Чым Бэрдымухамэдаў адрозьніваецца ад Ніязава?

Выява Гурбангулы Бэрдымухамэдава ў цэнтры Ашгабаду

Які інтарэс мае Туркмэністан і ягоны лідэр Гурбангулы Бэрдымухамэдаў у Беларусі? Ці магчымыя пастаўкі туркмэнскага газу ў Беларусь? Якія зьмены адбыліся ў Туркмэністане пасьля прыходу да ўлады новага лідэра? На гэтыя пытаньні адказваюць экспэрты – супрацоўнік туркмэнскай службы нашага радыё Назар Худайбэрдыеў і расейскі журналіст Аркадзь Дубноў.



Дракахруст
: Даводзілася чуць, што Расея цалкам выкупіла ўвесь туркмэнскі газ. Калі гэта так, то што Туркмэністан можа прадаць Беларусі, нават калі будзе такое жаданьне?

Худайбэрдыеў: Расея павінна была паводле старога кантракту ў год імпартаваць з Турмэністану 50 мільярдаў
кубамэтраў, а з цягам часу – 80 мільярдаў кубамэтраў газу ў год. Але ў 2010 годзе "Газпром" зьбіраецца купіць толькі каля 10-11 мільярдаў кубамэтраў. Так што ў эўрапейскім накірунку ў Туркмэністана ёсьць магчымасьць павялічыць пастаўкі. Труба разьлічаная на 40 мільярдаў кубамэтраў у год. А паколькі "Газпром" купляе толькі 10-11 мільярдаў там у трубе ёсьць месца і для Беларусі, і для Ўкраіны, і для Эўропы.

Дракахруст: А як гэты газ можна экспартаваць у Беларусь? Праз расейскую трубу?

Худайбэрдыеў: Пры Ніязаве быў устаноўлены парадак – Туркмэністан прадае газ на сваёй мяжы. Хто і як далей яго будзе імпартаваць – пра гэта ў туркмэнскага кіраўніцтва галава не баліць, гэта праблема пакупніка.

Дракахруст: Куды Туркмэністан яшчэ пастаўляе свой газ?

Худайбэрдыеў: Праекты створаныя пры Ніязаве, ажыцьцявіліся ў апошнія месяцы. Я маю на ўвазе газаправод з Туркмэністану праз Узбэкістан і Казахстан у Кітай. Яго даўжыня больш за 7 тысяч кілямэтраў. Пакуль у Кітай ідзе толькі 5 мільярдаў кубамэтраў туркмэнскага газу. Плянуецца павялічыць да 40 мільярдаў кубамэтраў у год. Напачатку 2010 году адкрылі другую трубу ў Іран. Гэтая труба дазволіць экспартаваць 12 мільярдаў кубамэтраў. З 1997 году Туркмэністан экспартуе ў Іран 8 мільярдаў кубамэтраў. Сёлета гэты аб'ем можа вырасьці да 20 мільярдаў.

Дракахруст: А чым Беларусь, як гандлёвы партнэр, можа быць цікавай Туркмэністану?

Худайбэрдыеў: З савецкіх часоў у Туркмэністане вялікай папулярнасьцю карыстаецца беларускі трактар. Для сельскай гаспадаркі і для суровага клімату Туркмэністану вельмі падыходзяць беларускія трактары.
Апроч таго, на правым беразе Амудар’і хочуць збудаваць завод па вытворчасьці мінэральных угнаеньняў. Беларускія будаўнікі будуць будаваць гэты завод. Там побач Узбэкістан, Аўганістан, Таджыкістан.

Дракахруст: Якія зьмены ў грамадзкім жыцьці Туркмэністану адбыліся пасьля сьмерці Сапармурада Ніязава і прыходу да ўлады Гурбангулы Бэрдымухамэдава?

Дубноў
: За 3 гады пасьля сьмерці "дыямантавага вянца туркмэнскага народу", як у эпоху Ніязава афіцыйна называўся туркмэнскі дыктатар, адбылося шмат падзеяў, якімі новы прэзыдэнт спрабаваў дэманстраваць пачатак туркмэнскай "адлігі". Ён абяцаў зрабіць для туркмэнаў даступным Інтэрнэт, ён вярнуў, зрабіў законнымі опэру і балет, дазволіў дзейнасьць акадэміі навук. Ён пакрысе пачаў працэс дэсакралізацыі самога Туркмэнбашы. Пакрысе выводзіцца з абароту абавязковае карыстаньне і вывучэньне "Рухнамы", аўтарства якой прыпісвацца Ніязаву. Ён рабіў даволі шмат і ў першую чаргу на зьнешнепалітычным накірунку, дзе хацеў паказацца лідэрам новага пакаленьня – інтэлігентным адкрытым, прафэсійным. Тут варта прыгадаць ягоную публічную апэрацыю па выразаньні пухліны ў аднаго з няшчасных пацыентаў у туркмэнскім шпіталі. Гэта павінна было паказаць, што ён, паводле адукацыі ўрач-стаматоляг, можа лячыць і іншыя хваробы.

Гэта выклікае горкую ўсьмешку, але такое разуменьне прафэсіяналізму і цяперашняга туркмэнскага лідэра. Але ён здолеў рэальна дывэрсыфікаваць патокі туркмэнскага газу на сусьветныя рынкі. У параўнаньні са сваім папярэднікам ён паказаў сябе даволі разумным палітыкам.