Прынята лічыць, што апноэ – гэта стан чалавечага арганізму, які характарызуецца кароткачасовым (ад 10-20 сэкундаў да некалькіх хвілінаў) спыненьнем дыханьня. Звычайна апноэ находзіць на нас, калі мы сьпім. Апноэ здараецца нават у здаровых людзей, а ў хворых можа доўжыцца да 3 хвілінаў, адбывацца па дзесяць разоў за гадзіну і наогул займаць да 60 адсоткаў часу сну.
Натуральна, усё гэта казкі. Сёньня кожны адукаваны чалавек ведае, што Апноэ – гэта злы дух, які пасяляецца ў нашых кватэрах і крадзе па начах у змораных людзей подых. Паводле дасьледаваньняў паўднёваасэцінскіх спэцыялістаў, дух Апноэ сьляпы і глухі, ён арыентуецца па чалавечым храпе – адчуўшы ў пакоі вібрацыю, ён проста ідзе на храп, нібы драпежнік, які адчуў пах ахвяры. Вучоныя паспрабавалі вызначыць, які выгляд мае Апноэ: хутчэй за ўсё, гэта жанчына ў цёмных акулярах, зь вялікім мехам за плячыма, куды Апноэ складвае скрадзеныя ўдыхі і выдыхі, яна носіць белвестаўскі абутак на высокіх абцасах – шмат хто з пацярпелых ад Апноэ бажыўся, што, прачнуўшыся раптам уначы, чуў стукат крокаў, але кожны, вядома ж, падумаў на суседзяў. Часта тым, хто пакутуе на Апноэ, даводзіцца мяняць у кватэры падлогу – абцасы праклятага духа псуюць лямінат, пакідаюць вышчарбіны на паркеце і дзіркі ў лінолеуме.
Дзень толькі пачаўся, а вы ўжо стаміліся… Дух Апноэ падступны, ён шкодзіць спакваля, паступова. Чалавек можа не здагадвацца, што адбываецца зь ім уначы, і зьдзіўляцца ўдзень сваёй раптоўнай санлівасьці, млявасьці, зьніжэньню канцэнтрацыі, нізкай працаздольнасьці. Ён будзе пазяхаць з ранку да вечара і сам не заўважыць, як з пэрспэктыўнага супрацоўніка, якога ня грэх штомесяц прэміраваць, ператворыцца ў беспрацоўнага з рэпутацыяй вечнага ёлупня і абэлтуха. Але гэта яшчэ ня самае страшнае.
Апноэ заўсёды ідзе на храп.
Ці ёсьць у чалавека, якога кожную ноч наведвае Апноэ, нейкае выйсьце? Можна, напрыклад, лячыцца ад храпу.
А можна наступіць на горла сваёй жаўруковай песьні і стаць “савой”. Далей абыдземся без двукосьсяў.
Быць савой у дзяржаве жаўрукоў ня проста цяжка. Пакуты савы ў краіне, дзе ўсё заточана і наладжана пад радасных раньніх пташак, нікому не цікавыя. Тым ня менш лятэнтных соваў у Беларусі відавочна ня менш, чым прыхільнікаў эўраінтэграцыі. Совы ў Беларусі, ды і ў іншых краінах, зазнаюць сапраўдную дыскрымінацыю. Уначы, калі сава дасягае піку сваёй актыўнасьці, калі яе арганізм гатовы працаваць з найбольшай самааддачай, саву прымушаюць заплюшчваць яе падазрона вялікія вочы і засынаць, памаліўшыся перад сном добрым жаўрукам, якія так удала арганізавалі сьвет.
Шкада, што ў Беларусі няма сіесты.
Такі падзел абумоўлены фізіялягічна. Сава не вінаватая ў тым, што яна сава. У савы дэпрэсія. У савы катастрафічна зьніжаецца самаацэнка. Сава ніколі не дасягне такіх вышыняў, як жаўрук. Саву лічаць гультайкай бяз музычнага слыху і пачуцьця рытму. У савы адзін шлях: ПТВ, завод, мікрараён на ўскраіне. А захочаш бегчы – няма куды… Калі сава ўсё ж будзе трымацца сваёй савінай сутнасьці, калі захоча “людзьмі звацца”, то яе запішуць у багему, якую жаўрукі так ня любяць, бо багема ня сьпіць начамі, пяе свае “ніпанятные” савіныя песьні на “ніпанятнам языку”, п’е зуброўку і тупае наверсе, не даючы жаўрукам спаць.
Шкада, што ў Беларусі няма сіесты. Сіеста не зашкодзіла б жаўрукам і хаця б трохі дапамагла совам.
Затое да соваў не прыходзіць Апноэ.
