Ці абмяжуе свабоду інтэрнэту прэзыдэнцкі ўказ?

Прэзыдэнт выдаў указ № 60, які рэгулюе дзейнасьць Інтэрнэту. Ці адпавядае рэчаіснасьці афіцыйная матывацыя зьяўленьня гэтага дакумэнту? Які сапраўдны сэнс выданьня ўказу? Ці пагражае ён свабодзе слова?
Удзельнікі: галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты “Мы” Кірыла Пазьняк і каардынатар сайту “Generation.by” Юры Сідун.

Які сапраўдны сэнс выданьня ўказу?

Валер Карбалевіч: “Дзяржаўныя мэдыі падаюць прэзыдэнцкі ўказ № 60 як скіраваны на ўдасканаленьне выкарыстаньня інтэрнэту. Аляксандар Лукашэнка падчас публічных выступаў заўсёды выказваўся пра інтэрнэт у нэгатыўным сэнсе, параўноўваў яго з “сьметнікам”, разглядаў як пагрозу. Цяпер раптам ён задбаў пра ўдасканаленьне яго выкарыстаньня. Ужо прагрэс.

Дзяржаўныя мэдыі цьвердзяць, што ўказ скіраваны на павышэньне якасьці і зьніжэньне кошту інтэрнэт-паслугаў, даступнасьць інфармацыі пра дзейнасьць дзяржаўных органаў, абарону інтэлектуальнай уласнасьці, абарону грамадзтва ад распаўсюду парнаграфіі, прапаганды насільля і інш. Як вы пракамэнтуеце такую афіцыйную матывацыю зьяўленьня гэтага ўказу?”
Кірыла Пазьняк

Кірыла Пазьняк: “Гэты ўказ сапраўды прыняты дзеля разьвіцьця інтэрнэту. Іншая справа, што гэты працэс улады зьмяшчаюць у пэўныя межы, матывуючы пытаньнямі бясьпекі — і дзяржавы, і грамадзтва. У прынцыпе, гэта праблема для ўсіх краін. Але, ведаючы беларускія ўмовы, інтрыга палягае ў тым, наколькі падчас яго прымяненьня пацерпіць свабода слова.

Указ мае некалькі задачаў. Па-першае, інтэрнэтызацыя краіны, зьніжэньне коштаў, павышэньне якасьці, удасканаленьне сайтаў дзяржструктураў. Тут улады дбаюць пра мадэрнізацыю самых розных сфэраў.

Па-другое, так бы мовіць, цывілізаваньне сеткі. Тут і заслона парнаграфіі, і абарона аўтарскіх правоў. Па-трэцяе, упарадкаваньне дзейнасьці суб’ектаў інтэрнэт-бізнэсу.

Па-чацьвёртае, цэнзурны кантроль інтэрнэт-прасторы, каб зьменшыць сацыяльна-палітычныя рызыкі. Бо інтэрнэтызацыя пашырае доступ да незалежнай інфармацыі. І сытуацыйнай нагодай сталі мясцовыя і прэзыдэнцкія выбары.

Натуральна, што дзяржаўныя мэдыі акцэнтуюцца на першых трох задачах. А апазыцыйныя колы даводзяць, што галоўная мэта ўказу — гэта зачыстка інтэрнэт-прасторы як грамадзка-палітычнай вольніцы”.
Валеры Карбалевіч

Юры Сідун: “Афіцыйная матывацыя гэтага ўказу зьвязаная з бліжэйшымі выбарчымі кампаніямі. Гэтае пытаньне немагчыма было адцягваць далей. У 2006 годзе ўлады, па вялікім рахунку, яшчэ не заўважалі інтэрнэт, рабілі толькі кропкавыя дзеяньні, блякуючы пэўныя сайты. А цяпер прынятае рашэньне працаваць з інтэрнэтам сыстэмна.

Калі казаць пра пазытыў гэтага ўказу, то я б яго акрэсьліў так. Добра, што мы не пайшлі па шляху Паўночнай Карэі, дзе інтэрнэт блякуецца цалкам. Але прадстаўляць гэты ўказ як сродак пашырэньня інтэрнэту — недарэчна. Інтэрнэт пашыраецца сам па сабе. Задача дзяржавы — рабіць нармальныя заканадаўчыя і адміністратыўныя схемы, у якіх разьвіцьцём інтэрнэту мог бы займацца прыватны бізнэс. Але гэты ўказ не падштурхоўвае бізнэс да інтэрнэту, а хутчэй наадварот”.

Ці пагражае ўказ свабодзе слова?


Карбалевіч: “Калі зьявілася першая інфармацыя пра тое, што рыхтуецца падобны ўказ, інтэрнэт-супольнасьць адразу зрабіла выснову, што ён скіраваны на абмежаваньне свабоды слова. І вось ён зьявіўся. Ці слушнымі выявіліся тыя страхі? Ці сапраўды ўказ абмяжоўвае дзейнасьць інтэрнэт-мэдыяў, форумаў і інш.?”

