Антыўтопія 2010: Аляксандар Рыгоравіч выйшаў у Інтэрнэт

poczobut

Мінулы год стаўся перш за ўсё годам рэальных перамог Аляксандра Лукашэнкі ў віртуальнай прасторы.

Усё пачалося з прыняцьця ў студзені ўказа прэзыдэнта “Аб мерах па ўдасканаленьні выкарыстаньня нацыянальнага сэгмэнта глябальнай кампутарнай сеткі Інтэрнэт” і ўвядзеньня шэрагу зьменаў у крымінальнае заканадаўства.

Аналітычна-інфармацыйны цэнтар Адміністрацыі прэзыдэнта быў ператвораны ў спэцслужбу “Камітэт па наглядзе за выкарыстаньнем сучасных тэхналёгій”, які ў народзе хутка празвалі “Камітэтам Х”. Ужо ў лютым пачалася інвэнтарызацыя ўсіх кампутараў у краіне. Адначасова камітэт разам з адмыслова створанай службай бясьпекі “Белтэлекаму” пачаў весьці маніторынг беларускага сэгмэнта Інтэрнэту.

На базе “Советской Белоруссии” быў створаны супэр-мега-наварочаны інтэрнэт-партал (не паверыце, але там ёсьць нават лёгкая эротыка), наведвальнасьць якога, паводле дадзеных лічыльніка “Акавіта”, складае ў сярэднім мільён унікальных заходаў у суткі.

Дасягнуты такі вынік, як гэта прынята ў Беларусі, з выкарыстаньнем адміністрацыйнага рэсурсу.

У маі 2010 году выдадзена негалоснае распараджэньне аб тым, што ўсе дзяржслужачыя абавязаны прынамсі раз на суткі наведаць гэты партал з працы і два разы з дому.

Акрамя таго, на ўсе кампутары ў дзяржаўных установах у якасьці стартавай старонкі быў пастаўлены менавіта прэзыдэнцкі партал.

(Гэтае ноў-хаў належыць самаму Паўлу Ізотавічу)

Супрацоўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў і іншых дзяржустановаў у выпадку калі маюць кампутар дома, таксама абавязаны прынамсі раз на суткі наведваць “прэзыдэнцкі партал”.

За выкананьнем гэтага сочаць супольна аддзелы ідэалёгіі і “Камітэту Х”.

— А што, заходзім — інакш з працы звольняць, — тлумачаць няшчасныя.

Аддзелы ідэалёгіі супольна з службай інфармацыі “Камітэту Х” правялі масавую інфармацыйную кампанію. Падчас яе былі абнародаваны вынікі спэцыяльнага дасьледаваньня Акадэміі Навук, якія бясспрэчна давялі сувязь псыхічных захворваньняў і наведваньня сайтаў “Хартыя 97” і “Белорусский Партизан”.

Ад імя грамадзкага таварыства “Бацькі за псыхічнае здароўе сваіх дзяцей” быў пададзены зварот у парлямэнт пра заканадаўчую забарону шкодных сайтаў. Гэтая ініцыятыва была аднагалосна падтрымана дэпутатамі. У выніку ў верасьні 2010 году “Белтэлекам”, нягледзячы на пратэсты сусьветнай грамадзкасьці, заблякаваў доступ да “Хартыі-97” і “Белорусского Партизана” з тэрыторыі Беларусі.

За прасунутымі, якія ведаюць, што такое “проксі”, вядуць назіраньне “Камітэт Х”, служба бясьпекі “Белтэлекама” ды спэцыяльны інтэрнэт-філіял вядомага дурдома “Навінкі”.

Посьпехі дзяржыдэалёгіі ў Інтэрнэце перавысілі ўсе спадзяваньні. Справа дайшла да таго, што напрыканцы году Аляксандар Лукашэнка ўпершыню самастойна выйшаў у інтэрнэт.

Гэтая падзея трансьлявалася ў прамым эфіры ўсімі тэлеканаламі.

— Мне тут некаторыя казалі, што ў інтэрнэце анархія, а я паглядзеў — нічога. Усё нармальна. Поўны парадак, — задаволена заявіў Аляксандар Рыгоравіч.

У сваім навагоднім віншаваньні, якое ўпершыню трансьлявалася на прэзыдэнцкім партале, Аляксандар Лукашэнка паабяцаў краіне ў 2017 годзе паказаць апошняга апазыцыянэра.