Сучбелліт у сыходзячым 2010-м

asia-paplausk

Паспрабую падвесьці літаратурныя вынікі сыходзячага 2010 году. Было як станоўчае, так і адмоўнае: як тое заўжды ў жыцьці. Але напярэдадні сьвята хочацца падсумаваць тое добрае, што возьмем з сабой у надыходзячы 2011 год.

Беларуская літаратурная і калялітаратурная грамада прызнала існаваньне літаратурнай журналістыкі. Зьявіліся маладыя амбітныя актыўныя літжурналісты — гэта ня можа ня радаваць.

Пасьпяхова разьвіваецца і кніжны агляд (яшчэ год таму мы пра гэта толькі марылі). На старонках газэт, часопісаў, на сайтах — якасныя, яркія агляды літаратурных журналістаў, крытыкаў. Думаю, гэты пэрспэктыўны кірунак неўзабаве стане адным з самых запатрабаваных: кароткія формы самыя чытэльныя сёньня — ні для кога не сакрэт.

Сыходзячы год багаты на кнігі актуальных літкрытыкаў: Ірыны Шаўляковай, Лады Алейнік, Ціхана Чарнякевіча… Выдалі крытычныя зборнікі і пісьменьнікі Міхась Южык ды Віка Трэнас.

Істотнай падзеяй у літаратурным жыцьці краіны сталі рэгулярныя сэмінары для літаратуразнаўцаў, літкрытыкаў ды літжурналістаў, што ладзіць рэдакцыя літаратурна-мастацкага часопіса “Дзеяслоў”. Майстар-клясы ад майстроў крытычнай думкі Ірыны Шаўляковай, Ганны Кісьліцынай, Лады Алейнік, Міхася Тычыны ды іншых вельмі карысныя як для крытыкаў-пачаткоўцаў, так і для маладых пісьменьнікаў.

Пашыраюцца міжнародныя кантакты беларускіх літаратураў. Шматлікія міжнародныя літаратурныя фэстывалі, што адбыліся сёлета, сьведчаць пра актыўнае ўключэньне сучбелліту ў міжнародны кантэкст.

Літаратурны журналіст, кніжны аглядальнік Ася Паплаўская.