Старшыня Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі, калюмніст “Советской Белоруссии” і сталы аўтар інтэрнэт-газэты “Беларускія навіны” (naviny.by) Аляксандар Зімоўскі камэнтуе прэзыдэнцкі ўказ аб рэглямэнтацыі нацыянальнага сэгмэнту інтэрнэту.
“Я выступаў супраць такіх формаў рэгуляваньня, калі запытвалі майго меркаваньня. Праўда, я не ўваходзіў ні ў якія камісіі, а выказваў сваё меркаваньне асабістае -- як чалавек, які глядзіць крыху наперад і бачыць будучае ўсё ж у разьвіцьці тэхналёгій, а не ў іхным удасканаленьні заканадаўчым чынам. Што тычыцца палажэньняў указу, то ня буду абмяркоўваць сам указ, зыходзячы з этыкі дзяржаўнай службы, але прывяду два прыклады, якія, на мой погляд, маглі б па іншаму рэгуляваць сытуацыю ці ўпарадкаваць дзейнасьць Байнэту, як гэта зараз модна казаць.
Што тычыцца абмежаваньняў, то нічога новага распрацоўнікі не ўзялі. Яны сьпісалі нормы з украінскага закону, прынятага ў 2009 годзе. Тычыўся ён непасрэдна барацьбы з парнаграфіяй і быў там артыкул, якім правайдэраў на запыт праваахоўных органаў абавязалі абмяжоўваць доступ да Сеціва, а таксама інфармаваць адпаведныя структуры. Так і напісана (цытую): “Правайдэры камунікацый абавязаныя захоўваць інфармацыю пра ўсе злучэньні свайго кліента з рэсурсамі, доступ да якіх забясьпечваецца зазначаным правайдэрам. Тэрмін, парадак і поўны пералік такой інфармацыі рэгулююцца Кабінэтам міністраў Украіны”. У нас -- Саветам міністраў. Далей я не працягваю, бо людзі, якія распрацоўвалі ўказ, сябе моцна не абцяжарвалі думкамі.
Я, напрыклад, лічу, што стварэньне карыстальніцкага пагадненьня для кампаніі, якая прадстаўляе паслугі, ці для сацыяльнай сеткі, цалкам можна было ўзяць па ўзору myspace.com. У расейскім сэгмэнце MySpace ёсьць умовы карыстаньня, там пералічваецца ўсё, што павінен правайдэр ці ўладальнік сацыяльнай сеткі зрабіць дзеля таго, каб выключыць непажаданыя захады карыстальнікаў. Там ёсьць усё, пачынаючы ад расавай нянавісьці, парнаграфіі, экстрэмісцкіх заклікаў і г.д. Я прапаноўваў пайсьці гэтым шляхам, калі мяне запытвалі – а як вам бачыцца?
Але, разумееце, чым мацнейшая дзяржава, тым менш яе хвалюе інтэрнэт. Наша краіна пакуль знаходзіцца ў працэсе станаўленьня і праблемы інтэрнэту яе турбуюць. Злучаныя Штаты – вельмі моцная дзяржава і інтэрнэт там усім, па вялікаму рахунку, па барабану. Таму што ў ЗША судовай пастановай скасаваны закон, які абмяжоўваў доступ дзяцей да парнаграфіі… То бок, увогуле гаворка пра правілы карыстаньня ці, як кажуць у ЗША, правілы бою. Вось калі яны ёсьць, то вам нічога ня будзе. Вы дзейнічалі паводле статуту і ніводзін суд не прызнае вас вінаватым. Вось гэтым шляхам якраз і можна было рухацца. Але, зноў жа, указ прыняты, праўда, у сілу ён яшчэ не ўступіў. Але ўказы я не абмяркоўваю, абмяркоўваю мэтодыкі, варыянты ды іншае”.