Беларускія нафтавыя заводы ў Мазыры і Наваполацку могуць сутыкнуцца зь недахопам сыравіны. Асабліва сур’ёзная сытуацыя — у Мазыры, куды расейскія пастаўшчыкі, калі на працягу бліжэйшых двух-трох дзён ня зьменіцца сытуацыя, будуць вымушаныя спыніць пастаўку нафты.
Падстава для магчымага рашэньня — адсутнасьць на 14 гадзін маскоўскага часу 13 студзеня пацьверджаньня аб'ёмаў з мазырскага прадпрыемства, сказаў “Свабодзе” прэсавы сакратар расейскай кампаніі “Транснефть” Ігар Дзёмін. Менавіта гэтая кампанія пампуе нафту на заводы ў Мазыры і Наваполацку.
Спадар Дзёмін тлумачыць:
“На Полацак у нас шмат пацьверджаньняў. Прынамсі ў нас наперадзе тыдзень няспыннай працы на Полацак. А ў Мазыр у нас заяўкі скончыліся, заканчваюцца, дакладней. І калі да канца тыдня ня будзе новых пацьверджаньняў, то нам ня будзе чаго пампаваць”.
Прадстаўнік кампаніі “Транснефть” удакладняе: “Мы нікога ў пампаваньні не абмяжоўваем. Мы пампуем аб’ёмы, якія ўжо пацьверджаныя. У нас ёсьць папярэдні заказ, які фармаваўся ў мінулым месяцы. Пасьля гэтага нашы кліенты пацьвярджаюць свае заяўкі. І затым мы ўступаем у фінансавыя дачыненьні з кампаніямі. То бок мы бярэм зь іх грошы па выніках пампаваньня”.
Спадар Дзёмін сказаў “Свабодзе” таксама, што “Транснефть” ня мае цьвёрда вызначаных тэрмінаў пацьверджаньня неабходнай для таго ці іншага прадпрыемства нафты. Таму заяўка на новыя аб’ёмы нафты можа прыйсьці ў любы момант.
Марына Касьцючэнка, прэсавы сакратар канцэрну “Белнафтахім”, кажа, што сытуацыя з пастаўкамі расейскай сыравіны па-ранейшаму стабільная:
“Нічога не зьмянілася. Усё як было, так і ёсьць. Мы не камэнтуем усе гэтыя чуткі — на колькі хопіць ці на колькі ня хопіць. Нафта паступае”.
Экспэрты называюць такія лічбы: магутнасьці абодвух заводаў у Беларусі разьлічаныя на перапрацоўку 30 тысяч тон сырой нафты на суткі на кожным заводзе. Беларусь можа за дзень здабываць ня больш як 5 тысяч тон уласнай нафты. І калі Расея спыніць свае пастаўкі, то гэта можа скончыцца катастрофай для нафтавага комплексу краіны.
Экспэрт у галіне энэргетыкі Станіслаў Гусак канстатуе: падобныя пагрозы насамрэч ёсьць. Ён лічыць, што расейскую нафту трэба паступова мяняць на сыравіну зь іншых рэгіёнаў. Ёсьць, напрыклад, прывабная схема: Ільічоўск — Броды — Мазыр. Такі варыянт прапрацоўваўся, але дагэтуль ён так і ня дзейнічае.
Тым часам ні ў Маскве, ні ў Менску не называюць даты ўзнаўленьня беларуска-расейскіх перамоваў пра пастаўку нафты ў Беларусь у 2010 годзе. Ні прэсавы сакратар беларускага ўраду Аляксандар Цімашэнка, ні прэсавы сакратар Міністэрства энэргетыкі Расеі Ірына Есіпава, зь якімі я размаўляў сёньня, ня маюць інфармацыі пра пачатак новага раўнду перамоваў. Выглядае, што пасьля таго, як 9 студзеня першы віцэ-прэм'ер Беларусі Ўладзімер Сямашка вярнуўся з Масквы ні з чым, бакі вонкава не выяўляюць актыўнасьці.