28 студзеня спаўняецца 70 гадоў аднаму з самых папулярных беларускіх пісьменьнікаў, ляўрэату Дзяржаўнай прэміі імя Кастуся Каліноўскага Леаніду Дайнеку. Ён – аўтар гістарычных раманаў “Меч князя Вячкі”, “Жалезныя жалуды”, “Сьлед ваўкалака”, якія заслужана прынесьлі празаіку чытацкае прызнаньне. Эпоху за эпохай, постаць за постацьцю нястомна дасьледуе ён беларускую мінуўшчыну, ствараючы мастацкія партрэты Ўсяслава Чарадзея, Канстанціна Астроскага, Язафата Кунцэвіча… А яшчэ Леанід Дайнека зьбірае аднадумцаў у прыдуманае ім Згуртаваньне эўцэнтрыстаў.
Міхась Скобла: “Спадар Леанід, апрача таго, што вы – аўтар раманаў пра гістарычнае мінулае Беларусі, стваральнік фірмы “БелПі” (“Беларускае пітво”), вы яшчэ прыдумалі і Згуртаваньне эўцэнтрыстаў . Хто ў яго ўваходзіць?”
Леанід Дайнека: “Афіцыйна такога згуртаваньня не існуе, яно не зацьверджана ў Міністэрстве юстыцыі ці яшчэ дзе-небудзь. Яно знаходзіцца ў маёй душы, і юрыдычны адрас гэтага згуртаваньня – мая душа. Чальцом Згуртаваньня эўцэнтрыстаў зьяўляецца той, хто адчувае сябе эўрапейцам, каму хоць аднойчы грукаў у вокны вецер з Атлянтыкі. Усе мы ведаем, што нашыя беларускія рэкі цякуць толькі ў Атлянтычны акіян. Вазьміце і Дзьвіну-Рубон, і Нёман, і Дняпро – усе яны ўпадаюць у Атлянтыку. Беларусы заўсёды былі эўрапэйскім народам па сваім мэнталітэце, па сваёй гісторыі. Менск, як мы ведаем, заснаваны ў 1067 годзе, і ён ні разу не ўваходзіў у склад Расейскай дзяржавы, толькі быў гвалтам далучаны да яе ў 1794 годзе, пасьля падзелу Рэчы Паспалітай. Усе, хто падтрымлівае эўрапейскі выбар нашага народу, – мае аднадумцы, і я запрашаю іх уступаць у Згуртаваньне эўцэнтрыстаў. Дарэчы, абрэвіятура ягоная – ЗЭЎС, паводле імя грэцкага супэр-бога, бога ўсіх індаэўрапейцаў”.
Скобла: “Беларусу сёньня не праблема трапіць у Эўропу. Паўгадзіны, і ты – у Эўразьвязе. Мне здаецца, што палітычную арыентацыю беларусаў лягчэй зьмяніць, чым культурную. Вось, напрыклад, ваш раман “Сьлед ваўкалака” пад назвай “Тропой Чародея” выйшаў па-расейску, а не па-ангельску, па-француску ці па-гішпанску. Які беларускі раман (на якую тэму) мог бы зацікавіць сёньняшнюю Эўропу?”
уся наша беларуская дэмакратычная літаратура скіраваная на Эўропу, на эўрапейскі дух ...
