Чэхаў і Беларусь

Антон Чэхаў

Сёньня — 150 гадоў клясыку расейскай літаратуры Антону Чэхаву, творы якога не перастаюць чытаць і любіць ва ўсім сьвеце. Беларусь — не выключэньне.
Яшчэ пры жыцьці аўтара ягоныя апавяданьні перадрукоўвалі расейскія губэрнскія газэты, што выходзілі на тэрыторыі Беларусі, а п’есы ставіліся прафэсійнымі і аматарскімі тэатрамі. І сёньня на афішы галоўнай сцэны краіны — купалаўскай — тры спэктаклі паводле твораў Чэхава.

Першы пераклад Чэхава на беларускую мову — вадэвіль «Сватаньне» ў перакладзе Напалеона Чарноцкага — выпусьціла сто гадоў таму выдавецтва «Загляне сонца і ў наша ваконца». Гэта быў толькі пачатак. Пазьней Чэхава перакладалі Кандрат Крапіва, Янка Маўр, Янка Брыль, Іван Шамякін і шмат хто яшчэ.

П’есы Чэхава доўгія гады былі ў рэпэртуары трупы заснавальніка беларускага тэатру Ігната Буйніцкага і не сыходзяць з сучасных беларускіх сцэнаў. Толькі на купалаўскай можна паглядзець музычную трагікамэдыю «С.В.» паводле «Вішнёвага саду», дзьвюхмоўны м’юзыкал у авангардным жанры саўнддрамы «Вясельле» і монаспэктакль «Востраў Сахалін», пастаўлены паводле дарожных нататак пісьменьніка.