Нацыянальны статыстычны камітэт агучыў папярэднія вынікі перапісу насельніцтва Беларусі, які ладзіўся ў кастрычніку 2009 году. Абвешчана, што за апошнія 10 гадоў колькасьць грамадзянаў Беларусі зьменшылася на 5,5% і складае цяпер блізу 9,5 мільёна чалавек (падчас папярэдняга перапісу ў краіне пражывала больш за 10 мільёнаў).
Пры гэтым відавочная міграцыя зь вёскі ў горад — прапорцыя на карысьць гараджанаў складае 74%, тым часам як у 1990-х яна не дасягала і 70%. Дадзеных адносна таго, якую мову жыхары Беларусі назвалі роднай, а таксама навацыі кшталту колькасьці кампутараў у сям’і, крыніцаў прыбыткаў і г.д., будуць агучаныя ўвосень.
Суадносіны вясковага і гарадзкога насельніцва ў 1999 і 2009 гадах
Суадносіны агульнай колькасьці насельніцва ў 1999 і 2009 гадах
Ці ня самае адметнае ў апошнім перапісе — імклівае скарачэньне сельскага насельніцтва. Калі колькасьць гараджанаў перавысіла 7 мільёнаў чалавек, то на вёсцы жывуць менш за 2,5 мільёна беларусаў. Тым часам гарадоў з колькасьцю насельніцтва больш як 100 тысяч чалавек ужо 13, а Менск за дзесяцігодзьдзе прырос амаль 150 тысячамі новых жыхароў (усяго ў сталіцы налічылі 1 мільён 828 тысяч чалавек). На думку кіраўніцы грамадзянскай кампаніі “Наш дом” Вольгі Карач, такая статыстыка мае цалкам лягічнае тлумачэньне:
“Найперш прычына ў адсутнасьці пэрспэктываў на вёсцы. Зразумела, што людзі, якія больш мабільныя, асабліва моладзь, якая яшчэ не сьпілася і хоча нешта пабачыць, атрымаць ад гэтага жыцьця, уцякае зь вёскі. Па-другое, праца на вёсцы і ў горадзе — проста непараўнальныя рэчы. Калі ты жывеш на вёсцы, то так ці іначай вымушаны працаваць ледзьве ня круглыя суткі. У горадзе ўсё ж прасьцей. Што немалаважна — камунальныя ўмовы ў вёсцы значна горшыя, чым у вялікіх гарадах. І зразумела, што калі людзі пачынаюць аб’ектыўна разважаць — як працаваць менш і атрымліваць за гэта больш — цалкам натуральным выйсьцем бачыцца проста пераезд у большы
Людзі шукаюць зачэпак, каб любым шляхам трапіць у “саладзейшыя” ўмовы жыцьця.
Паводле кіраўніка статыстычнага ведамства Ўладзімер Зіноўскага, цяпер супрацоўнікі камітэту апрацоўваюць пэрсанальныя дадзеныя, атрыманыя падчас перапісу. Працы плянуецца завяршыць да 1 верасьня 2010 году, пасьля чаго будуць агучаныя канчатковыя вынікі адносна агульнай колькасьці насельніцтва з разьмеркаваньнем паводле складу і разьмяшчэньня па рэгіёнах, а таксама ўзроўню адукацыі і крыніцаў існаваньня. Тады ж агучаць і моўную статыстыку.
Варта нагадаць, што падчас перапісу нават афіцыйныя СМІ вялікую ўвагу надалі моўнаму пытаньню. Тэлеканалы трансьлявалі паход перапісчыцы ў сям’ю Аляксандра Лукашэнкі, які павінен быў стаць узорам для электарату і ў справе вызначэньня моўнага прыярытэту. Лукашэнка адзначыўся поўным дэмакратызмам, заявіўшы, што роднай мовай лічыць беларускую, расейскай не цураецца, а ў побыце карыстаецца нават трасянкай.
Падчас перапісу 10-гадовай даўнасьці беларускую мову роднай назвалі 73% жыхароў Беларусі. У які бок можа быць адкарэктаваная гэтая лічба па выніках чарговай кампаніі? У Нацыянальным статыстычным камітэце прагнозаў наконт гэтага ня робяць, раячы патрываць да восені. У староньніх назіральнікаў аптымізм на гэты конт цалкам канкрэтны. Як лічыць старшыня Таварыства беларускай мовы імя
Нацыянальная сьвядомасьць у беларусах хоць ня шпаркімі тэмпамі, але абуджаецца.
“Па ідэі, лічба павінна быць крыху большая — мяркуючы паводле палітычных і іншых фактараў. Вядома, станоўчы для людзей і прыклад Лукашэнкі. Думаю, яму зараз ня выгадна паказваць нейкае рэзкае паніжэньне ўжываньня мовы. Зь іншага боку, калі перапіс сапраўдны, то моўная сытуацыя павінна палепшыцца. Прынамсі, што тычыцца роднай мовы. Па той мове, на якой дома размаўляюць, могуць быць самыя розныя варыянты — ад 20 да 40%. А вось што тычыцца роднай мовы, то, мяркую, лічба павінна нават вырасьці. Бо самасьвядомасьць людзей за гэты час таксама паднялася. Дый сам факт выступу прэзыдэнта — гэта ж ня проста так, на роўным месцы. Таму, напэўна, яны і лічбы гэтыя не сьпяшаюцца называць. Можа, яны іх трошкі нават падправяць у наш бок. Бо ў нас лічбу налева, лічбу направа — раз плюнуць. Але пачакаем восені…”
Яшчэ адной адметнасьцю кампаніі можна назваць “гендэрны перакос” у беларускім грамадзтве: перапісам улічана 4 мільёны 423 тысячы мужчынаў і 5 мільёнаў 66 тысяч жанчын. Жанчын больш, чым мужчын, як у гарадах, так і ў сельскай мясцовасьці.