Вугорскія дэпутаты сустрэліся з прадстаўнікамі дэмсілаў

Удзельнікі вугорскай дэлегацыі Д’юла Саба, Габар Харш, пасол Вугоршчыны ў Беларусі Фэрэнц Контра.

Дэлегацыя вугорскага парлямэнту, якая завяршае візыт у Менск, сустрэліся сёньня з прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў Беларусі. Ад 3 лютага дэлегацыя правяла перамовы з прадстаўнікамі абедзьвюх палат Нацыянальнага сходу, з намесьнікам міністра замежных спраў Беларусі Валер’ем Варанецкім.
Гэта першая дэлегацыя вугорскага парлямэнту, якая наведала Менск ад моманту абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі. Паводле дэпутатаў, сустрэчы былі «важныя і карысныя», перамовы «адкрытыя і добразычлівыя», атрымана вельмі многа інфармацыі. Адказваючы на пытаньне журналістаў, ці не бянтэжыла вугорскіх дэпутатаў тое, што яны сустракаюцца зь сябрамі непрызнанага парлямэнту, амбасадар Вугоршчыны Фэрэнц Контра адзначыў:

«У кастрычніку 2008 году Эўразьвяз узяў курс на тое, каб пачаць дыялёг зь Беларусьсю. Весьці дыялёг і пры гэтым не размаўляць з дэпутатамі парлямэнту... То бок незалежна ад таго, што ёсьць высновы АБСЭ, падабаецца нам ці не, як яны былі абраныя, дыялёг атрымліваецца, калі мы размаўляем».

Якая пазыцыя вугорскіх дэпутатаў адносна прадстаўніцтва Беларусі ў парлямэнцкай асамблеі «Ўсходняга партнэрства» «Эўранэст» і ўдзелу там апазыцыі?

Паводле Габара Харша, у парлямэнцкія структуры звычайна запрашаюць толькі дэпутатаў, і ўсе краіны-ўдзельніцы павінны быць на роўных правах. Ён адзначыў, што такія міжнародныя ініцыятывы могуць быць выніковымі, «калі ўсе гатовы да кампрамісаў».

Дэпутат Д’юла Саба сказаў, што ўмовы далучэньня дыктуе арганізацыя, да якой далучаесься, і такі падыход не павінен быць нечаканым для Беларусі:

«Я бачу праблему ў тым, што калі ўмовы невыканальныя альбо складана выканальныя, то трэба падумаць, ці варта іх ставіць. Калі б такая ўмова была вылучана Вугоршчыне, то мы б выразна ведалі, што азначае слова „апазыцыя“ і ў якой прапорцыі гэта тычыцца нашай дэлегацыі. Паколькі я гляджу на Беларусь звонку, мне цяжка зразумець прапорцыі. Усьведамляючы праблему, мы прыхільнікі няхай больш паступовага, але больш цярплівага паступальнага руху наперад. Я ня згодны, што праблемы з часам вырашаюцца самі сабой. Гэтым справам трэба дапамагаць вырашыцца. Трэба ўзаемаразуменьне і дапамога. І гэта будзе спрыяць руху наперад».


Казулін: «Такая пазыцыя ня можа быць маральнай»


У сустрэчы з вугорскай дэлегацыяй удзельнічалі кіраўнік «Руху за Свабоду» Аляксандар Мілінкевіч, былы старшыня Вярхоўнага савету 12-га скліканьня Станіслаў Шушкевіч, кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, адзін з заснавальнікаў Партыі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі і іншыя палітыкі.

Паводле колішняга палітвязьня і былога кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна, на сустрэчы было падкрэсьлена, што прынцыповая пазыцыя вугорскай амбасады ў справе захаваньня правоў і свабодаў чалавека ёсьць пазыцыяй Вугоршчыны. Закраналася і пытаньне ўдзелу Беларусі ў «Эўранэсьце»:

«Мы падкрэсьлілі, што ёсьць рашэньне Эўрапарлямэнту, што ў склад „Эўранэсту“ будуць уваходзіць толькі прадстаўнікі апазыцыі, бо беларускі парлямэнт нелегетымны. Мы гатовы пайсьці на кампраміс з уладамі, каб у складзе „Эўранэсту“ былі прадстаўнікі і ўлады, і апазыцыі з роўнымі правамі. Улада зараз намагаецца, каб у складзе „Эўранэсту“ былі альбо толькі прадстаўнікі беларускага парлямэнту, альбо 5 прадстаўнікоў парлямэнту і з боку апазыцыі — толькі ў якасьці наглядальнікаў. Мы падкрэсьлілі, што такая пазыцыя ня можа быць маральнай і трэба трымацца тых рашэньняў, якія былі прынятыя Эўрапарлямэнтам. І калі беларускі парлямэнт ніводнага разу ня быў прызнаны легітымным, выбары былі з парушэньнямі, то гэта трэба ўлічваць і разумець, што парлямэнту як такога юрыдычна ў нас не існуе».

Паводле Казуліна вугорская дэлегацыя з паразуменьнем аднеслася да гэтых прапаноў.

Вугоршчына, Іспанія і Бэльгія — тры краіны, якія старшынююць цяпер у Эўразьвязе. Парлямэнцкая дэлегацыя зь Беларусі запрошана ў Будапэшт на сустрэчу Вышаградзкай групы (у яе ўваходзяць Чэхія, Славаччына, Вугоршчына і Польшча) і шасьці краінаў-партнэраў (Беларусі, Малдовы, Украіны, Азэрбайджана, Грузіі і Армэніі). У сакавіку міністар замежных спраў Сяргей Мартынаў возьме ўдзел у сустрэчы Вышаградзкай групы, краінаў «Усходняга партнэрства» і краін Балтыі.