Магчымыя наступствы указу аб рэгуляваньні Інтэрнэту для беларускага бізнэса ў Сеціве мы папрасілі пракамэнтаваць прадпрымальніка і юрыста Сяргея Балыкіна. Зь ім гутарыў Юры Дракахруст.
Балыкін: Я мяркую, што вялікіх цяжкасьцяў у бізнэсу ня будзе. Замежных суб'ектаў гаспадараньня гэты ўказ ня тычыцца і пра гэта там і сказана. Патрабаваньне, каб беларускія Інтэрнэт-крамы знаходзіліся ў дамэннай зоне by, то я лічу, што так яно і павінна быць, бо гэта ўзмацняе абарону беларускіх спажыўцоў і гэта няцяжка зрабіць. Адзіная праблема – вялікі кошт рэгістрацыі дамэннага імя ў дамэннай зоне by – 130 тысяч рублёў без ПДВ. Гэта ў некалькі разоў даражэй, чым ў дамэннай зоне com. Таксама у 2-3 разы даражэй кошт паслуг гостынгу.
Таксама незразумела, што разумеецца пад рэалізацыяй тавараў і паслугаў. Я не зьдзіўлюся, калі нават проста разьмяшчэньне інфармацыі ў іншых дамэнных зонах будзе разглядацца нашымі ўладамі, як аказаньне паслугаў. Вось гэта пужае.
Больш грунтоўныя камэнтары можна будзе даваць толькі пры зьяўленьні тых нарматыўных актаў, якія прадугледжввае гэты ўказ.
Дракахруст: А наколькі распаўсюджанае ў Беларусі вядзеньне бізнэсу ў Інтэрнэце на дамэнных імёнах, адрозных ад by?
Балыкін: Большасьць беларускіх крамаў знаходзяцца ў зоне by. Некаторыя знаходзяцца за межамі нашай краіны, некаторыя госцяцца ў Беларусі, гэта непрынцыпова. А вось што тычыцца рэклямных сайтаў – то іх па-за зонай by нават больш, чым у ёй. Тут яшчэ ўзьнікае пытаньне, што рабіць з фірмамі, якія працуюць на экспарт і разьмяшчаюць свае сайты ў дамэнных зонах тых краін, куды экспартуюць сваю прадукцыю.