АДС хоча пашырацца

Асноўныя крытэры кампаніі па правядзеньню мясцовых выбараў, якая пачалася 19-га студзеня, будуць вызначаныя на паседжаньні Палітрады Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі. Яно адбудзецца ў Менску ў нядзелю 24-га студзеня.
Пра гэта “Свабодзе” сёньня паведаміў кіраўнік Інфармацыйнага цэнтру АДС Юры Пацёмкін:

“Сустаршыні АДС прадставяць свае справаздачы па кожнаму канкрэтнаму кірунку дзейнасьці, якім яны займаліся. Будуць вызначаны пляны на 2010 год. Палітрада таксама разгледзіць заявы арганізацыяў “Маладая Беларусь” і “Саюз-Чарнобыль-Беларусь”, якія пажадалі далучыцца да кааліцыі”.

На сход запрошаныя і вядомыя палітыкі, грамадзкія дзеячы і экспэрты. Сярод іх – Андрэй Вардамацкі, Аляксандар Казулін, Уладзімер Колас, Станіслаў Шушкевіч, Аляксандар Ярашук ды іншыя.

Запрашэньні наведаць паседжаньне накіравалі і ў 15 дыпляматычных прадстаўніцтваў, уключаючы краіны Эўразьвязу, ЗША і Расеі.