"Адзіны сэнс гэтага ўказу - гэта надзьмуваньне паранойі ў грамадзтве. Асноўны сакрэт, асноўны чыньнік - гэта пэрсанальны страх кожнага з нас", -- лічыць намесьнік рэдактара "Белгазеты", аўтара нашумелага рамана "Паранойя" Віктар Марціновіч.
Дракахруст: Віктар, у вашым рамане-антыўтопіі спэцслужбы прыдуманай вамі краіны маюць лёзунг "Бачым, чуем, ведаем". Ён увасабляецца ў жыцьцё?
Марціновіч: Мне здаецца, што адзіны сэнс гэтага ўказу - гэта надзьмуваньне паранойі ў грамадзтве. Асноўны сакрэт, асноўны чыньнік - гэта пэрсанальны страх кожнага з нас. У гэтым дакуменце ёсьць шмат пунктаў, якія скіраваныя не на тое, каб кагосьці схапіць за руку, а каб любы ўсьведамляў, што яго могуць схапіць за руку. І калі такі настрой запануе ў грамадзтве, дык і ня трэба ніколі за руку лавіць - кожны сам сябе за руку ловіць, кожны сам сабе кажа: "А я ня буду гэтага пісаць у блогу, ня буду ставіць на сайт, бо хто ж яго ведае...Яны ж усё ведаюць".
Мэта - распаўсюдзіць атмасфэру страху, якая і так пануе ў грамадзтве, і на карыстальнікаў інтэрнэту, на людзей, якія былі далей за астатніх ад страху.
Дзяржаўныя службоўцы і бяз гэтага кожны дзень сябе пытаюць, ці правільна я ўсё раблю. А гэтую частку грамадзтва трэба было "прычасаць". Вось і "прычасалі".
Вокладка кніжкі Марціновіча