Гімн МУС: “Шмат слаўных традыцый...”

Беларуская міліцыя выбірае сабе гімн. На афіцыйным сайце МУС апублікаваныя тры тэксты. Як ацэньваюць гімн музыкі і літаратары ды былыя міліцыянты?
«Шмат слаўных традыцый, многа заўважных падзеяў у гісторыі, шмат яскравых атрыбутаў ёсьць у нашай міліцыі. Не хапае, відаць, аднаго, але вельмі важнага – свайго гімна. Гэтую хібу пажадана запоўніць цудоўнымі радкамі і музыкай», тлумачаць перадгісторыю газэта «На страже».

Вось “цудоўныя радкі” аднаго з варыянтаў прапанаваных тэкстаў:

МУС спрыяе ўсіх службаў адзінству,
Што на варце Закона і праў.
Гэта цэнтр барацьбы са злачынствам –
Міністэрства ўнутраных спраў.


На думку старшыні Беларускага ПЭН-цэнтру Андрэя Хадановіча, паэта і перакладчыка, мастацкія вартасьці тэкстаў патэнцыйных гімнаў адпавядаюць роўню першай спробы пяра. Прычым спробы няўдалай:

“Згадваецца эпізод, калі ў конкурсе удзельнічалі некалькі сувораўцаў. І адзін суворавец, напісаўшы Санэт пра каханьне, патлумачыў: тут начальства загадала напісаць твор. Дык як чалавек дысцыплінаваны, сеў і напісаў пра каханьне. Хочацца верыць, што ў міліцыі – людзі дысцыплінаваныя, атрымалі загад, селі і напісалі колькі варыянтаў. Але калі я на хвілінку ўяўляю, што гэта пісалі людзі, якія спрабуюць зарабляць гэтым грошы, так званыя прафэсійныя літаратары, то мне становіцца вельмі сумна. Ці наадварот: гістэрычна-весела”.

Уласна ідэя стварэньня гімну МУС маёру міліцыі ў адстаўцы Аляксандру Мікуліну падаецца слушнай:

“Ідэя-та добрая. Таму што стрыжань маральны мусіць быць у супрацоўнікаў. Каб не было такіх негатыўных праяў, як здараецца. Калі міліцыю ўспрымаюць як палку: некага яна выратуе, некага пакарае... А калі ў міліцыянта ёсьць маральны стрыжань, ён сваю місію інакш разумее і да абавязкаў інакш ставіцца. Але трэба інакш ставіцца да гімна. Што гэта такое – кінулі і выбірайце з трох. Так нельга. Уласна добрая ідэя будзе сапсавана”.

Тэксты – тры. Называюцца па-рознаму: Марш супрацоўнікаў органаў унутраных спраў Беларусі, Марш міліцыі Беларусі і Песьня супрацоўнікаў беларускага МУС.

На беларускай мове толькі адзін варыянт – апошні. Ён пачынаецца такімі радкамі:

“Ёсьць будынак у цэнтры сталіцы
Бачыў кожны яго беларус
Людзі кажуць, што гэта міліцыя,
Але ў доме разьмешчана МУС”.


На думку маёра Мікулава, радкі пазбаўлены вартасьцяў, якія б дазволілі назваць гэта гімнам:

“Прабачце, - хто гэта пісаў???Там няма ні думкі, ні пачуцьцяў... Там нейкі набор слоў. Будынак... Прычым тут будынак? Што мы наагул хочам гімнам данесьці? Што недзе ў цэнтры сталіцы ёсьць будынак МУС? Я, ўласна кажучы, колішні супрацоўнік МУС, я цяпер на пэнсіі... І ў душы, у душы мне непрыемна гэта было чытаць гэта, ведаеце... Ні розуму, ні сэрцу”...

Аўтарства тэкстаў у тэксьце не пазначана, магчыма дзеля аб’ектыўнасьці ацэнак чытачоў. У прэсавай службе МУС падрабязнасьцяў высьветліць не ўдалося – адказнага чыноўніка на месцы не аказалася.

На думку музыкі і шоўмэна Віктара Шалкевіча, праблема ня толькі ў мастацкіх вартасьцях тэкстаў. Недарэчна і няўцямна, на ягоны погляд, выглядае ўласна конкурс:

“Гэта марнаваньне грошай – гэта раз. І ўсё толькі пачынаецца. Па-другое – гэта ж трэба агучыць, стварыць музыку. Гэтую музыку трэба запісаць – зьняць студыю, заплаціць кучу грошай. Па-трэцяе, хто яе і дзе будзе выконваць – незразумела. Карацей, ніхто яго ня будзе ведаць. Гэтаму праекту наканаваны правал. Як апэльсін, які загінаецца на гародзе аграгарадка. І збоку неяк дзікавата выглядае”.

Гл. таксама: Беларуская міліцыя шукае гімн