3 лютага ў менскім клюбе “Рэактар” адбудзецца вялікі сольны канцэрт легенды беларускага року, найлепшага рок-гурту 2009 году – “Крамы”. Напярэдадні канцэрту карэспандэнтка “Свабоды” пагутарыла зь лідэрам “Крамы” Ігарам Варашкевічам.
Карэспандэнтка: Што новага вы прапануеце сваім прыхільнікам на канцэрце ў “Рэактары”?
Варашкевіч: Дзьве новыя песьні.
Карэспандэнтка: Я чытала на некаторых сайтах, што вы пачалі пісаць пра каханьне і пра крызіс. Гэта праўда?
Варашкевіч: Так. Адна сапраўды пра каханьне, а другая ўмоўна называецца “З Новым годам”. Можа, такая назва й застанецца.
Карэспандэнтка: Вось учора да нас у рэдакцыю завітала адна ваша прыхільніца і, дарэчы, калега па цэху, дык яна папрасіла: “Спытайцеся, хто муза, хто натхніў Ігара Варашкевіча на песьню пра каханьне?
Варашкевіч: Гэта сакрэт. Пра муз ніхто ніколі не расказвае.
Карэспандэнтка: Галоўнае, каб яны натхнялі...
Варашкевіч: Так. Безумоўна.
Карэспандэнтка: Ігар, і ўсё ж такі калі будзе новы альбом? Апошні быў больш за два гады таму. Калі вы парадуеце сваіх прыхільнікаў?
Варашкевіч: У мяне няма сродкаў на выданьне новага альбому. Пытаньне закрыта.
Карэспандэнтка: Ці можна ў Беларусі зарабіць канцэртамі на выданьне новага альбому?
Варашкевіч: Мы ня можам зарабіць на запіс новага альбому. Магчыма, хтосьці можа зарабіць.
Карэспандэнтка: А ці ёсьць у Беларусі мэцэнаты, якія могуць дапамагчы? Чаму ў нас шоў-бізнэс амаль што ў заняпадзе?
Варашкевіч: У нас няма мэцэнатаў. У іншых, напэўна, ёсьць. У нас няма. Я ж сказаў: у нас няма сродкаў. Мне ўжо настолькі надакучыла на гэтае пытаньне адказваць... А потым усе кажуць, што я ныю. Не цікавяцца намі людзі. Ляжыць матэрыял, ужо больш за два гады ляжыць, і не на адзін альбом, а як мінімум на два альбомы. Я нават адышоў ад сваіх прынцыпаў і вырашыў сыграць дзьве новыя песьні на канцэрце, хаця запісаў іх няма. Таму што іншага выйсьця я ня бачу. Будуць яны існаваць на канцэртным запісе. Тым больш што гэты канцэрт будзе здымаць СТВ.
Карэспандэнтка: Тэлевізія, той самы “Зорны рынг”, дзе вы так бліскуча перамаглі расейскую поп-зорку Лаліту, іншыя праграмы – усё гэта можа ўзьняць ваш рэйтынг і дадаць папулярнасьці?
Варашкевіч: Гэта ўсё будзе відаць на канцэрце ў “Рэактары”. Хаця я ня думаю, што там будзе надзвычай шмат людзей. Марыць, што там будзе тысяча ці паўтары, ня трэба. Я ўсё разумею... Калі мы перамаглі Лаліту, мае музыкі казалі: “А дзе ж усе гэтыя людзі, што за нас галасавалі, калі трэба прыйсьці на канцэрт?” У беларусаў такі мэнталітэт: “свае нікуды ня дзенуцца, нікуды не саскочаць”. Так што пабачым... Я гэта кажу без пэсымізму. Я гатовы ўбачыць любую сытуацыю.
Карэспандэнтка: Посьпехаў вам. І ўдзячнай публікі.
Варашкевіч: Дзякуй. Слухач будзе ўдзячны, у гэтым я ўпэўнены.
Росквіт “Крамы” прыйшоўся” на 1990-я гады: былі запісаныя альбомы “Хворы на рок-н-рол”, “Гэй, там, налівай!”, “Камэндант”, “Што дапаможа нам”, “Хавайся ў бульбу”. У 2004-м, пасьля выступу на канцэрце з нагоды 10-годзьдзя прэзыдэнцтва Лукашэнкі, “Крама” разам зь іншымі рок-гуртамі і выканаўцамі трапіла пад негалосную забарону: больш за 3 гады гурт не выступаў зь вялікімі канцэртамі, не гучаў на большасьці радыёстанцыяў.
У 2007 годзе музыкі запісалі новы альбом “Усё жыцьцё – дзіўны сон”. Потым быў пасьпяховы выступ разам з “бацькам расейскага блюзу” Мікалаем Аруцюнавым, камэрныя канцэрты ў невялікіх клюбах, кшталту “Графіці”.