Шаноўныя чытачы і слухачы Свабоды!
Перад Вамі мапа. Раскрыем яе на ўвесь экран. Мышкай зьменшым яе маштаб і атрымаем мапу вялікай і прыгожай плянэты Зямля. А на ёй убачым маленечкі кавалачак сушы ў бел-чырвона-белым колеры. Зноў жа колцам мышкі будзем павялічваць маштаб і набліжаць да нас гэты малюнак аж пакуль ён не ператворыцца ў мапу Беларусі — той прыгожай краіны, дзе Богам дадзена нам жыць. Жыць і змагацца за людзкае жыцьцё — незалежнае, заможнае,свабоднае. Вялікая бел-чырвона-белая кропля распадзецца на сотню меншых па ўсёй мапе. Як кроплі крыві на прыгожай, але пакуль несвабоднай краіне. І пад імі паўстануць Менск і Ворша, Віцебск і Бабруйск, Магілёў, Глыбокае, Друя, Маркаўка... Нашы гарады і вёскі, дзе людзі змагаліся апошнія трыццаць гадоў за свабоду і дэмакратыю. З памяцьцю пра Купалава «людзьмі звацца» аддавалі за гэтую ідэю свае жыцьці, траплялі ў турмы, ішлі пад дубінкі і сьлезацечны газ...
Мы стваралі гэтую мапу свабоды разам. Разам вывешвалі пакуль яшчэ віртуальныя мэмарыяльныя шыльды ў гонар падзеяў найноўшай гісторыі незалежнасьці і свабоды. На нашай мапе свабоды — сто адрасоў, пазначаныя шыльдамі. Клікнем на адрас (лінк зьлева) і адчынім тэкст шыльды з фотаздымкам месца падзеі. Затым клікнем на шыльду, і прачытаем пра падзею і яе герояў. Google maps дае нам магчымасьць таксама паглядзець на тыя месцы, дзе адбываліся акцыі пратэсту супраць дыктатуры, акупацыі, за свабоду, і са спадарожніка.
Зямля — Эўропа — Беларусь...
Краіна нашай надзеі і барацьбы.
Найноўшая геаграфія і гісторыя свабоды.
УСЕ ПЕРАДАЧЫ ЦЫКЛЮ
100 АДРАСОЎ СВАБОДЫ. КОНКУРС
ВЯЧАСЛАЎ РАКІЦКІ. МАЕ 10 АДРАСОЎ СВАБОДЫ