Хроніка крызісу: 27.12.09 – 02.01.10. Працяг будзе?

Бальшыня стратэгічных прадпрыемстваў Беларусі на час навагодніх сьвятаў згортвае вытворчасьць. Адміністрацыі заводаў задаволеныя вымушаным перапынкам, бо спыніцца можна легальна, не шукаючы адгаворак адносна прычыны прастояў. Па-ранейшаму далёкая ад стабільнай сытуацыя на буйных прадпрыемствах Менска. Эканамічны агляд навагодняга тыдня.

З 30 сьнежня бальшыня працаўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў адпачываюць пяць дзён — да 4 студзеня 2010-га. З улікам сьвятаў у студзені набярэцца ўсяго 18 працоўных дзён, што адрэзануе на заробках. Тэхнічны спэцыяліст Менскага падшыпнікавага заводу Андрэй Гардзейка кажа: за гэты час важна як мага больш прадаць вырабленай прадукцыі, таму заводзкія крамы будуць працаваць з большай актыўнасьцю, чым канвэер:

“У прынцыпе мы актыўна практыкуем рэалізацыю нашай прадукцыю праз нашу краму. Калі, дапусьцім, патрэбныя 2-3 ці 10 падшыпнікаў, можна прыехаць, і калі яны ёсьць у нас у наяўнасьці, рэальна іх набыць за наяўны разьлік. Бо што тычыцца Беларусі, то ў нас тут няма дыстрыбутараў. Проста ёсьць дамовы з асобнымі камэрцыйнымі арганізацыямі на невялікія сумы. Таму што сама Беларусь не такая ўжо вялікая па мерках, не параўнальных у Украінай, Казахстанам, ня кажучы ўжо пра Расею”.

У той час як кіраўнікі заводаў у роздуме — ці плаціць супрацоўнікам яшчэ і так званы 13-ы заробак — на заводзе бытавой тэхнікі “Атлант” грошы ўжо атрымалі. Праўда, тыя, якія былі абяцаныя яшчэ ў мінулым годзе:
13-ы заробак - 25 тысяч рублёў...

“25 тысяч рублёў! Увогуле цяжка патлумачыць, адкуль зьявілася такая сума. На пару кіляграмаў мандарынаў пад Новы год. У нас усе кажуць: поўны зьдзек, лепш ужо не давалі б увогуле. Як сабаку костку кінулі — грызіце. А самі фуршэты на 50-годзьдзе завода ладзілі. Адзінае, паабяцалі ад студзеня наладзіць нармальны вытворчы працэс. Дагэтуль на 2/3 працавалі, то бок атрымлівалася, што адна брыгада раз на два месяцы трапляла на такія ўмовы. А цяпер запэўніваюць: ад новага году ніякіх 2/3, будзем працаваць як мае быць. Мне якраз 4 студзеня на працу, паглядзім, чаго вартыя абяцаньні”.

На менскім “Мотавела”, куды прыйшоў аўстрыйскі інвэстар, справы ня ладзіліся нават у актыўны сэзон. У навагоднія дні калектыў кінуты на прыбіраньне сьнегу. Як кажа выканаўца абавязкаў генэральнага дырэктара Казімір Мароз, усе спосабы добрыя, калі трэба хоць нечым заняць людзей:

“Ужо фактычна другі год такая каніцель на прадпрыемстве цягнецца, але ў нас ніколі не было, каб мы выпраўлялі людзей у неаплачаны адпачынак. Калі нават і адпускаем, то з захаваньнем 2/3 заробку, як і прадугледжвае Працоўны кодэкс. А каб прасіць сваім коштам пагуляць — то не, няма такога. Пэрыядычна хтосьці скажае, што ў нас, маўляў, тысяча чалавек не працуе, але гэта ня так. Прастоі, у прынцыпе, былі. Але ж людзі атрымалі свае 2/3 акладу, 2/3 тарыфнай стаўкі — у каго там што. І то пару дзён такое было, а ў іншыя дні забіралі на прыбіраньне тэрыторыі ды ўсяго астатняга”.



