Праз 5 дзён пачнецца вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты

Міхаіл Лазавік

Усе 367 акруговых камісіяў для прызначаных на 25 красавіка выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў цалкам сфармаваныя. Пра гэта “Свабодзе” сёньня паведаміў сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік.
Паводле ягоных дадзеных, у акруговых камісіях партыйцы складаюць 6,7% ад усіх сябраў. Гэта больш, чым іх прадстаўніцтва ў тэрытарыяльных камісіях, дзе на долю ўсіх партый прыпадае толькі 1,1% месцаў.

На маё пытаньне: “Якія партыі маюць у камісіях найбольшае прадсташніцтва?” спадар Лазавік адказаў так:

“Сярод партыйных актывістаў найбольшую колькасьць складаюць КПБ — 175 чалавек, і “Справядлівы сьвет” — 48. Даволі актыўна дзейнічаюць Аграрная партыя —19, Лібэральна-дэмакратычная і партыя БНФ — па 16, АГП —14. Ёсьць прадстаўнікі Грамады, як адной, так і другой. Ад “Згоды” — 5 чалавек.
Акруговыя выбарчыя камісіі рэгіструюць ініцыятыўныя групы кандыдатаў у дэпутаты, выдаюць адпаведныя пасьведчаньні, падпісныя лісты і г.д. Яны ж рэгіструюць кандыдатаў у дэпутаты, разглядаюць іх скаргі.

У цэлым пры фармаваньні акруговых камісіяў актыўнасьць партыяў значна павысілася”.

Аб’яднаная грамадзянская партыя правяла ў акруговыя камісіі 14 чалавек. Старшыня партыі Анатоль Лябедзька ўдакладняе: у камісіі трапіў толькі кожны чацьверты вылучэнец:

“Але мы не падавалі вялікую колькасьць прэтэндэнтаў, мы падавалі тэставую колькасьць. А гэта азначае, што ўлада зноў праігнаравала людзей, якія па ўсіх парамэтрах прыдатныя да працы ў акруговых выбарчых камісіях. Я не магу зразумець матывацыі, чаму, напрыклад, Аляксандар Сасноў, які мае досьвед працы і ў парлямэнце, і ва ўрадзе, ня можа быць сябрам акруговай камісіі. Тое ж самае можна сказаць пра Аляксандра Дабравольскага, Валянціну Палевікову і многіх-многіх іншых. Таму, калі казаць пра якасны складнік, то тут ніякага адметнага прагрэсу я ня бачу”.

Мікалай Лазавік кажа: пасьля фармаваньня акруговых камісіяў паралельна пачынаюцца дзьве кампаніі:

“З 14 лютага пачынаецца вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты. Гэта азначае, што з гэтага дня можна праводзіць сходы працоўных калектываў, паседжаньні кіраўнічых партыйных органаў, а таксам зьбіраць подпісы ў падтрымку патэнцыйных кандыдатаў. Але тым, хто зьбірае подпісы, трэба спачатку зарэгістраваць ініцыятыўныя групы.

Паралельна будзе ісьці стварэньне ўчасткаў для галасаваньня. А калі іх вызначаць, то пачнецца і стварэньне ўчастковых выбарчых камісіяў. Гэтая працэдура завершыцца не пазьней за 10 сакавіка”.