Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў, што пытаньне будаўніцтва на Гарадзеншчыне першай беларускай атамнай электрастанцыі практычна вырашаная справа: “АЭС будзе збудаваная ў Астраўцы. Гэта адназначна”, -- канстатаваў кіраўнік краіны.
Пры гэтым беларускае кіраўніцтва спадзяецца, што лішкі электраэнэргіі можна будзе прадаваць на Захад, у прыватнасьці, у суседнюю Літву. Аднак намесьнік дырэктара дэпартамэнту палітыкі ўсходняга суседзтва МЗС Літвы Марыюс Гудзінас сьцьвярджае: Літва не зьбіраецца прывязвацца да беларускай АЭС, паколькі мае намер інтэгравацца ў агульную эўрапейскую энэргасыстэму. Тады як Беларусь “закальцавалася” на энэргасыстэме постсавецкага ўзору. А ад беларускага боку патрабуе выкананьня ўсіх нормаў падчас узьвядзеньня такога кшталту аб’ектаў:
“Наша пазыцыя такая: кожная краіна мае сувэрэннае права прымаць рашэньне на будаўніцтва атамных, гідра- ды іншых станцый. Але вельмі важна, каб усё гэта было ў адпаведнасьці зь міжнародным правам, двухбаковымі пагадненьнямі і любымі іншымі прававымі актамі. Вось менавіта гэтага мы ў першую чаргу патрабуем у выпадку зь Беларусьсю: каб будаўніцтва атамнай электрастанцыі на вашай тэрыторыі адбывалася ў рамках усіх існуючых пагадненьняў, у якіх удзельнічае ваша краіна. Зрэшты, тое ж самае Беларусь патрабуе ад нас”.