Дайнека: “Мае раманы таксама маглі б зацікавіць Эўропу. Напрыклад, мой новы раман “Назаві сына Канстанцінам”, герой якога – наш славуты зямляк, гетман Канстанцін Астроскі, які ў 1514 годзе разграміў пад Воршай раць маскоўцаў, якія ішлі заваёўваць нашу зямлю, наша Вялікае Княства Літоўскае, нашу фэдэратыўную дзяржаву Рэч Паспалітую. Усе мае раманы скіраваныя на эўрапейскасьць. Я зь дзяцінства ўсьвядоміў, што я – эўрапеец. Гэта відаць і з гісторыі. Паглядзіце, Полацкае княства, напрыклад, па Дзьвіне-Рубоне заўсёды гандлявала з Эўропай, з Ганзай – эўрапейскім купецкім саюзам. А на ўсходніх рубяжах, на жаль, заўсёды ішлі войны з Маскоўшчынай, якая, ледзь пасьпеўшы скінуць ардынскае ярмо, пад нейкім мітычна-выдуманым жупелам зьбіраньня усіх земляў Рурыкавічаў чамусьці прад’явіла прэтэнзіі на нашы землі. Нашы князі, ваяводы, гетманы, наш народ, наша шляхта заўсёды супраціўляліся гэтаму. Мне здаецца, што ўся наша беларуская дэмакратычная літаратура скіраваная на Эўропу, на эўрапейскі дух, і шмат якія нашы творы можна выдаваць і на ангельскай, і на гішпанскай, і на нямецкай мовах. Дарэчы, згаданы вамі мой раман “Сьлед ваўкалака” латышы зьбіраліся выдаць на латыскай мове, гэта было літаральна перад развалам Савецкага Саюзу. Я даў згоду, але выдаць не пасьпелі. Дык можа, сёньня нашыя суседзі-латышы зацікавяцца гэтым раманам. Там, дарэчы, апісваецца жыцьцё і іх продкаў: лэтаў, латгалаў”.
Скобла: “Каб жыць і тварыць у сёньняшніх умовах, беларускі пісьменьнік павінен быць вялікім аптымістам. На чым грунтуецца ваш нацыянальны аптымізм?”
Наш народ павернуты тварам да Атлянтыкі ...
Дайнека: “Аптымізм мой грунтуецца на тым, што Беларусь была, ёсьць і будзе. Я нядаўна пачуў ад аднаго пісьменьніка жарт на гэтую тэму: калі джына беларускасьці ўжо выпусьцілі з бутэлькі, то ніхто яго ўжо не загоніць назад у тую імпэрскую бутэльку. Наш народ павернуты тварам да Атлянтыкі, і душы нашых людзей, асабліва маладых, настроеныя на эўрапейскі вецер, які мы адчуваем зь дзяцінства. Калі я жыў на Магілёўшчыне, то заўсёды недзе ў сярэдзіне лютай зімы прылятаў цёплы вецер, наставала адліга, цяклі капяжы са стрэхаў. Гэта быў вецер з Захаду, эўрапейскі вецер, як я яго называю. І аптымізм мой невынішчальны, таму што, па-першае, наша моладзь настроеная на Эўропу, сярэдняя кляса настроеная на Эўропу, і бізнэсоўцы (большасьць зь іх) таксама настроеныя на Эўропу. Так што нічога з гэтым ня зробіш, наш шлях адзін – у Эўропу. Наш сьвяшчэнны край – Эўропа, мы – індаэўрапейцы, і гэтым усё сказана”.
Скобла: “Роля літаратуры ў сёньняшнім грамадзтве значна прыніжаная – пра гэта сьведчаць і наклады кніг. Зайшоўшы на ваш сайт і пачытаўшы вашыя герадоцінкі, я зразумеў, што гэта ўспрымаецца вамі спакойна, вы пішаце: ня трэба ўздымаць літаратуру на катурны, бо катурнаў вартыя толькі Біблія, Каран і Талмуд. Навошта ж вы пілуеце сук, на якім самі сядзіце?”
Пісьменьнік заўсёды быў настаўнікам народу, духоўным правадыром ...
