Старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына на прэс-канфэрэнцыі падвяла вынікі фармаваньня тэрытарыяльных выбарчых камісій, якія будуць працаваць падчас мясцовых выбараў.
Яна паведаміла, што заяўка палітычных партый на ўдзел у працы гэтых камісій задаволена на 90%. 105 прадстаўнікоў палітычных партый увайшлі ў склад камісій. Гэта менш за 1% ад складу выбаркамаў. 75 чалавек – ад Камуністычнай партыі Беларусі, ад “Справядлівага сьвету” – 9 чалавек, ад ЛДПБ - 7, Рэспубліканскай партыя працы і справядлівасьці – 5, АГП – 4, ад Грамады і ад Аграрнай партыі – па 2 чалавекі, ад сацыяльна-спартыўнай партыі – 1 чалавек. 34,4% складаюць сябры грамадзкіх аб’яднаньняў. Ад прафсаюзаў уключана 1882 чалавекі, ад БРСМ – 527, ад “Белай Русі” – 517, ад Беларускага саюзу жанчын – 489 чалавек.
Склад тэрытарыяльных камісіяў
Усяго вылучалі сваіх прадстаўнікоў 9 з 15 зарэгістраваных партый. “Справядлівы сьвет” вылучаў 21 чалавека, АГП – 14 чалавек, БНФ – 6 чалавек. КПБ – 82, ЛДПБ – 9. Зусім не ўвайшлі ў склад тэрытарыяльных выбарчых камісій прадстаўнікі партыі БНФ.
Лідзія Ярмошына патлумачыла, што некаторыя партыі парушылі прынцып адпаведнасьці. Старшыня ЦВК таксама паведаміла, што ўжо паступілі скаргі ад некаторых партый.