У выходныя Беларусь наведаў адзін з самых вядомых спартоўцаў XX стагодзьдзя – канадзкі хакеіст Уэйн Дуглас Грэцкі, які за сваю 20-гадовую кар’еру стаў уладальнікам усіх магчымых тытулаў у Нацыянальнай хакейнай лізе. Але за амаль 50 гадоў жыцьця Грэцкі ўпершыню трапіў на сваю гістарычную радзіму – ягоны дзед на пачатку XX стагодзьдзя выправіўся з Гарадзеншчыны на заробкі за акіян, дзе ня толькі пусьціў карані, але праз свайго ўнука навечна пакінуў беларускі сьлед у гісторыі ўсясьветнага спорту.
Фармальнай падставай для прыезду Ўэйна Грэцкі ў Менск стала шоў зорак Кантынэнтальнай хакейнай лігі і прымеркаванае да гэтай падзеі афіцыйнае адкрыцьцё комплексу “Менск-Арэна”. Падчас сустрэчы з журналістамі 49-гадовы Ўэйн Вялікі (а менавіта такую ганаровую мянушку – The Great One – ён атрымаў за свае спартовыя подзьвігі) выказаў шкадаваньне, што хоць і можа лічыць сябе беларусам у трэцім пакаленьні, але на мове дзядоў размаўляць так і не навучыўся:
Каб мой дзядуля навучыў мяне расейскай ці беларускай мове, то цяпер мне не спатрэбіўся б перакладчык...
“Найперш дазвольце выказаць радасьць ад таго, што я тут. Мяне вельмі гасьцінна прынялі. І каб мой дзядуля навучыў мяне расейскай ці беларускай мове, калі я быў яшчэ хлопчыкам, то цяпер мне не спатрэбіўся б перакладчык (сьмяецца)... У суботу я патэлефанаваў свайму тату і сказаў, што бачыў фатаздымкі нашых беларускіх сваякоў. Але праз тое, што ў нас вельмі шчыльны расклад на гэтыя дні, у мяне папросту не было магчымасьці зь імі пабачыцца. Таму бацька хоча прыехаць сюды ўлетку і ўсё ж сустрэцца са сваякамі. Магчыма, я таксама далучуся да яго. Тата быў вельмі рады, вельмі шмат эмоцыяў было з гэтай нагоды”.
Амаль сто гадоў таму ягоны дзед Антось Грэцкі іміграваў у Канаду з Гарадзенскай губэрні. Ні дзед, ні народжаны ўжо ў Брэнтфардзе (правінцыя Антарыё) ягоны сын Уолтэр да спорту ніякага дачыненьня ня мелі. Аднак дзяцінства Ўэйна прыпала на пік хакейнага буму ўва ўсёй Паўночнай Амэрыцы, што ўрэшце прадвызначыла ягоны далейшы лёс.
Працяглая зорная кар’ера не спрыяла асаблівым роздумам пра генэалягічныя сувязі з Эўропай. І толькі нядаўна Ўэйн Грэцкі пачаў цікавіцца гістарычнай радзімай. Для яго было сапраўдным адкрыцьцём, што ў Сьвіслачы Гарадзенскай вобласьці дагэтуль жывуць блізкія сваякі па дзедавай лініі. Аднак за некалькі дзён знаходжаньня ў Беларусі наведаць тыя мясьціны не ўдалося – бракавала часу. Дый трэба было падпарадкоўвацца раскладу арганізатараў:
Калі казаць коратка, то мне тут вельмі спадабалася...
“У мяне была магчымасьць паглядзець Менск, яго гістарычныя, архітэктурныя адметнасьці. У першы ж дзень з маім сябрам Маркам Мэсье мы апрабавалі лёд на “Менск-Арэне”, таксама там быў і прэзыдэнт вашай краіны. То бок нам выдалася магчымасьць пакоўзацца ў кампаніі з прэзыдэнтам, што само па сабе адметна. У суботу былі майстар-кляса і ўдзел у адкрыцьці комплексу з матчам зорак КХЛ. Увогуле, калі казаць коратка, то мне тут вельмі спадабалася, гэта вельмі прыгожы горад”.
Уэйн Грэцкі ў курсе, што “Менск-Арэна” будавалася адмыслова для таго, каб стаць “жалезным аргумэнтам” у выбары хакейнай сталіцы чэмпіянату сьвету 2014 году. А вось нешта іншае, ускосна зьвязанае зь ягоным імем, стала для яго нечаканасьцю. Менавіта тое, што эмблема ўсясьветнага першынства з выявай хакеіста малявалася... з Грэцкі:
“О, я яшчэ ня бачыў гэтай выявы! Калі ласка, можна зірнуць? Great! Думаю, што мне трэба будзе падчас Алімпіяды пару такіх наклеек распаўсюдзіць (сьмяецца)! Мяркую, такія значкі будуць надзвычай папулярнымі ў Ванкувэры, дзякуй!”
