Ці пачнецца беларуска-расейская нафтавая вайна?

Віце-прэм’ер Расеі Сечын фактычна выступіў з ультыматумам на адрас Беларусі. Чаму бакі ня могуць дамовіцца ў нафтавым пытаньні? Ці адбудзецца абвастрэньне канфлікту пасьля Новага году? Якімі будуць цэны на газ наступным годам? На гэтыя пытаньні ў перадачы “Экспэртыза Свабоды” адказваюць журналістка газэты “Белорусы и рынок” Тацяна Манёнак зь Менску і намесьнік дырэктара Інстытуту краін СНД Уладзімер Жарыхін з Масквы.


Чаму бакі ня могуць дамовіцца ў нафтавым пытаньні?


Валер Карбалевіч
: “Пасьля паседжаньня вышэйшага дзяржсавету саюзнай дзяржавы віце-прэм’ер Беларусі Сямашка зь вялікім задавальненьнем паведаміў, што бакі пра ўсё дамовіліся, Расея ідзе на саступкі Беларусі ва ўсіх нафтавых і газавых пытаньнях. 8—9 млн. т. нафты Масква паставіць бяз мыта, а пра астатні аб’ём яшчэ трэба дамаўляцца. І Мядзьведзеў па выніках паседжаньня дзяржсавету сказаў, што даў даручэньне станоўча адказаць на розныя звароты беларускага боку ў нафтавай сфэры. То бок, здавалася б, пацьвердзіў вэрсію Сямашкі.

Але віце-прэм’ер Расеі Сечын дэзавуіраваў выказваньні свайго беларускага калегі і заявіў, што насамрэч бакі ні пра што не дамовіліся. Узьнікла традыцыйная, нават клясычная сытуацыя ў беларуска-расейскіх дачыненьнях: пасьля саміту бакі па-рознаму інтэрпрэтуюць прынятыя рашэньні. Дык пра што ж насамрэч дамовіліся прэзыдэнты? Чаму чарговы раўнд перамоваў дэлегацый Беларусі і Расеі ў нафтавым пытаньні стаўся безвыніковым?”

Тацьцяна Манёнак
: ”Я зразумела так, што прэзыдэнты прынялі рашэньне даручыць урадам дамовіцца пра ўмовы пастаўкі нафты. Хачу нагадаць, што бакі ўжо былі дамовіліся на ўзроўні намесьнікаў міністраў фінансаў. Меркавалася, што ўмовы пастаўкі расейскай нафты ў Беларусь, якія існуюць сёлета, будуць працягнуты цягам шасьці месяцаў 2010 году. Але кіраўніцтва Беларусі патрабавала ўвогуле адмовіцца ад мыта з пачатку наступнага году.

Гэтае пытаньне надзвычай важнае для беларускага бюджэту. Цяперашняя сытуацыя нагадвае сытуацыю канца 2006 — пачатку 2007 гадоў. Тое спэцыяльнае мыта, якое было тады вызначана, ня ёсьць клясычнае мыта. Гэта інструмэнт падзелу прыбытку ад продажу нафтапрадуктаў.

Нафтавае мыта і Мытны саюз


Манёнак: “Сёньня расейскія прапановы такія. Беларусь бяз мыта атрымоўвае толькі 5—6 млн. т. для ўласных патрэбаў мінус аб’ём уласнай здабычы Беларусі памерам 1,5 млн. т. Калі гэта будзе рэалізавана, то Беларусь павінна будзе дзяліцца з расейскім бюджэтам удвая большай сумай, чым гэтым годам. Цяпер беларуская дэлегацыя едзе ў Маскву, і днямі паспрабуюць дамовіцца”.

Уладзімер Жарыхін
: “Гэтая сытуацыя якраз патрабуе практычна рэалізоўваць, а ня толькі ўрачыста падпісваць мытныя дамовы, ствараць рэальны мытны саюз. Бо цяпер шмат якія мытныя тарыфы Беларусі і Расеі розныя.

Калі Беларусь забірае ўвесь прыбытак ад продажу нафтапрадуктаў сабе, то яна моцна выйграе, проста кажучы, не зарабляючы. Калі ў рамках Мытнага саюзу ўсё мыта будзе аднолькавае, то тады пытаньняў зусім ня будзе. Тады даходы, атрыманыя Беларусьсю ад продажу нафтапрадуктаў, будуць прапарцыйна дзяліцца на ўсіх сябраў Мытнага саюзу. А цяпер ідзе нармальны торг, і ня трэба драматызаваць і палітызаваць цяперашнія перамовы. Толькі трэба гэты торг весьці за зачыненымі дзьвярыма, а не на вачах зацікаўленай замежнай публікі”.

Карбалевіч: “Але калі не ўдалося вырашыць праблемы мыта ў рамках мытнага саюзу Беларусі і Расеі, то вырашыць іх у рамках саюзу трох дзяржаў (Беларусі, Расеі, Казахстану) будзе яшчэ больш складана”.

Жарыхін: “Калі аб’яднаньне абвяшчаецца мытным саюзам, а мыта застаецца розным, то насамрэч ніякага мытнага саюзу няма”.

Манёнак: “Хачу ўдакладніць. Цяпер у Беларусі і Расеі аднолькавае мыта на нафту і нафтапрадукты. Акрамя таго, утварэньне Мытнага саюзу не вырашае пытаньня аднолькавых цэнаў. Гэтае пытаньне можа вырашыцца ў рамках стварэньня Адзінай эканамічнай прасторы”.

Ці чакаць нафтавай вайны?


Карбалевіч: “Віце-прэм’ер Расеі Сечын у панядзелак заявіў, што калі дамова аб пастаўках нафты ня будзе падпісана да Новага году, то з наступнага году Беларусь будзе атрымліваць нафту з 100-працэнтным мытам. Фактычна гэта ўльтыматум.

А беларускае кіраўніцтва выкарыстоўвае зноў жа сваю клясычную схему перамоваў: браць партнэра на змор, даводзіць сытуацыю да крайняй мяжы, ставіць Маскву перад выбарам: альбо нафтавая вайна, альбо прымайце нашы ўмовы. Дык ці чакае нас рэмэйк нафтавай вайны пачатку 2007 году?”

Манёнак: “Для Расеі ёсьць прыярытэтны праект: Мытны саюз. Нафтавая вайна была б моцным ударам па гэтым праекце. Таму Масква будзе рабіць ўсё, каб яе ня здарылася, ісьці на саступкі. Менск гэта разумее і навязвае жорсткі торг. Амбасадар Расеі ў Беларусі Сурыкаў на нядаўняй прэсавай канфэрэнцыі адзначыў, што Маскве дастаткова нават пратаколу аб пастаўках нафты, можна і без дамовы. Больш за тое, РФ прапануе цягам двух месяцаў пастаўляць нафту ў Беларусь увогуле бяз мыта”.

Жарыхін: “Мне не падабаецца слова “вайна”. Жорсткія перамовы — гэта нармальная сытуацыя. І ня трэба ўносіць ваенную рыторыку ў жорсткія дзелавыя перамовы. Думаю, ніякай вайны ня будзе, бакі знойдуць кампраміс”.