Вечарына, прысьвечаная Ларысе Геніюш, не адбудзецца

Ларыса Геніюш

Вечарыну, прысьвечаную Ларысе Геніюш, якая мелася адбыцца 9 лютага ў Менску ў Літаратурным музэі Максіма Багдановіча, забаранілі. Супрацоўнікі музэю, пісьменьнікі, грамадзкія актывісты хацелі ўшанаваць памяць легендарнай паэткі, вязьня сталінскіх лягераў, якой сёлета 9 жніўня споўнілася б 100 гадоў. У сувязі з гэтай датай шэраг нацыянальных арганізацый абвясьцілі ўвесь 2010 год годам Ларысы Геніюш.
Пра забарону вечарыны стала вядома зь неафіцыйных крыніц. Але дырэктарка Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча Тацяна Шаляговіч кажа, што насамрэч імпрэза не забароненая, а адкладзеная на нейкі час:

«Яна не адмяняецца. Яна адкладаецца. Зараз проста ў музэі ўсе захварэлі. Сёньня не прыйшлі на працу тры чалавекі, яшчэ трое сядзяць — шморгаюць насамі. Мусіць, зараз пайшла зноў хваля інфэкцыі. Перажывем, а там зноў наладзім. Я так вот проста сёньня з раніцы і вырашыла, што давайце адкладаць крышку далей».

Канкрэтнай новай даты вечарыны спадарыня Шаляговіч не назвала:

«У нас жа час ёсьць да жніўня месяца».

На плянаваную 9 лютага вечарыну былі запрошаныя многія пісьменьнікі і грамадзкія дзеячы, якія асабіста былі знаёмыя з Ларысай Геніюш. У іх ліку іх — і знаны паэт, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы Алесь Разанаў. Навіну пра адмену імпрэзы ў гонар Ларысы Геніюш спадар Разанаў пракамэнтаваў так:

«Калі ня трэба Геніюш — тады і геніяў ня трэба. Падразайце вярхі, падразайце розумы, падразайце таленты».