Што да ўласна чэмпіянатаў сьвету ці Алімпійскіх гульняў, то разам зь іншымі заакіянскімі хакеістамі-прафэсіяналамі Грэцкі стаў закладнікам жорсткай сыстэмы НХЛ, якая не дазваляла адхіляцца на “драбязу”. У актыве Вялікага толькі па адным удзеле ў згаданых турнірах:
“Чэмпіянат сьвету, Алімпіяда – гэта заўсёды надзвычай важна. Мой калега Марк Мэсье займаецца цяпер нацыянальнай зборнай Канады, якая будзе выступаць на ўсясьветным першынстве ў Нямеччыне. І я ведаю, што канадзкія хакеісты заўсёды зь нецярпеньнем чакаюць чэмпіянату сьвету. Таму ўпэўнены, што сучасная хакейная арэна, збудаваная ў Менску, стане цудоўнай пляцоўкай для правядзеньня чэмпіянату сьвету ў Беларусі”.
Такія дзяржавы, як Латвія ці Беларусь, калі іхныя гульцы прыяжджаюць у НХЛ, дазваляюць паляпшаць нашу гульню...
Як Уэйн Грэцкі ацэньвае беларускіх энхаэлаўцаў (братоў Касьціцыных, Руслана Салея, Міхаіла Грабоўскага), сьціплы дэсант якіх усё ж дае падставы казаць пра беларускую прысутнасьць у наймацнейшай хакейнай лізе сьвету? Пры гэтым згадваньні ў Грэцкі аўтаматычна вырываецца прозьвішча “Касьціцын”, але адчуваецца, што пільна сачыць за землякамі не атрымліваецца. Хоць ён не выключае, што з кімсьці ўдасца больш шчыльна пакантактаваць на Алімпіядзе ў Ванкувэры:
“У мяне напярэдадні была магчымасьць пакоўзацца з трэнэрам алімпійскай зборнай Беларусі. І я спадзяюся, што ён, прынамсі, лепшы трэнэр, чым гулец (сьмяецца)… Але калі сур’ёзна, то я ведаю, што ў вас чатыры хакеісты гуляюць у Нацыянальнай хакейнай лізе. І тэарэтычна, калі дазволяць траўмы, змогуць узяць удзел у Алімпіядзе. Увогуле, надзвычай добра, што ў нас ёсьць магчымасьць адчуць рэаліі іншых краінаў і такім чынам зрабіць нашу гульню лепшай. І такія дзяржавы, як Латвія ці Беларусь, калі іхныя гульцы прыяжджаюць у НХЛ, аб’ектыўна дазваляюць паляпшаць нашу гульню”.
Ці не зьбіраецца Ўэйн Грэцкі, на прыклад расейскай зоркі НХЛ Вячаслава Фяцісава, зноў вярнуцца на лёд? Нагадаю, што 50-гадовы Фяцісаў зусім нядаўна, нечакана для многіх, на адну гульню апрануў швэдар маскоўскага ЦСКА. Аднак Грэцкі кажа, што чакаць такога подзьвігу ад яго бессэнсоўна:
Я дакладна не зьбіраюся гуляць...
“(Сьмяецца). Не, я дакладна не зьбіраюся гуляць. Напэўна, я занадта стары для вяртаньня (сьмяецца). Так што гэта выключана. А ўвогуле, напэўна, гэта першы год, калі я ўзяў крыху часу для сябе і праводжу яго са сваёй сям’ёй. У мяне пяцёра дзяцей ад 6 да 21 году, таму для мяне любая магчымасьць пабыць разам зь імі дома – вялізная радасьць”.
Больш за 10 гадоў таму, 18 красавіка 1999 году, Грэцкі разьвітаўся зь вялікім хакеем. І ўжо праз паўгоду, насуперак правілам НХЛ, ягонае імя было ўвекавечанае ў Залі хакейнай славы ў Таронта (звычайна для гэта патрабуюцца тры гады). А 99-ы нумар, пад якім Грэцкі цягам 21 году выступаў у НХЛ, замацаваны за ім пажыцьцёва: ніводзін іншы хакеіст у НХЛ ня можа прадубляваць Вялікага. Цяпер Ўэйн Грэцкі займаецца грамадзкай дзейнасьцю і бізнэсам: ён суўладальнік клюбу НХЛ “Фінікс Каётс”, валодае рэстарацыяй, выпускае ўласную лінію мужчынскага адзеньня, здымаецца ў рэкляме і г.д.