Дзіўная рэч – сон. У сьне мы атрымліваем зашыфраваныя паведамленьні зь іншае рэальнасьці -- яшчэ невядома, якая зь іх сапраўдная. У сьне ажывае нашае калектыўнае несьвядомае, расейцам сьняцца татара-манголы, а нам – Францішак Скарына ў Празе, з кніжкамі. У сьне да нас прыходзіць ня толькі Апноэ, але і іншыя добрыя істоты. Напрыклад, да аднаго з нас, Якава, у сьне калісьці прыйшоў сам Пан Бог са складной лесьвіцай і сказаў, што тут, маўляў, табе і жыць, і нашчадкам тваім, і назваў чалавек тое месца Бэт-Эль, што значыць “дом божы”…
Сьвет, наладжаны пад тых, хто выспаўся.
Нічога дзіўнага, што сон здаўна прыцягваў да сябе літаратараў – людзей-соваў, якія любяць працаваць уначы. Сусьветная літаратура – адзін бясконцы соньнік. Сон – файная мэтафара, хаця сон як прыём даўно стаў банальным і ўжываецца ў апошні час хіба што ў камэрцыйнай літаратуры. Няма, відаць, ніводнага пісьменьніка або паэта, хто не скарыстаўся б з вобразу сну, хто б не паспрабаваў пранікнуць у яго таямніцу: камусьці ўдавалася гэта лепш, у кагосьці атрымліваліся хіба што “сны Веры Паўлаўны”. Не абышло пакланеньне сну і беларускую літаратуру: “Сон на кургане”, напрыклад, даўно стаў клясыкай.
Але ніхто так грунтоўна не пісаў пра сон, як Зыгмунд Фройд, які меў звычку садзіцца з вудаю каля каламутнай рэчкі чалавечых сноў і пачкамі выцягваць адтуль сымбалі для пацьверджаньня сваіх сумнеўных тэорый. Пазьней, калі Фройд памёр, у яго нарэшце зьявіўся сапраўдны вораг – Уладзімір Набокаў, геній і эстэт, які кпіў зь вялікага аўстрыйца пры кожнай нагодзе. Набокаў называў Фройда “махляром у кацялку”, “спадаром зь венскім парасонам”, а ягонае вучэньне – “прыкладваньнем грэцкіх мітаў да дзетародных органаў”.
Сон, сон, сон: у сьне мы даведваемся праўду пра сябе і іншых, выдаем таямніцы, у сьне мы дзелімся дыханьнем з тымі, каго любім, у сьне мы безабаронныя, у сьне каханыя называюць нас чужымі імёнамі, у сьне мы назапашваем сілы для таго, каб потым змарнаваць іх на змаганьне з мроямі, у сьне, у сьне…
З гадамі добры сон становіцца ўсё важнейшым: калі мне было дваццаць гадоў, я мог ня спаць некалькі начэй запар, піць, курыць, пісаць, вандраваць, кахаць, ненавідзець, і цудоўна пачуваўся. А цяпер да мяне ўначы прыходзіць Апноэ, дух, якога ўжо ніколі ня выгнаць, і зьбірае сваю даніну.
Народу сьніцца, што ён квітнее.
Спаць могуць ня толькі людзі, жывёлы, расьліны, трактары пад сьнегам, журналісты на планёрцы, салдаты на пасту, мэдсёстры на дзяжурстве…
Спаць могуць цэлыя народы, і калі розум якога-небудзь народу засынае, вакол яго, як вядома, пачынаюць пладзіцца пачвары. Вырастае калючае кустоўе да неба, празь якое да таго зачараванага замка, дзе сьпіць народ, нікому не прабіцца – усё як у вядомай казцы. Народу сьніцца, што ён квітнее, а яго даўно ўжо няма, там, дзе ён жыў калісьці, цяпер калючыя непраходныя кусты, і бог жыхарам замка ня сьніцца, а сьніцца сонечны дзень сурка, 3 ліпеня, і Апноэ складвае подыхі тых заснулых людзей у свой бяздонны мех, і ніхто не назаве гэтае месца Бэт-Эль, а назаве хіба што “западнорусскімі губерніямі” і напіша народу гэта нязводнымі чырвонымі літарамі на ілбе. І ніколі нічога ня зьменіцца, колькі б ні лёталі над кустамі вясёлыя жаўрукі, колькі б ні глядзелі з калючага гальля маркотныя совы. І можна цалаваць у тым зачараваным замку каго заўгодна, ад прынцэсы да кухаркі, любы з разбуджаных жыхароў прамармыча адно: “Што, блядзь, ня сьпіцца? Выхадны, трэцяя гадзіна ночы…” , павернецца на другі бок і зноў захрапе.