Экспэрты канцэрну “Белэнэрга” і расейскай кампаніі “Интер РАО ЕЭС” абмяркоўваюць сёньня ў Менску ўмовы транспартаваньня расейскай электраэнэргіі празь Беларусь у Калінінградзкую вобласьць і краіны Балтыі. Бакі пагадзіліся вырашыць праблему ў два этапы: спачатку выкажуцца экспэрты, а канчатковае рашэньне пасьля прымуць кіраўнікі прадпрыемстваў.
Умовы транзыту на 2010 год дагэтуль ня ўзгодненыя. Беларусь, паводле заяваў “Интер РАО ЕЭС”, настойвае на падвышэньні стаўкі транзыту ў 5,5 раза. Але Расея згаджаецца толькі на “нязначнае” павелічэньне.
Кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка сказаў “Свабодзе”, што жаданьне беларускага боку “разбагацець” на транспартаваньні электраэнэргіі — рэха старога міту, нібыта Беларусь можа жыць за кошт транзыту: “Усё гэта ідзе ад жаданьня зарабіць грошы ні на чым. Гэта тое, што часта заўважаюць у нашай краіне замежнікі: любоў да халявы”.
Экспэрт таксама дадаў, што прыбытак за транзыт электраэнэргіі, на які разьлічвае Беларусь, у шмат разоў меншы за прыбытак ад нафты: “Тут гаворка ідзе пра дзясяткі, у самым лепшым варыянце — пра сотні мільёнаў даляраў, а там — пра мільярды даляраў”.
Хаця ўмовы транзыту на 2010 год дагэтуль ня ўзгодненыя, Беларусь па-ранейшаму транспартуе электраэнэргію як у Калінінградзкую вобласьць, так і ў краіны Балтыі.
Аляксандар Карэцкі, кіраўнік прэсавай службы Акцыянэрнага таварыства “Янтарьэнерго” ў Калінінградзе, паведаміў “Свабодзе”:
Ніякіх нэгатыўных наступстваў насельніцтва вобласьці ў дадзены момант не адчувае ...
“Калінінградзкая вобласьць забясьпечваецца электраэнэргіяй у тых жа рэжымах, што і раней. Ніякіх нэгатыўных наступстваў насельніцтва вобласьці ў дадзены момант не адчувае. Гэта тычыцца і прамысловасьці рэгіёну.
Я думаю, што тыя перамоўныя працэсы, якія цяпер адбываюцца, закончацца пасьпяхова з улікам інтарэсаў усіх бакоў”.
Дэпутат Калінінградзкай абласной думы Саламон Гінзбург кажа, што, наколькі ён ведае сытуацыю, урад вобласьці пакуль не атрымліваў ніякіх афіцыйных папярэджаньняў пра магчымае спыненьне паставак электраэнэргіі празь Беларусь.
гэтая праблема пакуль так і глядзіцца ...
“Я, шчыра кажучы, ня бачу тут вельмі высокую ступень актуальнасьці. Калі ўсё прааналізаваць, то гэтая праблема пакуль так і глядзіцца”.
Паводле расейскіх дадзеных, летась транзыт электраэнэргіі ў Калінінградзкую вобласьць празь Беларусь і Літву склаў 1,1 мільярда кіляват-гадзін. Амаль столькі ж атрымалі транзытнай энэргіі і краіны Балтыі.