухіляецца ад прызыву.
Яўген Якавенка — 25-гадовы гамяльчук, актывіст стваранай партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя — 2 лютага 2010 году падаў у гарадзкі ваенкамат трэцюю па ліку заяву, каб праходзіць альтэрнатыўную службу. Ён таксама патрабаваў, каб позвы былі на дзяржаўнай беларускай мове.

14 студзеня 2010 г. людзі ў цывільным і міліцыя гвалтам даставілі Якавенку ў ваенкамат, дзе яго папярэдзілі аб магчымасьці крымінальнай адказнасьці за тое, што ён ухіляецца ад прызыву. Паводле самога Якавенкі, позву ў ваенкамат ён не атрымліваў. Затое падаваў заяву, каб яму дазволілі прайсьці альтэрнатыўную службу. У ваенкамаце Якавенка падпісаць позву адмовіўся, бо яе прадставілі не на беларускай мове.

Сябру БХД абвінавачваюць у “няяўцы без паважных прычынаў на мерапрыемствы прызыву на воінскую службу паводле позвы”.

Яўген кажа, што рашэньне суду будзе наўпрост адлюстраваньнем лёгікі і здаровага сэнсу судовай сыстэмы Беларусі:

“Калі суд будзе сапраўдны, законны, сумленны, а не судзілішча, то я думаю, аргумэнтаў у маіх апанэнтаў зусім мала. І пратакол там складзены з парушэньнямі, і я яго увогуле не бачыў, і патрабаваньні мае абсалютна законныя… Што яны мне хочуць інкрымінаваць – зусім не зразумела. Мне самому цікава, як яны заўтра будуць апраўдвацца. А калі судзілішча будзе, як гэта часта адбываецца, калі ня будуць слухаць і ня будуць глядзець на Закон, то атрымаю па максымуму”.

А вось на погляд начальніка аддзелу прызыву Гомельскага ваенкамату сп.Бурсевіча, усё падпарадкоўваецца лацінскай прымаўцы “dura lex, sed lex” – закон суровы, але гэта ёсьць закон:

– Я закон не прымаю, я толькі ім кіруюся, як законапаслухмяны грамадзянін, я абавязаны гэты Закон выконваць.

– Але па канстытуцыі ёсьць права на альтэрнатыўную службу?

– Гэта праходзіць у канстытуцыі адным радком, а пры гэтым ёсьць заканадаўства, дзе прадугледжаны прызыў у войска, дзе пазначаныя тэрміны і гэтак далей. І гэты прызыў адбываецца на падставе ўказу прэзыдэнта. І як наагул яго можна адправіць на нейкую альтэрнатыўную службу, калі ён нават на мэдкамісію не хадзіў? Можа, яго прызнаюць неадпаведным паводле здароўя?”.

Што да выкарыстаньня беларускай мовы ў вайсковым справаводзьве, сп. Бурсевіч таксама ня бачыць віны ваенкамату:

– Гэта не да нас пытаньне.

– А да каго?

– Мы не распрацоўваем дакумэнты. У нас адразу пазначана: справаводзтва вядзецца на рускай мове. І усе дакумэнты распрацаваны адпаведна – на рускай мове. Вось і усё.

Яўгену Якавенку пагражае штраф да 175-ці тысячаў рублёў.

Апошнім часам у Беларусі адбылося некалькі судовых працэсаў над асобамі, якія не пажадалі ісьці ў войска.

Верніка рэлігійнай суполкі «Сьведкі Еговы» Зьмітра Смыка, які прасіў накіраваць яго на альтэрнатыўную службу, абвінавацілі ў тым, што ён ухіліўся ад прызыву.

29 студзеня Суд Менскага раёну прызнаў вінаватым Івана Міхайлава ва “ўхіленьні ад мерапрыемстваў прызыву” і пакараў трыма месяцамі арышту.

Праваабарончая арганізацыя “Міжнародная амністыя” прызнала Івана Міхайлава вязьнем сумленьня.