Памёр ксёндз Ёзас Булька

Ёзас Булька
Сёньня ня стала вядомага каталіцкага ксёндза Ёзаса Булькі, які служыў у Мосары Віцебскай вобласьці. Ён памёр на 85-м годзе жыцьця ў адной зь менскіх лякарняў пасьля паўторнай апэрацыі на сэрцы. Пахаваньне сьвятара адбудзецца 11 студзеня ў 11 гадзін у вёсцы Мосар.

Ксёндз Ёзас, які служыў у касьцёле Сьвятой Ганны ў вёсцы Мосар Глыбоцкага раёну, набыў вядомасьць у Беларусі найперш як змагар з пабытовым п’янствам і алькагалізмам. Зь ягонай ініцыятывы Ўдзелаўскі сельскі савет сёлета абвешчаны «зонай цьвярозасьці» — у тутэйшых вясковых крамах не гандлююць сьпіртовымі напоямі.

Шмат турыстаў прыяжджае ў вёску Мосар, каб паглядзець «беларускі Вэрсаль» — унікальны парк вакол касьцёла, створаны пад кіраўніцтвам ксяндза Ёзаса і зь яго непасрэдным удзелам. Яшчэ адзін ягоны праект увасоблены ў жыцьцё ў вёсцы Парыж Пастаўскага раёну — тут ўзьведзена свая «Эйфэлева вежа», 30-мэтровая мэталічная канструкцыя, якая на Каляды зьзяе каляровымі агеньчыкамі.

Сёлета беларускі ксёндз стаўся і героем буйнога палітычнага скандалу — у сродках масавай інфармацыі зьявіліся зьвесткі пра ягонае супрацоўніцтва з камуністычнымі спэцслужбамі ў Літве, дзе Ёзас Булька жыў і працаваў да таго, як стаць сьвятаром.

У Мосары ксёндз Ёзас працаваў каля 19 гадоў.