Юрый Чыж, уладальнік групы кампаній “Трайпл”, фактычна абверг зьвесткі расейскай газэты “Ведомости”, паводле якіх адмова “Трайплу” ад будаўніцтва алімпійскага аб’екту ў Сочы зьвязаная з адмовай Расеі даць зьніжкі на экспартнае мыта на ўсю нафту, якая пастаўляецца ў Беларусь.
Юрый Чыж пацьвердзіў карэспандэнту “Комсомольской правды” в Белорусии”, што кампанія адмовілася ад будаўніцтва біятлённага стадыёна ў алімпійскім Сочы, але паведаміў, што гэта адбылося значна раней за нафтавы канфлікт Беларусі і Расеі.
“Не, гэта адбылося яшчэ летам. Канчатковае рашэньне мы прынялі ў жніўні”, — сказаў Юрый Чыж, паводле паведамленьня газэты ад 13 студзеня.
Між тым у службе кампаніі “Трайпл”, якая мелася займацца будаўніцтвам стадыёну ў Сочы, пакуль не камэнтуюць інфармацыю расейскай газэты “Ведомости”. “Магчыма, нешта скажам праз два дні”, — адказаў супрацоўнік службы, які прасіў не называць ягонага імя.
Паводле зьвестак, кошт гэтага аб’екту — 257 мільёнаў расейскіх рублёў, альбо каля 10 мільёнаў даляраў. Ужо заяўлена, што біятлённы стадыён у Сочы замест “Трайплу” будзе будаваць структура “Газпраму” і што новы праект стадыёну нібыта ўзгоднены зь Міжнародным алімпійскім камітэтам.