Беларусь і Расея папярэдне дамовіліся ў справе паставак энэрганосьбітаў у 2010 годзе. Прадстаўнік канцэрну Сяргей Купрыянаў запэўніў, што Беларусь атрымае газ “па добрай цане”. Згодна з прэс-рэлізам “Газпрому”, “добрая цана” у першым квартале 2010-га – гэта блізу 168 даляраў за тысячу кубамэтраў. У 2009-м сярэдні кошт быў ніжэйшы на 11% -- каля 150 даляраў.

Сяргей Купрыянаў
“Праз адсутнасьць экспартнага мыта цана газу для Беларусі значна меншая, чым для іншых пакупнікоў расейскага газу, а загадзя ўзгоднены пераходны пэрыяд да больш высокіх цэнаў дазваляе адаптавацца беларускай эканоміцы”, — цытуецца кіраўнік расейскага холдынгу Аляксей Мілер.

Іншая справа з нафтай. Паводле віцэ-прэм’ера Расеі Ігара Сечына, праца над пагадненьнем ідзе ва ўмовах цэйтноту. Калі дакумэнт не падпішуць застанецца звычайны рэжым з выплатай афіцыйным Менскам 100% мытных плацяжоў. Незалежны эканаміст Леанід Злотнікаў адзначыў:

Леанід Злотнікаў
“Я думаю, што вайны ня будзе, бо формула цаны на газ вызначана даўно. А што тычыцца нафты, то Расея паабяцала ўвесьці мыта на нафту, якая ідзе на Захад у выглядзе нафтапрадуктаў. Але нашы будуць да апошняга адбівацца. Я думаю, што Расея як меркавала, так яна і ўвядзе гэтае мыта”.

Леанід Заіка
Паводле кіраўніка аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леаніда Заікі, чакаць “газавай” ці “нафтавай” вайны было б глупствам як для Крамля, так і для Менска, бо зусім нядаўна падпісалі пагадненьне аб Мытным саюзе.



Нацыянальны статыстычны камітэт паведаміў, што адмоўнае сальда зьнешняга гандлю таварамі за студзень-лістапад 2009 году склала 6 мільярдаў 376 мільёнаў даляраў. За той жа пэрыяд 2008 году гэты паказчык быў 5 мільярдаў 630 мільёнаў даляраў. У студзені – лістападзе 2009 году аб’ём замежнага гандлю таварамі паменшыўся на 34% параўнальна з аналягічным леташнім пэрыядам і склаў 44 мільярды 487 мільёнаў даляраў. За 11 месяцаў гэтага году экспарт паменшыўся на 38% да 19 мільярдаў 60 мільёнаў даляраў, імпарт — на 30% (да 25 мільярдаў 427 мільёнаў).

Сальда ў гандлі з краінамі СНД склалася адмоўнае ў памеры 7 мільярдаў 916 мільёнаў даляраў. Адмоўнае сальда ў гандлі з Расеяй -- на ўзроўні 8 мільярдаў 947 мільёнаў даляраў. Зьнешнегандлёвы абарот з краінамі далёкага замежжа паменшыўся на 32% і склаў 19 мільярдаў 767 мільёнаў даляраў.

Кульгае і бюджэт асобна ўзятага Менска. Амаль 75% запазычанасьці па плацяжах у гарадзкую скарбонку — ад дзяржаўных арганізацый. На 1 сьнежня запазычанасьць склала 17,8 мільярдаў рублёў. Найбольшыя сумы запазычылі:

  • Менскі завод шасьцерняў
  • Завод аўтаматычных лініяў імя Машэрава
  • Завод “Электроніка”
  • Завод спэцыяльнага інструмэнту і тэхналягічнага аздабленьня
  • Менскі прыборабудаўнічы завод.

Паводле дадзеных за студзень-лістапад 2009 году, аб’ём кансалідаваных прыбыткаў гораду забясьпечваўся сэктарамі эканомікі практычна ў роўных прапорцыях: дзяржаўны блёк — 49%, недзяржаўны — 51%. Чвэрць агульнага аб’ёму бюджэту за 11 месяцаў сфармавалі сплаты 5 арганізацыяў:

  • Газатранспартнае прадпрыемства “Белтрансгаз”
  • Сумеснае прадпрыемства “Лукойл-Беларусь”
  • Гарэлачны завод “Мінск-Крышталь”
  • Аб’яднаньне “Мінскэнэрга”
  • Апэратар электрасувязі “Белтэлекам”.



