Справу Аўтуховіча і Асіпенкі перадалі ў Вярхоўны суд

Генэральная пракуратура перадала 30 сьнежня справу Мікалая Аўтуховіча і Ўладзімера Асіпенкі ў Вярхоўны суд Беларусі.
Пра гэта Свабодзе паведаміў адвакат Павал Сапелка. Пісьмовае паведамленьне пра перадачу справы ў суд П.Сапелка атрымаў 5 студзеня.

“Цяпер чакаем дзеяньняў Вярхоўнага суда. Там вялікі выбар дзеяньняў: ад спыненьня крымінальнай справы да прызначэньня даты суду. Цягам месяца павінны прыняць рашэньне”, сказаў П.Сапелка.

Апошні раз П.Сапелка сустракаўся з М.Аўтуховічам 31 сьнежня.

Мікалай Аўтуховіч і Ўладзімер Асіпенка былі арыштаваныя 8 лютага 2009 года паводле абвінавачаньня ў падпале дома міліцыянта ў Ваўкавыску. Пазьней іх абвінавацілі таксама ў падрыхтоўцы тэрактаў супроць старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанкі і намесьніка міністра падаткаў і збораў Васіля Камянко. Вядома, што Аўтуховіч і Асіпенка сваёй віны не прызнаюць. Цягам трох месяцаў прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч трымаў галадоўку, пратэстуючы супроць перасьледу, які тлумачыць помстай за антыкарупцыйную дзейнасьць.