Пазьняк: “Разьвіцьцё інтэрнэту турбуе кіраўніцтва краіны. Бо сюды ссунулася ўся незалежная прэса. Тут апошнім часам актыўна разьвіваецца народная журналістыка, ладзяцца альтэрнатыўныя камунікацыі. І, што самае небясьпечнае напярэдадні выбараў, тут могуць арганізоўвацца антыўладныя кампаніі.

Падаецца, што татальнай цэнзуры ў інтэрнэце ўвесьці ня ўдасца з тэхнічных прычын. Бо гэта і дорага, і працаёміста. Хутчэй за ўсё, асноўны разьлік робіцца на прэвэнтыўны эфэкт, для ўвядзеньня самацэнзуры. Каб кожны ўдзельнік інтэрнэт-працэсу памятаў, што за ім сочыць Апэратыўна-аналітычны цэнтар пры прэзыдэнце. Паралельна ўлады абвясьцілі, што павінна ўдасканальвацца праца дзяржпрэсы. Свае сайты будуць мець нават раённыя газэты”.
Юры Сідун

Сідун: “Цяжка з тэксту ўказу меркаваць пра рэальную пагрозу свабодзе слова. Больш канкрэтна можна будзе гаварыць, калі зьявяцца падзаконныя акты пасьля 1 траўня.

Я згодзен, што ўказ скіраваны на самацэнзуру беларускіх карыстальнікаў. На буйных сайтах зьяўляюцца камэнтары, што цяпер варта быць асьцярожным, бо па цябе прыйдуць. Магчыма, кагосьці сапраўды ўказ напужаў. А магчыма, гэтыя камэнтары робяцца адмыслова, каб стварыць атмасфэру страху. Сапраўды, у інтэрнэце дэмакратычная грамадзкасьць мае больш вольную прастору, чым на вуліцах Менску”.

Практычныя наступствы ўказу


Карбалевіч: “Дзяржаўныя мэдыі цьвердзяць, што ўказ скіраваны на павышэньне якасьці і зьніжэньне кошту інтэрнэт-паслугаў. Як вы гэта пракамэнтуеце?”

Пазьняк:
“Наконт патаньненьня, то гэта цалкам верагодна. А вось якасьць пагаршаецца. Апошнія месяцы доступ да шэрагу сайтаў досыць праблемны. Ня выключана, што гэтыя збоі — частка падрыхтоўчай кампаніі ўладаў да выбараў”.

Сідун: “Зьявілася інфармацыя, што з 1 ліпеня патаньнеў інтэрнэт для юрыдычных асобаў, то бок для правайдэраў. Апошнім часам ён таньнее некалькі разоў на год.

А якасьць сапраўды пагоршылася. Справа ў тым, што вонкавы канал беларускага інтэрнэту, дзесьці 12 гігабіт, ідзе на Расею і ўсяго толькі 2 гігабіты — на Захад. З ростам колькасьці карыстальнікаў інтэрнэту ўсё больш людзей падлучаецца да сайтаў, якія знаходзяцца ў заходніх краінах. І падлучацца даводзіцца праз Расею, адпаведна — якасьць кепская. Чым кіруюцца ўлады, незразумела. Магчыма, у гэтым пляне іх дзеяньні каардынуюцца з Расеяй”.

Карбалевіч: “Указ падштурхоўвае дзяржаўныя ўстановы і дзяржаўныя мэдыі да выкарыстаньня інтэрнэту. Але ці можна адміністрацыйнымі мэтадамі павысіць зацікаўленасьць у гэтай сфэры? Бо сёньня сайты большасьці дзяржаўных устаноў нецікавыя”.

Пазьняк: “Вось прыватны прыклад, тыя ж раёнкі. Зь зьяўленьнем у іх сайтаў прысутнасьць дзяржаўнай прапаганды ў рэгіёне павялічыцца. А незалежных недзяржаўных рэсурсаў мала, і яны ня дужа папулярныя. Таму ў рэгіёнах канкурэнцыя будзе роўная.

Калі ж браць агульнанацыянальныя інтэрнэт-выданьні, то тут перавага на баку недзяржаўных мэдыяў. Але нядаўна міністар інфармацыі Праляскоўскі казаў пра стварэньне буйнога інтэрнэт-парталу, які будзе рабіцца сіламі лепшых журналістаў дзяржаўных мэдыяў”.

Сідун: “Стварэньне гэтага парталу пэрспэктыўна хіба што ў сэнсе асваеньня бюджэтных грошай. Але яго эфэктыўнасьць будзе абсалютна несувымерная з затрачанымі рэсурсамі. Пра гэта можна казаць, гледзячы на сайты дзяржаўных мэдыяў. Гэта будзе нагадваць “Дажынкі” альбо пабудову лядовых палацаў”.