На выходных зноў падвысіліся кошты на аўтамабільнае паліва. Розьнічныя цэны на аўтазапраўках павялічыліся ў сярэднім на 2%. У канцэрне “Белнафтахім” далі зразумець, што гэта не апошняя цэнавая карэкцыя. Мяркуецца, што бліжэйшым часам падвышэньне агулам складзе 10% ад коштаў, якія былі на канец 2009 году.
У канцэрне “Белнафтахім” падвышэньне цэнаў паліва тлумачаць стратнасьцю рэалізацыі бэнзіну і саляркі на ўнутраным рынку, а таксама пагаршэньнем ўмоваў экспарту нафтапрадуктаў зь беларускіх НПЗ. Раней продаж паліва за мяжу дазваляў часткова кампэнсаваць страты ад унутранай рэалізацыі. Да таго ж, ад 1 студзеня 2010 года на 9% падвышаныя стаўкі акцызаў на нафтапрадукты. Цяпер бэнзін гатунку “Нармаль-80” каштуе 1940 рублёў, А-92 — 2520 рублёў, АІ-95 — 2840 рублёў, салярка — 2270 рублёў. Біядызэльнае паліва — 1950 рублёў за літар. Дзеля справядлівасьцітрэба сказаць, што цяперашняе падаражэньне — адно з самых неістотных за апошнія гады, бо ў сярэднім склала 50 рублёў на літры.
Але прадстаўнікі “Белнафтахіму”, якія на мінулым тыдні абвяргалі магчымасьць хуткага падвышэньня, урэшце прызналі: рост цэнаў будзе адбывацца паступова.
Экспэрт у аўтамабільнай галіне Анатоль Шаўчэнка лічыць, што цяперашнія кошты на паліва ніяк не адпавядаюць кашалькам беларусаў. Людзі ўсё часьцей стаяцць перад дылемай: ехаць аўтамабілем ці ўсё ж заашчадзіць, скарыстаўшыся грамадзкім транспартам?
“Кошт на бэнзін — асноўны біч аўтамабілістаў. Ня буду ў гэтым сэнсе арыгінальным, але ва ўмовах Беларусі, калі літар бэнзіну каштуе даляр — гэта занадта. Цікава, што заўсёды назіралася тэндэнцыя: у выпадку падвышэньня коштаў на нафту цана на бэнзін неадкладна вырастала. А вось у выпадку паніжэньня, адпаведна, неяк такога імпэту не назіралася. Хоць залежнасьць наўпроставая павінна быць: панізіўся кошт нафты на ўсясьветных біржах — значыць, і нас гэта павінна зачапіць. Падвысіўся — і ў нас адбываецца аналягічнае. Аднак калі няма жорсткай прывязкі да цаны (а яе ў нас, атрымліваецца, сапраўды няма), то вось гэта якраз і не падабаецца многім аўтамабілістам, якія сёньня як добрая дойная карова для дзяржавы”.
У параўнаньні з краінамі-суседзямі кошты на аўтамабільнае паліва ў Беларусі пакуль трымаюцца ў “залатой сярэдзіне”. Прыкладам, у Расеі цягам студзеня цана на бэнзін і дызэльнае паліва неістотна, але зьмяншалася. Калі самы хадавы 92-гі бэнзін у Беларусі ў эквіваленце каштуе 88 цэнтаў, то ў Расеі гэты паказьнік складае ў сярэднім 60—65 цэнтаў. Прыблізна на расейскім узроўні і цэны ва Ўкраіне. А вось у Літве, Латвіі, Польшчы лічбы вагаюцца ў межах 1,2—2 даляраў за літар. Аднак нюанс у тым, што суадносіны прыбыткаў працоўных у Беларусі і ў згаданых краінах — не на карысьць беларусаў.
Паводле міжнароднага дасьледаваньня коштаў на бэнзін у 170 краінах сьвету, самае таннае паліва ў Туркмэністане — 2 цэнты за літар 92-га бэнзіну. Удвая даражэйшы бэнзін у Вэнэсуэле — 4 цэнты. Сьледам у сьпісе самых прывабных коштаў — буйныя экспартэры нафты: Катар, Бахрэйн, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. У цэнавым калідоры ад 50 цэнтаў да 1 даляра — пераважна краіны, якія разьвіваюцца, а таксама дзяржавы, якія субсыдуюць спажыўцоў, — ЗША, Канада, Расея. Больш за іншых пакідаюць грошай на АЗС эўрапейцы.
Каб ацаніць даступнасьць паліва, экспэрты карыстаюцца так званым “індэксам бэнзабаку” — то бок колькі можа заліць паліва ў машыну чалавек у той ці іншай краіне са свайго заробку. Бясспрэчным лідэрам тут Вэнэсуэла — на сярэднямесячны заробак вэнэсуэлец можа напоўніць блізу чатырох сотняў бакаў. (У Туркмэніі заробкі вымяраюцца дзясяткамі даляраў, што не дазваляе туркмэнам выйсьці ў фаварыты ў такой гонцы). Горш стаяць справы ў бедных краінах. Прыкладам, на Філіпінах, у Кеніі ці Індыі звычайны працаўнік са сваімі прыбыткамі можа заліць поўны бок ня болей чым 5 разоў. Таму ня дзіва, што там людзі аддаюць перавагу ровару.
Першая дваццатка лепшых суадносінаў коштаў на бэнзін і ўзроўню заробкаў:
№ | Горад | Заробак у месяц | Кошт бэнзіну (у далярах ЗША) | Індэкс бэнзабаку |
1. | Каракас | 780 | 0,04 | 392 |
2. | Нью-Ёрк | 3000 | 0,67 | 92 |
3. | Дубай | 1600 | 0,50 | 82 |
4. | Доха | 870 | 0,22 | 80 |
5. | Таронта | 2000 | 0,67 | 62 |
6. | Цурых | 3700 | 1,19 | 62 |
7. | Сыднэй | 2300 | 0,79 | 58 |
8. | Токіо | 2500 | 1,06 | 49 |
9. | Люксэмбург | 2900 | 1,26 | 47 |
10. | Дублін | 3000 | 1,36 | 45 |
11. | Вена | 2300 | 1,15 | 40 |
12. | Капэнгаген | 2900 | 1,59 | 36 |
13. | Нікасія | 2100 | 1,24 | 36 |
14. | Лёндан | 2270 | 1,32 | 34 |
15. | Хэльсынкі | 2500 | 1,58 | 33 |
16. | Стакгольм | 2200 | 1,36 | 33 |
17. | Тайпэй | 1100 | 0,68 | 32 |
18. | Окленд | 1400 | 0,87 | 31 |
19. | Масква | 950 | 0,61 | 31 |
20. | Барсэлёна | 1900 | 1,25 | 30 |
Менск у гэты рэйтынг нават ня трапіў – беларуская сталіца мае надта малы індэкс бэнзабаку. А цяпер ён упаў яшчэ.
Сярэдні заробак у Беларусі вагаецца ў межах 1 мільёна беларускіх рублёў, што крыху больш за 300 даляраў. Гіпатэтычна гэтых грошай хопіць, каб заліць у машыну 350 літраў 95-га бэнзіну, які каштуе акурат 1 даляр за літар. Пры 50-літровай ёмістасьці — гэта 7 бакаў на месяц.