Склад камісіі не адпавядае патрабаваньням абноўленага выбарчага заканадаўства, лічыць старшыня аршанскай гарадзкой суполкі Партыі БНФ Алесь Шутаў.
Актывіст распавёў, што ў склад створанай 27 студзеня аршанскай раённай выбарчай камісіі ўвайшлі толькі чацьвёра вылучэнцаў грамадзкіх арганізацый і палітычных партый. Гэта прадстаўнікі грамадзкага аб’яднаньня “Белая Русь”, Саюзу беларускіх жанчын, БРСМ і суполкі прафсаюзу работнікаў аграпрамысловай галіны.
З улікам таго, што камісія складаецца з 13-ці, чацьвёра вылучэнцаў “ад грамадзкасьці” - менш за траціну ад агульнага складу, што супярэчыць заканадаўству.
Прадстаўнікі дэмакратычных сілаў Воршы рыхтуюць скаргу ў пракуратуру. Цяпер яе складаюць кіраўнікі раённых суполак партыі “Справядлівы сьвет” і сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада”. Прадстаўнікоў менавіта гэтых партый, старшыню раённай арганізацыі "Справядлівага сьвету" Міная Карняенку і сацыял-дэмакрата Антона Малішэўскага ў склад камісіі не ўключылі.