5 лютага – апошні дзень, калі палітычныя партыі, грамадзкія арганізацыі, працоўныя калектывы і грамадзяне праз збор подпісаў могуць вылучыць сваіх прадстаўнікоў у склад акруговых выбарчых камісіяў. А ўжо 8 лютага гэтыя камісіі павінны быць сфармаваныя.
Аб’яднаная грамадзянская партыя назвала імёны партыйных вылучэнцаў у акруговыя камісіі. Сярод іх былы старшыня Нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч, народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, дэпутат Вярхоўнага Савету СССР Аляксандар Дабравольскі, былы міністар працы Аляксандар Сасноў, колішні кіраўнік прадпрыемства “Амкадор” Васіль Шлындзікаў ды іншыя добра вядомыя ў Беларусі людзі.
Старшыня партыі Анатоль Лябедзька тлумачыць, чаму перавага аддадзеная менавіта гэтым знаным асобам:
“Для нас гэта чарговы тэст, які мы прапануем уладам. Калі ў выбарчую камісію, абсалютна незалежна, якога яна роўню, улада адмаўляе такім людзям, як Багданкевіч, Шлындзікаў, Сасноў, то выснова абсалютна ясная – улада не зьбіраецца праводзіць ніякіх выбараў. Не разумею, як можна адмовіць людзям, якія стваралі канцэрн, кіравалі Нацбанкам, узначальвалі міністэрства? У іх жа былі сотні і тысячы падначаленых! Гэткім шляхам мы хочам адцяніць сытуацыю, зрабіць яе чорна-белай”.
Старшыня выканкаму АГП Ігар Шынкарык кажа: на папярэднім этапе, калі рэкамэндавалі кандыдатаў у склад тэрытарыяльных камісіяў, партыя назвала 18 прэтэндэнтаў. Зь іх у камісіі трапілі толькі 3. Цяпер вылучэнцаў у дзясяткі разоў больш:
“Акругаў жа значна болей. Напрыклад, у Менску ў склад тэрытарыяльнай камісіі мы маглі вылучыць толькі аднаго кандыдата, а ў акруговыя камісіі – аж 9”.
Аляксандар Дабравольскі не перабольшвае ролі свайго магчымага ўключэньня ў склад акруговай камісіі:
“Я буду працаваць, калі мяне ўключаць. Але галоўнае звычайна вырашаецца ва ўчастковых камісіях, дзе лічаць галасы. І думаю, што наўрад ці каго з нашай партыі ўключаць ва ўчастковыя камісіі. Вось у чым праблема. Але я працаваць гатовы”.
Сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік кажа: было спадзяваньне, што вылучэньне ў тэрытарыяльныя камісіі пройдзе больш актыўна:
“Цяпер, мабыць, падзейнічала крытыка грамадзкасьці. Пачалі абмяркоўваць, чаму іх так мала. Для іх жа стварылі ўмовы, зьмянілі заканадаўства, паслалі зялёны дыван: ідзіце, калі ласка, мы вас чакаем. А яны не пайшлі. Ну, мабыць, прачнуліся ўжо. Такое маё меркаваньне”.