“Бамбаваньне” інтэрнэту будзе кропкавае. Але зачэпіць многіх

Нацыянальны сэгмэнт сеткі Інтэрнэт будзе рэглямэнтаваны ад 1 ліпеня 2010 году. Гэта вынікае з указу Аляксандра Лукашэнкі, падпісанага напярэдадні.

ІНТЭРНЭТ БЯРУЦЬ ПАД КАНТРОЛЬ. КАМЭНТАРЫ СПЭЦЫЯЛІСТАЎ


Паводле дакумэнту, уводзіцца дзяржаўная рэгістрацыя сетак, сыстэмаў і рэсурсаў. Дзеля чаго спатрэбілася “упарадкаваць” віртуальную прастору?

Вось што на гэты конт мяркуе былы начальнік Галоўнага дзяржаўна-прававога ўпраўленьня адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандар Пласкавіцкі:

“Улада стварыла ўмовы, каб ўмешвацца ў інтэрнэт-прастору. Гэта азначае толькі адно: яны зараз больш уважліва чытаюць інтэрнэт і ён іх крыўдзіць. Па-дзіцячаму крыўдзіць: чытаюць пра сябе, крыўдзяцца”.

Карэспандэнт: “А ці рэальна кантраляваць інтэрнэт ва ўмовах сучасных тэхналёгій?”

“А татальны кантроль і не патрэбны. Проста неабходны мэханізм, каб помсьціць, больш нічога. Каму трэба адпомсьціць – гэта зробяць. А каму не -- тыя нічога і не заўважаць. Таму для большасьці гэта ня мае ніякага сэнсу. Але тым, хто зрабіў барацьбу з уладай сваёй мэтай, – будзе цяжка. І, магчыма, улада, каб зрабіць прыемнае царкве, а таксама Эўропе закрые нейкія парнаграфічныя ды іншыя сайты ня вельмі прыстойнага зьместу”.

Паводле Пласкавіцкага, “бамбаваньне” інтэрнэту будзе выбарнае, кропкавае, але пакрые ўсіх, хто лічыць, што інтэрнэт для іх – гэта акно ў свабоду”.