Сумная навіна прыйшла са Слуцку — памёр Анатоль Сазонаў, лекар, актыўны ўдзельнік многіх грамадзкіх акцыяў і кампаніяў, якога называлі «легендай слуцкага БНФ», актывіст мясцовай суполкі Таварыства беларускай мовы. Яму было 75 гадоў.
Анатоль Сазонаў да апошняга дня працаваў у Слуцкай паліклініцы лекарам-рэнтгенолягам. Распавядае дэмакратычны актывіст, сталы аўтар «Народнай Волі», асабісты сябра Анатоля Сазонава Міхась Тычына:
«Ён быў вайсковым доктарам, служыў у Архангельску ў шпіталі, у ГДР, у Групе савецкіх войскаў ў вайсковым шпіталі, а потым працаваў на хуткай дапамозе ў Слуцку. Гэта была нялёгкая праца — 19 гадоў на станцыі хуткай дапамогі. Па ўспамінах ягонай жонкі, ён прыняў на сяле 10 родаў, хаця сам па спэцыяльнасьці быў рэнтгенолягам. Апошнія 5 гадоў працаваў рэнтгенолягам у Слуцкай паліклініцы. Сьмерць была раптоўная — інсульт. Яму споўнілася 75 гадоў. Нават ня хочацца верыць — ён такі аптыміст быў, рухавы. Чалавек глыбока веруючы — наведваў касьцёл».
«Легендай Слуцкага БНФ» называе Анатоля Сазонава малодшы таварыш па партыі Віталь Амяльковіч:
«Анатоля Пятровіча Сазонава я ведаю больш за 10 гадоў. Фактычна менавіта ён прывёў мяне літаральна за руку ў партыю БНФ. Апошнім часам я даволі шчыльна сябраваў зь ягонай сям’ёй, зь ягонай жонкай. Быў амаль што „сваім“ на ягонай працы. Анатоля Пятровіча вельмі паважалі калегі за прафэсіяналізм — ён да апошняга дня працаваў урачом-рэнтгенолягам. Гэта быў вельмі добры, сумленны чалавек».
Грамадзкая актывістка Зінаіда Цімошчык распавяла, што раней Анатоль Сазонаў езьдзіў на ўсе масавыя акцыі ў сталіцу — на Дзень Волі, на Чарнобыльскі шлях:
Гэта чалавек надзвычай нацыянальна сьвядомы, які хварэў за нацыянальнае адраджэньне Беларусі.
Праўда, у апошнія гады спадар Сазонаў ужо не ездзіў на акцыі ў Менск —узрост усё ж — 75 гадоў, але заўсёды быў «у тэме», усё ведаў, пра ўсё чуў. А вось у Слуцку наведваў і сустрэчы зь пісьменьнікамі, сам ладзіў імпрэзы ў гонар угодкаў Слуцкага збройнага чыну. Распавядае сябра спадара Сазонава Міхась Тычына:
«Ён не прапусьціў ні адных угодкаў Слуцкага збройнага чыну, пачынаючы з 1992 года, калі пачалі адзначаць гэта сьвята. І заўсёды прыходзіў у ліку нямногіх слуцкіх інтэлігентаў, мэдыкаў, настаўнікаў, нямногіх… Ён прыходзіў са значком бел-чырвона-белым. Ён не цураўся яго і на працы. Ён быў актыўным сябрам Слуцкай суполкі Таварыства беларускай мовы, выпісваў „Нашу Ніву“, „Наша слова“. Вось такі гэта быў актыўны чалавек, аптыміст».
Апошнім часам Анатоль Пятровіч ўсё зьбіраўся напісаць лісты маладым партыйным лідэрам —Аляксею Янукевічу і Паўлу Севярынцу. Не пасьпеў…