Дайнека: “Я меў на ўвазе нізкапробную літаратуру: усе гэтыя незьлічоныя міліцэйскія дэтэктывы, гэтак званыя жаночыя раманы, дзе – сэкс, рабаўніцтва, забойства, разводы і жаніцьбы бясконцыя, страляніна. Гэта не літаратура, а падробка, імітацыя пад літаратуру, якую ня варта прапагандаваць. А сапраўдную беларускую літаратуру, літаратуру сур’ёзную варта ўздымаць на катурны. Чаму я пішу свае кнігі? Я проста не магу не пісаць. Я зь дзяцінства, з гадоў шасьці-сямі быў упэўнены, што стану альбо мараком, альбо пісьменьнікам. Мараком у мяне стаць не атрымалася, хоць я і паступаў у Клайпэдзкую мараходку. А пісьменьнікам я стаў і плыву ў літаратурным штармавым моры. А мора гэтае сапраўды неспакойнае. Сёньня, як вы правільна сказалі, рэзка прыніжаная роля пісьменьніка, маральная роля літаратуры. Пісьменьнік заўсёды быў настаўнікам народу, духоўным правадыром. Нездарма ў Бібліі сказана, што спачатку было Слова. А мы, пісьменьнікі, нараджаем гэтае самае слова на сьвет. Сёньня паднялі на шчыт не пісьменьнікаў, а папсовых сьпевакоў, гумарыстаў зь іх даволі прымітыўным гумарам. Але час пісьменьнікаў яшчэ прыйдзе, таму што яны вучаць народ, паказваюць яго гістарычны шлях, шлях у будучыню. Я веру ў беларускую літаратуру. Дарэчы, сёлета споўніцца 40 гадоў, як я стаў чальцом Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Мяне прымалі ў чальцы саюзу яшчэ ў тым будынку на Энгельса, якога сёньня няма. Мы сьвяткавалі наша ўступленьне ў саюз у рэстаране “Журавінка”. Памятаю, я глядзеў на Івана Пятровіча Шамякіна, які ўручаў мне білет, на знаных нашых пісьменьнікаў і ў душы даваў сабе клятву, што я ніколі ня здраджу нашаму пісьменьніцкаму брацтву. І я захаваў гэтую клятву да сёньняшняга дня, калі мне спаўняецца сем дзясяткаў гадоў. Я з Саюзу беларускіх пісьменьнікаў не перайшоў у новаствораны саюз, мне гэта не патрэбна. Ад каго я буду ўцякаць? Ад сваёй душы, ад сваіх раманаў, якія стараўся пісаць сумленна?”
Скобла: “Раней пісьменьнік атрымліваў шмат чытацкіх лістоў, часта бываў на сустрэчах з чытачамі. Я ўчора зайшоў на ваш сайт, на якім зьмешчаны ваш раман “Назаві сына Канстанцінам”. Колькасьць праглядаў – 2600, але зусім няма водгукаў. Вам як творцу яны патрэбныя?”
Цяпер я выклаў на сайце свой новы раман “Пра Лісоўчыка, злога хлопчыка” ...
Дайнека: “Мне як творцу патрэбныя чытацкія водгукі, але я быў супраць, каб на сайце паставілі такую рубрыку як водгукі, гэта зрабілі без майго ведама. Водгукі ёсьць, але не на сайце, мне тэлефануюць людзі і выказваюцца. А тое, што прачытала 2600 чалавек, – гэта вельмі добра. І яшчэ будуць чытаць. Цяпер я выклаў на сайце свой новы раман “Пра Лісоўчыка, злога хлопчыка”, і ў яго ўжо каля тысячы чытачоў. Я з задавальненьнем павыступаў бы перад падрыхтаванай, сур’ёзнай аўдыторыяй, але, на жаль, няма прапановаў. Я гатовы падзяліцца з чытачамі сваімі думкамі, развагамі, вершы ці герадоцінкі пачытаць, расказаць пра свае новыя раманы. Сёньня я працую ўжо над дзясятым па ліку раманам, яго рабочая назва – “Той, каго ўдарылі па шчацэ”. Ён пра нашага пакутніка, уніяцкага біскупа Язафата Кунцэвіча, якога фанатычны натоўп забіў у 1623 годзе ў Віцебску, а Папа Рымскі абвесьціў яго сьвятым. На гэтую тэму можна цікава паразважаць: што такое вера, барацьба за веру, што такое фанатызм, што такое служэньне сваёй зямлі, свайму народу”.
Скобла: “Наколькі істотныя для вас паводзіны пісьменьнікаў грамадзтве? Ці павінен ён быць эталёнам пэўных паводзінаў? Скажам, такі прыклад з гісторыі. Паэт Эзра Паўнд у фашысцкай Італіі начытваў на радыё свае хвалебныя адозвы Мусаліні, потым сядаў на ровар, ехаў дамоў і спакойна пісаў свае філязофскія вершы”.