Беларускі ўрад усё глыбей улазіць у крэдытную залежнасьць. Намесьнік прэм’ер-міністра Андрэй Кабякоў паведаміў, што Кітай гатовы выдзеліць Беларусі блізу 6 мільярдаў даляраў: “Кітайскія партнэры прапануюць 5,7 мільярда даляраў крэдытных рэсурсаў, якія ёсьць патэнцыйнымі інвэстыцыямі ў асноўны капітал”, – сказаў віцэ-прэм’ер. Папярэдне прынятыя 14 праектаў, зь іх 3 – у транспартнай сфэры, 8 – у галіне энэргетыкі, 2 – у сфэры тэлекамунікацыяў і 1 – па будаўніцтве комплексу да чэмпіянату сьвету па хакеі 2014 году.

Банкі Расейскай Фэдэрацыі далі Міністэрству фінансаў Беларусі крэдыт агулам на 6 мільярдаў расейскіх рублёў. У ліку крэдытораў — уласна “Сбербанк”, карпарацыя “Банк разьвіцьця зьнешнеэканамічнай дзейнасьці”, “Газпромбанк” і “Альфа-банк”. Агентам па крэдыце прызначаны “Сбербанк”, тэрмін крэдыту акрэсьлены больш як на адзін год.

У паведамленьні “Сбербанку” гаворыцца, што Беларусь ёсьць важным гандлёва-эканамічным партнэрам Расеі: “Сындыкаваны крэдыт Беларусі, узычаны вядучымі расейскімі банкамі, будзе накіраваны на разьвіцьцё інтэграцыйных і каапэратыўных сувязяў паміж двума краінамі, садзейнічаць устойліваму росту эканомікі Рэспублікі Беларусь”.

Пляны на аказаньне Беларусі крэдытнай дапамогі былі агучаныя падчас нядаўняга візыту ў Менск кіраўніка “Сбербанка” Германа Грэфа. Напачатку сьнежня “Сбербанк” стаў уласьнікам 93% акцый «Белпрамбудбанку».



Чым яшчэ адзначыўся 2009 год для Беларусі, дык гэта ростам коштаў. Па выніках студзеня-лістапада Беларусь заняла другое месца сярод краін былога СССР па росьце спажывецкіх цэнаў. Цягам першага кварталу Беларусь першынявала, па выніках красавіка саступіла “пальму” Украіне, у чэрвені прапусьціла наперад Расею, але ў кастрычніку зноў апярэдзіла яе.

Ва Ўкраіне цэны вырасьлі з пачатку году на 11%, у Беларусі – на 8,7%, у Расеі – на 8%. Далей ідуць Казахстан (5%), Таджыкістан (4%), Армэнія (4,5%), Узбэкістан (4%), Грузія (3%) і Літва (1,5%). У Азэрбайджане цэны зьнізіліся на 0,1%, у Малдове – на 0,5%, Латвіі – на 0,7%, Кыргызстане – на 1%, Эстоніі – на 2%.

Урад і Нацбанк Беларусі падрыхтавалі праект сумеснай пастановы аб дзеяньнях па рэалізацыі прагнозных парамэтраў разьвіцьця эканомікі на 2010 год. Гэтыя парамэтры прадугледжваюць рост валавога ўнутранага прадукту на 11-13% і рост сярэдняга заробку да 500 даляраў. Эканаміст Леанід Злотнікаў перакананы, што ўраду ня ўдасца дасягнуць заплянаваных парамэтраў: фінансавы стан эканомікі складаны, страчаныя шмат якія рынкі, канкурэнтаздольнасьць беларускіх тавараў упала:

“Ведаючы сытуацыю ў эканоміцы, можна ацаніць гэтыя пляны як занадта аптымістычныя. Але наш прэм’ер заўсёды аптымістычны. Нагадаю, што роўна год таму назад, на пачатку сьнежня, ён заявіў, што да канца сьнежня мы лібэралізуем беларускую эканоміку. Але ўжо й год прайшоў, і канца-краю няма гэтай лібэралізацыі”.

