Былы палітпрызыўнік Алесь Каліта паведаміў “Свабодзе”, што ў войску адпачываў ад палітыкі. 23 студзеня былы старшыня моладзі БНФ дэмабілізаваўся з войска. У адрозьненьне ад салдат-апазыцыянэраў, якіх гвалтоўна схапілі і прывезьлі ў войска ў кайданках без адпаведнага мэдычнага агляду, Алесь ня меў праблемаў падчас службы.
Алесь Каліта, наведаўшы бацькоў у вёсцы Пашкава пад Магілёвам, прыехаў сёньня ў Менск. 23 студзеня ён апошні раз прайшоў праз КПП вайсковай часткі пад Лепелем і цягніком паехаў дадому.
Your browser doesn’t support HTML5
Алесь Каліта служыў у адной частцы з Іванам Шылам. Той за кароткі час сваёй службы пасьпеў атрымаць некалькі пазачарговых нарадаў і нават адседзець арышт на гаўптвахце. Іван меў сур’ёзныя праблемы з-за карыстаньня мабільным тэлефонам.
Алесь Каліта патлумачыў, што абраў для сябе іншую мадэль паводзінаў:
для мяне не было ніякага сэнсу ладзіць там нейкія правакацыі і абвяшчаць вайну камандзірам брыгады ...
“Прымаецца ўласна для сябе рашэньне. У адрозьненьне ад Івана Шылы, Франка Вячоркі, Зьмітра Хведарука я прыстойным чынам трапіў у войска. Іх схапілі на вуліцы, закавалі ў кайданкі і даставілі ў войска. Я ж мог прайсьці мэдкамісіі, разьвітацца зь сябрамі, зладзіць праводзіны і тыдзень адпачыць перад паходам у войска. Таму для мяне не было ніякага сэнсу ладзіць там нейкія правакацыі і абвяшчаць вайну камандзірам брыгады”.
“Ці было ўражаньне, што сучаснае беларускае войска — гэта моцная сіла?"
“Шмат сродкаў ідзе не на выкананьне баявой задачы, а на розныя кантрольныя органы. Шмат камбатаў займаюцца пустой пісанінай, справаздачамі для ўсялякіх там чыноўнічкаў, якія сядзяць зьверху і даседжваюць да пэнсіі. Шмат сродкаў ідзе на ўсялякіх пэнсіянэраў, а лепш бы гэтыя сродкі перадалі на рамонт казармаў ці на сацыяльнае забесьпячэньне афіцэраў і салдат. “Прынудзілаўка” жудасная сярод вайскоўцаў на падпіску газэтаў “Во славу Родины”. Бедната ў войску. Комплексы, на жаль, не мадэрнізуюцца. Мадэрнізаваныя комплексы прадаюць за мяжу, хаця нам самім яны патрэбныя”.
Алесь Каліта лічыць, што баяздольнасьць войска невялікая. Ён лічыць, што пашанцавала тым салдатам, якія патрапілі на вучэньні. Тыя, якія прыйдуць служыць пасьля яго, на думку Алеся, не атрымаюць неабходных баявых навыкаў.
“Яны будуць капаць, рабіць сумёты квадратнымі, як было ў нас перад прыездам міністра абароны Жадобіна”.
Вяртаючыся да таго, што іншым салдатам-апазыцыянэрам ня проста даводзіцца служыць у войску, Алесь выказаў сваё меркаваньне:
“Лічу, што Іван служыў годна. Ня буду называць прозьвішчы тых, хто рабіў сабе піяр на дробных побытавых праблемах. Амаль у кожнага салдата ёсьць мабільны тэлефон з выхадам у інтэрнэт. І таму пра любыя навіны можна даведацца. У Івана тэлефон аднойчы забралі падчас брыгадных вучэньняў і перадалі камандаваньню. Ня думаю, што тут ён мог нейкім чынам адкруціцца. Ёсьць і 34-я пастанова наконт карыстаньня мабільнымі тэлефонамі. Калі акуратна, то карыстацца можна”.
Што да карыстаньня беларускай мовай у войску, то Алесь Каліта таксама мае сваю пазыцыю.
Афіцэр ня будзе дзеля цябе аднаго падаваць каманду “Зважай!” ці “Крокам руш!" ...
“Афіцэр ня будзе дзеля цябе аднаго падаваць каманду “Зважай!” ці “Крокам руш!” Трэба зыходзіць і з таго, ці жадаюць іншыя салдаты выконваць каманды па-беларуску. Шмат хто не разумее, шмат каму гэта не падабаецца, шмат хто жадае чуць каманды, як яны напісаныя ў статуце. Я не адчуваў у войску моўнай дыскрымінацыі”.
Алесь Каліта прызнаўся, што ў войску адпачываў ад палітычнай дзейнасьці:
“Для мяне войска было ў пэўнай ступені адпачынкам, бо я вельмі стаміўся, бесьперапынна займаючыся палітыкай. На працягу 4—5 гадоў гэта вымотвае. Я дасьледаваў войска і цяпер магу падрыхтаваць праграму па рэарганізацыі войска”.
Алесь Каліта 26 студзеня аб 11 гадзіне будзе ладзіць прэс-канфэрэнцыю. Ён спадзяецца сустрэцца там са сваімі сябрамі і журналістамі.