Сёньня Аляксандар Лукашэнка на сваёй прэсавай канфэрэнцыі так выказаўся наконт магчымых коштаў на газ і нафту ў 2010-м годзе:
«Яны нідзе не падаражэлі за гэта год, апроч як для Беларусі. І нам прапануюць на будучы год яшчэ вышэйшыя цэны на газ. Адпаведна, зыходзячы з пэўных формулаў, цэны і на нафту павінны вырасьці. Мы вымушаныя купляць гэты тавар, на жаль, толькі ў аднаго прадаўца. Дык калі гэты складнік расьце, куды дзенесься ад росту цэнаў?»
Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка на просьбу «Свабоды» так камэнтуе дадзенае выказваньне:
«Гэта палітычны правал Лукашэнкі. Заключаныя мытныя дамоўленасьці з Казахстанам і Расеяй пра адзіную прастору. Усясьветныя тэндэнцыі дастаткова спакойныя – падчас крызісу кошты падаюць, і ў гэтым сэнс крызісу.
І калі беларускі прэзыдэнт у гэтых варунках кажа, што Расея патрабуе вышэйшых цэнаў, то гэта яго асабістая віна. Гэта ён асабіста так загуляўся з Эўропай, Захадам, што Расея цяпер яму помсьціць альбо прынамсі ставіць яго на месца».