Дайнека: “На маё глыбокае перакананьне, творца павінен быць цэльным. Ён не павінен быць пярэваратнем, які раніцай хваліць адно, вечарам у сябе на кухні – другое, а недзе ў гасьцях – трэцяе. Вы згадалі Італію… Жыў на сьвеце такі італьянскі паэт Марынэці, які быў ідэолягам фашызму, услаўляў, праўда, ня белую расу, як гітлераўцы, а чорную. У яго былі выпады супраць бляндынаў, арыйскай расы – гэта сьмешна, гэта палітыканства. І Марынэці раздвоіўся і наогул зьнік зь італьянскай літаратуры. Паўтаруся, чалавек, пісьменьнік у першую чаргу, павінен быць цэльнай натурай, не павінен раздвойвайвацца ці растройвацца, каб дагадзіць нейкай сытуацыі. Напрыклад, у трамваі размаўляць па-расейску, а перад чытачом – па-беларуску”.
Скобла: “Моўнае пытаньне ў Беларусі вырашана раз і назаўсёды, прынамсі, пакуль я знаходжуся на прэзыдэнцкай пасадзе,” – заявіў нядаўна на сустрэчы з журналістамі кіраўнік краіны. А як вам бачыцца вырашэньне моўнага пытаньня ў Беларусі?”
Чаму мяне пазбавілі права слухаць хоць на адным канале спартовыя рэпартажы на беларускай мове? ...
Дайнека: “Вядома ж, моўнае пытаньне ў нас ня вырашанае. Яно хіба “вырашана” гэтай уладай… Але беларуская мова не павінна заганяцца ў нейкія катакомбы! Чаму ў нашым войску няма камандаў па-беларуску, чаму толькі па-расейку? Беларуская вайсковая тэрміналёгія ж ёсьць, яна распрацаваная. А дзе беларускае тэлебачаньне? Спадар Зімоўскі спрабуе нешта зрабіць, але гэтага мала. Раней спартовыя перадачы вяліся на беларускай мове, цяпер камэнтатары Ўладзімер Навіцкі, Сяргей Новікаў загаварылі па-расейску. А чаму? Я ў свой час любіў слухаць іх на беларускай мове. Чаму мяне пазбавілі права слухаць хоць на адным канале спартовыя рэпартажы на беларускай мове? Я гэтага не разумею. На маю думку, у Беларусі беларуская мова павінна займаць адпаведнае яе дзяржаўнаму статусу становішча. У той жа суседняй Украіне свабодна лунае ўкраінская мова. Я ня супраць расейскай мовы, гэта магутная мова са сваёй гісторыяй, але яна не павінна выцясьняць на задворкі мову беларускую. Вобразна кажучы, сьветлая хмара з Усходу не павінна засланяць нашае спрадвечнае моўнае неба. Монамоўная Беларусь – гэта магчыма, але трэба, каб высілкі ішлі зьверху, з боку дзяржавы, каб шэраговы чыноўнік, каб міліцыянт загаварылі па-беларуску. Я ведаю, што людзі ў душы гатовыя да гэтага, проста яны чакаюць – наш народ прывык усё рабіць па камандзе зьверху”.
Скобла: “Беларусь, ты збудавана зь беларускіх слоў” – прачытаў я ў адным з вашых вершаў. Але ці трывалы гэта матэрыял, і які будаўнічы матэрыял, акрамя словаў, нам трэба выкарыстаць пры адбудове свайго Беларускага Дому?”
Дайнека: “Словы як будматэрыял – гэта такая паэтычна-лірычная мэтафара паэта, які заўсёды пісаў, піша і плянуе пісаць на беларускай мове. Беларусь, вядома, трэба будаваць ня толькі на словах, але і на рынкавай эканоміцы, на шматвэктарных сувязях і з Расеяй, і з Эўразьвязам, і з Украінай, і з прыбалтыйскімі суседзямі. Эканоміка, культура, душа – вось тыя складнікі, зь якіх можа скласьціся беларуская эўрапейская незалежная дзяржава. Я веру ў такую дзяржаву, веру, што Беларусь захаваецца на гістарычнай мапе Эўропы”.
Скобла: “Наколькі я ведаю, раней вы былі атэістам, прынамсі – вонкава. Калі можна, раскажыце, як вы сталі вернікам, як прыйшлі да Каталіцкага касьцёлу?”
Беларуская мова – сьвятая мова, таму што на ёй размаўляе касьцёл ...
