Супрацоўнікі міліцыі затрымалі 46 актывістаў неафіцыйнага Саюзу палякаў пад кіраўніцтвам Анжалікі Борыс. Гэта адбылося па дарозе ў Івянец, куды актывісты арганізацыі накіроўваліся для падтрымкі кіраўніка Дома польскага Тэрэсы Собаль. Усе затрыманыя былі дастаўлены ў Валожынскі РАУС, дзе ў іх перапісалі пашпартныя зьвесткі і адпусьцілі праз тры гадзіны. Шэсьць кіроўцаў аўтамабіляў былі вызваленыя толькі пасьля ўмяшальніцтва польскага дыплямата.
Актывісты Саюзу палякаў пад кіраўніцтвам Анжалікі Борыс з розных рэгіёнаў краіны намерваліся удзельнічаць у сходзе Івянецкай арганізацыі СПБ, ініцыяваным праўладным Саюзам палякаў. Ён быў заплянаваны для зьмены кіраўніцтва Дома польскага. Каб гэтага не дапусьціць, з 19 студзеня ў Доме польскім у Івянцы ўвесь час знаходзяцца Тэрэса Собаль, лідэр непрызнаванага ўладамі Саюзу палякаў Анжаліка Борыс і іншыя актывісты аб’яднаньня. Яны заявілі, што ня маюць намеру добраахвотна пакідаць будынак.
18 сьнежня 2009 года адносна Тэрэсы Собаль была распачата крымінальная справа. Яе вінавацяць ва злоўжываньнях пасьля атрыманьня ў 2004 годзе матэрыяльнай дапамогі ад кіраўніцтва СПБ. З гэтай прычыны кіраўніцтва праўладнага Саюзу палякаў выключыла Собаль са складу аб’яднаньня і прызначыла на 21 студзеня сход Івянецкай арганізацыі СПБ для выбараў новага кіраўніцтва Дома польскага, паведамляе БелаПАН.