Рэвалюцыя індывідуалістаў

iten

У гэтым годзе я быў шчасьлівы, і гэта самае галоўнае. А цяпер пра краіну і сьвет.

Калісьці, у 19 стагодзьдзі, вялікі пісьменьнік суседняй Расіі Салтыкоў-Шчадрын, апісваючы атмасфэру ў Расійскай імпэрыі, сказаў так: “Жыць можна, але агідна”. Ужо гадоў 15 апісаньне жыцьця ў Беларусі супадала з гэтай цытатай з клясыка.

Але сёлета ў краіне стала лягчэй дыхаць усім тым, хто ня проста ў ёй жыве, а яшчэ і мае адвагу думаць і перажываць за тое, што адбываецца. У Беларусі адбылася рэвалюцыя індывідуалістаў: грамадзяне ўсьвядомілі, нарэшце, вельмі простую думку, што іх надзеі і чаканьні, жаданьне самавыяўленьня, рознага роду запатрабаваньні маюць поўнае права на існаваньне і не патрабуюць санкцыі дзяржавы. Раптам шмат хто зь беларусаў пачаў змагацца за свае індывідуальныя правы, выставіўшы калектыўныя патрабаваньні. Усёмагутная беларуская дзяржава не змагла нічога зрабіць з гэтай хваляй народнага індывідуалізму і ператварылася ў правільную дзяржаву.

Рэвалюцыя ў Беларусі стала апошняй “аксамітнай рэвалюцыяй” у Эўропе, выклікаўшы жывы водгук ва ўсім сьвеце: усе былі зьдзіўленыя тым, што рэвалюцыя прайшла без ахвяр. Вядомы пісьменьнік Віктар Марцінавіч напісаў па гарачым сьледзе раман “Каханьне пасьля дыктатуры”, уключаны адразу ж у школьную праграму.