Дайнека: “Вера ў Бога ўва мне жыла заўсёды. Гледзячы на начное неба, усеянае безьліччу зорак, я думаў: гэта ж ня можа стварыцца само сабой, значыць, ёсьць нейкі найвышэйшы розум, найвышэйшая сіла. Я прыйшоў у касьцёл у 2004 годзе. Перад гэтым туды прыйшоў мой сын Сяргей, а цяпер і малодшы сын там, мы ўсе каталікі. Чаму? Бо ўсе нашыя продкі ў свой час былі ўніятамі. А паколькі ўніяцкая царква была забароненая на тэрыторыі Расейскай імпэрыі ў 1839 годзе, то іх гвалтоўна загналі ў праваслаўе. Я нічога ня маю супраць праваслаўя. Гэта вялікая вера, высокая рэлігія. Але калі мае продкі былі ўніятамі, якія падпарадкоўваліся Рымскаму Папу, то я пры адсутнасьці ў нас афіцыйнай уніяцкай рэлігіі перайшоў у каталіцызм. Усё хрысьціянства, хочам мы гэтага ці ня хочам, пачыналася з Рыму, апосталы зь Юдэі прыйшлі ў Рым, і адтуль пачалася хрысьціянская вера. А падзел на ўсходнюю праваслаўную і заходнюю каталіцкую рэлігіі, які адбыўся ў 1054 годзе, мяне не пераконвае. Нашыя продкі прымалі хрысьціянства ў 988 годзе. Значыць, з 988 па 1054 год яны былі каталікамі – гэта ўсясьветная рэлігія. Вось чаму я прыняў каталіцтва і пачуваю сябе вельмі спакойна. Галоўная навука касьцёлу якая? Ён кажа: “Супакою жадаю Вам”. Галоўнае, каб супакой быў у душы, каб чалавек быў упэўненым у сваім зямным жыцьці. Кожную нядзелю мы з жонкай ходзім у Чырвоны касьцёл і чуем там цудоўныя казані ксяндза Ўладыслава Завальнюка на выдатнай беларускай мове. Я бачу там сотні і сотні людзей, якія слухаюць беларускую мову, гэтая мова для іх сьвятая. Разумееце? Беларуская мова – сьвятая мова, таму што на ёй размаўляе касьцёл. Пакуль існуе касьцёл – беларуская мова не загіне. Пакуль існуе беларуская літаратура – беларуская мова таксама не загіне. І пакуль існуем усе мы, вернікі касьцёлу і беларускай літаратуры, мова таксама не загіне. Нельга спыніць узыход сонца, нельга спыніць прыход вясны, нельга забараніць мову. Яна жыве, як пад ільдом рэчка, яна проста чакае вясновага абуджэньня”.
Скобла: “Апрача прасторы геаграфічнай ёсьць прастора культурная. Мне спадабаліся вашыя вызначэньні: Куляшоўчына, Чыгрынаўшчына, Пысіншчына… А колькі сотняў квадратных кілямэтраў, колькі мільёнаў людзкіх душаў прэтэндуе ў будучыні заняць Дайнекаўшчына?”
Дайнека: “Ну, Дайнекаўшчына – гэта вельмі моцна сказана... Як пісаў расейскі паэт: “Нам не дано предугадать, как наше слово отзовётся”. Я стараюся пісаць так, каб мае кніжкі падабаліся чытачу, каб яны будзілі яго душу, памяць, сыноўнія пачуцьці. А што да Дайнекаўшчыны… Неяк я жартам напісаў герадоцінку пра тое, як у мой гонар украінская Вярхоўная Рада перайменавала горад Данецк у Дайнецк… Ня буду празьмерна сьціплым, я хачу, каб у будучыні маё імя засталося ў гісторыі беларускай літаратуры, каб праз дваццаць ці пяцьдзясят гадоў нейкі малады чалавек, адклаўшы ўбок кампутар, выключыўшы тэлевізар, узяў у рукі маю кнігу і ўбачыў, якім гераічным быў наш народ, як ён змагаўся за сваю волю, за сваю зямлю. Паверце, мне больш нічога ня трэба. І я веру ў гэта, я ўсё жыцьцё стараўся пісаць свае кнігі сумленна, з усёй адказнасьцю перад сваімі чытачамі, якіх я вельмі і вельмі паважаю”.