Інь і ян

скруха, сум і паняверка,
і цяпло ад батарэі,
толькі ў небе знак надзеі,
хоць і неба — панядзелка.

Агулам, час падзяляецца на нядзелі і панядзелкі, прынамсі, час людзей працоўнага ўзросту і статусу. Панядзелак пачынаецца з ранішняга званка будзільніка непасрэдна ў сам каляндарны панядзелак і доўжыцца з кароткімі перапынкамі ажно да вечара пятніцы; нядзеля ж — гэта ўсе астатнія дні, гадзіны, хвіліны.

Памятаю, калі на пачатку дзевяностых гадоў мінулага стагодзьдзя ў першай менскай гімназіі імя Францыска Скарыны, былой сярэдняй школе з англамоўным ухілам, дзе я вучыўся, на ўроку гэтай самай ангельскай мовы нам паказалі каляндар, што ўжываецца ў ЗША і Вялікабрытаніі, я быў шчыра зьдзіўлены і нават трохі шакаваны тым, што тыдні на далёкім Захадзе пачынаюцца з чырвонай літары S — Sunday, дзень Сонца. Трохі пазьней зьдзіўленьне саступіла месца зайздрасьці і глыбокаму абурэньню:

“Як так? Жыхары Амэрыкі і Ангельшчыны фактычна ні за што і проста так маюць дзень адпачынку і лайдацтва ў самым пачатку тыднёвага цыклю плюс яшчэ адзін у канцы, а нам — дзецям і дарослым постсавецкай прасторы — трэба на працягу пяці-шасьці дзён хадзіць у школу ці на працу, каб урэшце дажыць да выходных і атрымаць сваю заслужаную нядзелю — do-nothing-day”.

Потым незадаволенасьць зьмянілася прызнаньнем і талерантным прыняцьцем гэтай розьніцы ў культурных традыцыях. І хоць, на маё сьціплае меркаваньне, парадак дзён адлюстроўвае пэўную карціну навакольнага сьвету, задае своеасаблівую псыхалягічную ўстаноўку — але прынцыповай розьніцы тут і няма, то бок нічога і не зьмянілася б, пачынайся тыдзень у сераду ці пятніцу — больш значны і істотны не парадак дзён, а менавіта гэты вось падзел на будні і выходныя.

У панядзелкі мы — ня мы, мы — гэта наш род заняткаў: студэнт, выкладчык, рабочы ці бізнэсоўца, праграміст альбо журналіст. Панядзелкі акунаюць нас у віхур працоўных функцый, разьбіваюць нас на аскепкі, яны, як крывое люстэрка, скажаюць наш вобраз у вачах Сусьвету. У панядзелкі адбываецца прафэсійная дэфармацыя асобы.

У адзін з такіх панядзелкаў (дзеля гістарычнай праўды варта зазначыць, што гэта была працоўная пятніца перад працоўнай суботай) мая добрая сяброўка, жж-юзэрка branislavawna, напісала мне паведамленьне ў Skype пра тое, што адбываецца вельмі прыгожы заход сонца. А як я маю дачыненьне да сфэры ўэб-дызайну, выйшаўшы на гаўбец паглядзець, што да чаго, змог заўважыць адно градыент, якасьць размыцьця і ўжываньне іншых інструмэнтаў фаташопу, нібыта гэта ня неба, а малюнак на маніторы.

Вось што я маю на ўвазе пад прафэсійнай дэфармацыяй асобы.

Дзякуй Богу (ці, можа, багам, ці камусьці яшчэ), нядзелі вяртаюць нас да саміх сябе: у нядзелю мы зноў становімся цэласнымі і гарманічнымі асобамі. Нават калі гэтая нядзеля будзе ўсяго толькі, па трапным азначэньні ЖЖ-юзэркі lionellia, “авашчным” днём, то бок мы пусьцім карані і будзем займацца адно фотасынтэзам, як той гурок на гародзе, чарговы доўгачаканы выходны ўсё адно правядзе дэфрагмэнтацыю нашых думак і пачуцьцяў, вылекуе ад вірусаў і пераўсталюе апэрацыйную сыстэму. І ўсё гэта, каб лягчэйшымі былі панядзелкі...

hondurazian



Ян Марозаў. Нарадзіўся ў Менску ў 1983 годзе ў сям’і маладых савецкіх тэхнічных спэцыялістаў, якія пазьней, у незалежнай Беларусі, пачалі займацца бізнэсам і сталі ўжо ня надта каб маладымі.

Скончыў аддзяленьне паліталёгіі юрфаку БДУ, ня скончыў магістратуру па сацыялёгіі ў Маскве. Цяперашняя праца зьвязаная з распрацоўкай сайтаў.

У ЖЖ — hondurazian, але сваякоў у Гандурасе няма.

Па ацэнцы знаёмых і блізкіх, чалавек адкрыты, прыязны і недурны, што ня можа ня радаваць.


1.Навошта я пішу блог
На дадзеным этапе існаваньня чалавецтва мне падаецца важным якім-небудзь чынам рэпрэзэнтаваць сябе ў сеціве. Блог — не найгоршы варыянт для гэтага.

А таксама вядзеньне блогу — гэта аснова, заснаваная на будучыню. Калі гісторыкі стагодзьдзя, скажам, дваццаць пятага будуць корпацца ў інтэрнэт-архівах, яны змогуць адзначыць для сябе, што жыў на пачатку стагодзьдзя дваццаць першага такі і так, пра што і пісаў у блог. :)
2. Плюсы блогаў:

Многія цікавыя віртуальныя знаёмствы становяцца ня менш цікавымі рэальнымі знаёмствамі. Гэта крута, калі жыцьцё онлайн і офлайн пэўным чынам перакрыжоўваюцца.

3.Мінусы блогаў:

На жаль, ня ўсім цікавым віртуальным знаёмствам наканавана стаць рэальнымі. І яшчэ існуе небясьпека згубіць сябе ў гэтай віртуальнасьці, бо там, у блогах, усё ня так, як насамрэч.

4. Пяць блогаў, якія я раю наведаць

1. users.livejournal.com/beekeeper_ — дасьціпна праілюстраваныя хайку пра ўсё штодзённае.

2. brazgotka.livejournal.com — кожны допіс прасякнуты загадкавасьцю і нейкай эзатэрычнасьцю; ня кожны, хто свой, зразумее, а пра чужых і казаць ня варта — тым ня менш вельмі цікава.

3. bielameta.livejournal.com — гэтаксама трохі так на сваёй хвалі дзяўчына: плыні сьвядомасьці, як па мне, але весела, задорна і літаратурна.

4. iten.livejournal.com —жыцьцё-быцьцё выкладчыка, разумныя, іранічныя і самаіранічныя рэфлексіі наконт гэтага.

5. urban-survivor.livejournal.com — у прадстаўленьні свайго alter-ego ёсьць крыху нарцысізму, самалюбаваньня, але, вярнуўшыся ў свой цяперашні жывы журнал і адасобіўшыся ад папярэдняга, лічу яго вартым увагі.