27-гадовая беларуская дызайнэрка адзеньня Ганна Яцэвіч прадставіць сваю калекцыю ў фінальным шоў міжнароднага конкурсу «Design am Rhein» — «Дызайн на Рэйне». Гэты ўсеэўрапейскі конкурс традыцыйна праходзіць у сталіцы нямецкай моды Дусэльдорфе. Разам зь дзевяцьцю іншымі фіналістамі конкурсу Ганна прадставіць свае ўласныя ідэі адносна іміджу сучаснай жанчыны ў сэзоне «Восень-зіма 2010/11». Дэвіз яе калекцыі: бывай, сум! Беларуская дызайнэрка распрацавала варыянты жаночага офіснага адзеньня, якое, на яе думку, адпавядае стварэньню выключна творчай атмасфэры ў кампаніі.
Трапіць у фінал конкурсу «Дызайн на Рэйне», які адмыслоўцы называюць важнай прыступкай для міжнароднай fashion-кар’еры, ня надта проста. За выхад у сёлетні фінал змагаліся 92 дызайнэры. Фіналістамі ж зь іх сталі 10 маладых куцюр’е з шасьці эўрапейскіх краін. А на самім фінальным шоў, 7 лютага, зь іх ліку адбяруць пяцёх найлепшых.
У артыкулах, прысьвечаных «Дызайну на Рэйне», крытыкі моды зь Нямеччыны і Брытаніі аддаюць асаблівую ўвагу калекцыям дзьвюх усходніх эўрапеек, якія атрымалі адукацыю ў дызайнэрскіх вучэльнях Нямеччыны. Размова ідзе пра беларуску Ганну Яцэвіч і басьнійку Андрэа Крысьціч, якія, лічыцца, маюць найлепшыя шанцы.
Крытыкі адзначаюць, што дызайну гэтых маладых куцюр’е ўласьцівы інтэлектуальны падыход у інтэрпрэтацыі гендэрнай ролі сучаснай жанчыны.
Трэба зыходзіць менавіта з таго, што гэтыя дызайнэркі нарадзіліся ва Ўсходняй Эўропе, дзе, адрозна ад Захаду, існавалі іншыя падыходы да ролі жанчыны, дзе фэмінізм быў ня надта папулярны і ў жанчыны была адзіная магчымасьць, каб вылучыцца ў гэтым ня надта яркім жыцьці: ярка апранацца. На масавым узроўні адпаведная тэндэнцыя захавалася ў Беларусі і дагэтуль. Калі мы паназіраем за тым, як апранутыя маладыя дзяўчаты на вуліцах Менску ці ў офісах фірмаў, то гэта абсалютна нефункцыянальна, нярэдка вельмі правакацыйна, аднак ярка. Зразумела, усё гэта кантрастуе з тым, як апранаюцца жанчыны ў заходніх краінах. Патрабаваньне функцыянальнасьці адзеньня тут асноўнае.
Як лічыць Ганна Яцэвіч, адзеньне сучаснай жанчыны на працы ў офісе павінна быць накіравана выключна на стварэньне крэатыўнай атмасфэры і гарантаваць эфэктыўную працу, каб уладальнік фірмы быў задаволены.
Дзеля дасягненьня гэтай мэты Ганна Яцэвіч выкарыстоўвае ў дызайне два процілеглыя падыходы. Па-першае, гэта строгі мінімалісцкі крой, гэта абмежаваныя колеры — розныя варыянты чорнага тону плюс блакітныя, шэрыя, крэмавыя адценьні. Тэарэтычна ўсё гэта павінна выглядаць вельмі афіцыйна. Аднак гэтага не адбываецца — дзякуючы другому дызайнэрскаму прыёму, які зьвязаны з асаблівасьцю новых тэкстыльных тэхналёгіяў... Напрыклад, зь лічбавым друкам на тканіне. З дапамогай такога друку можна атрымаць усе колеры вясёлкі. Офіснае адзеньне Ганны Яцэвіч выглядае ў выніку вельмі цёплым і зусім ня сумным. Як лічыць дызайнэрка, рэчы, як і жыцьцё, ня могуць быць заўсёднай перапрацоўкай рэтра. Яны павінны адлюстроўваць подых часу. Пагатоў людзям уласьціва шукаць штосьці новае і сьвежае.