"Выбачаемся, што наш экіпаж пакуль што ня можа вітаць вас на борце нашага самалёта ўкраінскаю моваю," – і пілёт чэскіх авіяліній пераходзіць на ангельскую. Паўтары гадзіны лёту – мы ў аэрапорце Барыспаль, дзе пасадачныя палосы ледзь пасьпяваюць расчышчаць ад сьнегу. І памежнікі, і мытнікі размаўляюць толькі па-украінску.
... Пятнаццаць гадоў таму нехта прывёз з Кіеву ў Менск надрукаваную на дрэннай паперы кнігу пра Сымона Пэтлюру, папярэдзіўшы, што гэта – самвыдат, так проста ня знойдзеш. Чатыры гады таму кнігі пра Пэтлюру я бачыў у Кіеве ў вольным продажы, і ўжо выходзілі кнігі пра Бандэру.
Прысваеньнем Стэпану Бандэру званьня Героя Ўкраіны прэзыдэнт Віктар Юшчанка зруйнаваў апошнія бастыёны савецкіх стэрэатыпаў (зайздросна, што зроблена гэта ў гадавіну стагодзьдзя Ларысы Геніюш, якую ў Беларусі афіцыйна калі і ўзгадваюць, дык з лаянкай). І хаця далёка ня ўсе ва Ўкраіне ўспрынялі гэты ўказ станоўча, пра раней забароненыя тэмы тут гавораць свабодна. Гэта можа гучаць патасна, але, пэўна, менавіта пра такую свабодную Ўкраіну марыў Вячаслаў Максімавіч Чарнавіл...
Ці – не пра такую?
Я прыляцеў ва Ўкраіну, каб паспрабаваць знайсьці адказ.
Падтрымка сынам Чарнавіла Тарасам на мінулых прэзыдэнцкіх выбарах не "аранжавых" (як усе чакалі), а Януковіча і да гэтага часу працягвае зьдзіўляць. Таксіст, які вёз мяне з аэрапорту, патлумачыў проста: "Сын проці бацькі – то звычайна справа. Псыхологія!". Ну, можна лічыць і так, але, спадзяюся, днямі атрымаю тлумачэньне ад самога Тараса, які ўжо некалькі скліканьняў запар – дэпутат Вярхоўнай Рады.
Нечаканасьцю было, калі мне далі мабільны нумар кіраўніка інфармацыйнай службы Януковіча, і ў трубцы я пачуў знаёмы голас: "Вітаю, Сергію!". То быў Дмытро Панамарчук, колішні прэсавы сакратар Народнага Руху, зь якім мы ночы праседжвалі ў штаб-кватэры Руху на вуліцы Ганчара. Той самы Дмытро, які знаходзіўся ў аўтамабілі разам з Чарнавілам уначы 25 сакавіка 1999 году, калі іх "Таёта" ўрэзалася ў самазвал; выжыў толькі Дмытро. У выпадку перамогі Януковіча ён, напэўна, будзе міністрам інфармацыі ці кіраўніком нейкага ведамства ў адміністрацыі, але, ведаючы яго ранейшага, мне ўсё ж падаецца, што пайшоў Панамарчук да лідэра "Партыі рэгіёнаў" не з-за пасады (не зьдзіўлюся, калі ён увогуле адмовіцца ад высокага кабінэту) – а, несумненна, пайшоў дзеля ідэі.
Якая ж гэта ідэя, што прыводзіць такіх людзей, як Тарас Чарнавіл ці Дмытро Панамарчук у супрацьлеглы, здавалася б, лягер? Што такое мусіў зрабіць (ці не зрабіць) Юшчанка, каб ад яго адвярнуліся нацыянальна арыентаваныя палітыкі?
Гэта толькі адна частка пытаньня, якое я буду задаваць сваім суразмоўцам, а другая – чаму яны, адышоўшы ад Юшчанкі, не прыйшлі да Цімашэнкі, якая ў ня меншай ступені сымбаль "аранжавай рэвалюцыі"? І ці не атрымліваецца, што падзел Януковіч-Цімашэнка – гэта не зусім падзел на чорнае і белае?
У Кіеве ўжо цямнела, калі, засяліўшыся ў гатэль, я дабраўся да бюро Радыё Свабода на Крашчаціку. Калегі абмяркоўвалі гарачую навіну: Юшчанка падпісаў закон аб зьменах у выбарчае заканадаўства, якія дазваляюць участковым камісіям прымаць рашэньні бяз кворуму; усе сыходзяцца на тым, што гэта – адназначна на руку Януковічу і супраць Цімашэнкі.
А ўчора за гэтыя папраўкі ў Вярхоўнай Радзе прагаласавалі і прыхільнікі Юшчанкі, і прыхільнікі Януковіча.
Колішнія заклятыя супернікі – у адной зьвязцы?
Каб я ня вельмі крытычна ставіўся да рэаліяў украінскага жыцьця, калегі расказалі мне папулярны у Кіеве анэкдот з жыцьця беларускага.
У Лукашэнкі пытаюцца:
– Вы да колькі правіць будзеце?
– Да колькі? Да Колькі!
Што праўда – выбары тут, у адрозьненьне ад беларускіх, сапраўды непрадказальныя.