Прэм’ер Сідорскі і віцэ-прэм’ер Кабякоў зноў заявілі пра актуальнасьць плянаў увесьці Беларусь у трыццатку лепшых краін паводле ўмоваў для вядзеньня бізнэсу і зблізіць беларускае заканадаўства зь міжнароднымі нормамі фінансавай справаздачнасьці. Спадар Сідорскі абяцаў таксама комплекс захадаў для падтрымкі недзяржаўнага сэктару эканомікі. Леанід Злотнікаў сумняецца ў рэальнасьці гэтых плянаў:
Так не бывае, каб з апошняга месца па сыстэме падаткаабкладаньня ў сьвеце ўзьняцца недзе ў сярэдзіну за адзін год ...

“Так не бывае, каб з апошняга месца па сыстэме падаткаабкладаньня ў сьвеце ўзьняцца недзе ў сярэдзіну за адзін год. Для гэтага патрэбныя радыкальныя лібэральныя рэформы. Адкуль яно возьмецца? Толькі ад таго, што ўрад будзе пагражаць кулаком прадпрымальнікам і дырэктарам, каб яны выканалі вызначаныя паказчыкі?”



Пад фініш 2009 году ў Менску сабраліся эканамісты. Арганізатарамі сустрэчы выступілі Беларускі эканамічны дасьледча-адукацыйны цэнтар і навукоўцы амэрыканскіх ВНУ, якія маюць беларускае паходжаньне. Адзін з арганізатараў, прафэсар эканомікі Ельскага ўнівэрсытэту (ЗША) Алег Цывінскі так пракамэнтаваў мэту сустрэчы:

Алег Цывінскі
“Асноўная мэта канфэрэнцыі — паказаць, што ў Беларусі ёсьць акадэмічныя эканамісты ўсясьветнага ўзроўню, і прывезьці ў Беларусь тых эканамістаў, якія працуюць за мяжой у лепшых унівэрсытэтах. І другое — гэта паказаць для эканамічнай супольнасьці Беларусі, што такое перадавая эканамічная навука. Сёньняшняя канфэрэнцыя — гэта зрэз самых лепшых эканамічных дасьледаваньняў — усё самае лепшае, што ёсьць у эканамічнай навуцы”.

Іншы арганізатар канфэрэнцыі, прафэсар эканомікі з ЗША Міхаіл Голасаў, кажа, што на месца правядзеньня канфэрэнцыі паўплывала іх беларускае паходжаньне. А пра зацікаўленасьць замежных дасьледчыкаў у супрацоўніцтве зь беларускімі эканамічнымі коламі ён паведаміў наступнае:

Міхаіл Голасаў
“Я б зманіў, калі б сказаў, што ў амэрыканскім эканамічным асяродзьдзі ўсе пільна сочаць за разьвіцьцём эканамічнай сытуацыі ў Беларусі. Такую канфэрэнцыю можна было б правесьці ў Ельскім унівэрсытэце, Гарвардзе, у Расейскай эканамічнай школе. Але мы сказалі, што хочам правесьці ў Менску. І гэта было ўспрынята вельмі станоўча”.

Плянуецца, што супрацоўніцтва перадавой міжнароднай супольнасьці зь беларускімі недзяржаўнымі і ўрадавымі коламі будзе арганізавана празь Беларускі эканамічны дасьледча-адукацыйны цэнтар, які ўзначальвае Павал Данэйка. Пра пэрспэктывы працы ён сказаў наступнае:

Павал Данэйка
“Існуюць пляны пра вялікі набор розных сэмінараў, навуковай, дасьледчыцкай працы, а праз год будзе яшчэ адна такая канфэрэнцыя. Зараз гаворка вядзецца пра тое, каб стварыць пляцоўку для эканамістаў, якія працуюць за мяжой, каб яны маглі частку свайго эканамічнага патэнцыялу вярнуць на радзіму”.

Гэта першая такога кшталту міжнародная эканамічная канфэрэнцыя, але яе плянуецца зрабіць штогадовай. Падобныя сустрэчы павінны стаць школай вывучэньня найсучасьнейшых дасягненьняў эканамічнай навукі для беларускага акадэмічнага асяродку.